Пад кодавай назвай “Каўказ”

Больш сарака гадоў таму нашаму земляку Мікалаю Пад’ялоўскаму давялося прымаць удзел у баявых дзеяннях у Егіпце падчас правядзення сакрэтнай аперацыі савецкіх войск пад кодавай назвай “Каўказ”.
План гэтай аперацыі — стварэння на тэрыторыі Егіпта (на той час — Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі) групоўкі савецкіх войскаў супрацьпаветранай абароны для аховы аб’ектаў ад налётаў ізраільскай авіяцыі — быў распрацаваны ў СССР у снежні 1969 года пасля таго, як з просьбай аб прамой ваеннай дапамозе звярнулася кіраўніцтва арабскай краіны. Нягледзячы на тое, што гэтыя дзеянні маглі значна абвастрыць савецка-амерыканскія адносіны, савецкі ўрад прыняў станоўчае рашэнне. У ходзе падрыхтоўкі да ажыццяўлення аперацыі “Каўказ” былі сфарміраваны ў нягласным парадку 18-я дывізія зенітна-ракетных войск асаблівага прызначэння, авіяцыйная і ваенна-марская групы.
Прызваны на армейскую службу з другога курса Жыліцкага саўгаса-тэхнікума ў 1970 годзе, пасля паспяховага заканчэння “вучэбкі” ў Мінску просты хлопец з Кіраўшчыны Мікалай Пад’ялоўскі трапіў у спякотную арабскую краіну, дзе вяліся баявыя дзеянні…
Шмат гадоў мінула з таго часу, не ўсё засталося ў памяці, але ён, рабяты, з якімі звёў лёс у гарачым Каіры, пранеслі праз усё жыццё пачуццё баявога братэрства і таварыскасці, незалежна ад таго, дзе хто зараз жыве, якую займае пасаду.
У леташнім чэрвені споўнілася сорак год пачатку вываду савецкіх войскаў з Егіпта і дэмабілізацыі Мікалая Пад’ялоўскага і яго таварышаў. Каб адзначыць гэтую дату, воіны-інтэрнацыяналісты сабраліся ў аднаго з сяброў у Дзяржынскім раёне: былы камсорг, зараз маёр у адстаўцы Мікалай Рудакоў з Мінска, прапаршчык у адстаўцы Дзмітрый Макарэвіч з Бабруйска, Сяргей Дзінскевіч з Фаніпаля, Сяргей Гендэль з Пружан, Анатоль Лятун з Узды, Мікалай Пад’ялоўскі з Кіраўска. Гэта была незабыўная сустрэча ветэранаў з успамінамі і слязамі на вачах…
Мікалай Баніфацьевіч Пад’ялоўскі, які зараз займае пасаду першага намесніка начальніка райсельгасхарчу, па просьбе рэдакцыі, дзеліцца сваімі ўспамінамі з чытачамі раённай газеты.
З успамінаў Мікалая Пад’ялоўскага
Для выканання інтэрнацыянальнага абавязку
“Вучэбку” я праходзіў у асобным вучэбным батальёне сувязі, дзе рыхтавалі тэхнікаў-механікаў тэлеграфнай спецапаратуры “ЗАС” (засакрэчаная апаратура сувязі). Пасля яе завершэння мяне, “новаспечанага” сяржанта, выклікалі ў штаб, дзе палкоўнік задаў “дзяжурнае” пытанне: “Ці жадаеце служыць у краіне з сухім і гарачым кліматам?” Затым — фатаграфаванне ў грамадзянскай вопратцы, камісія ў шпіталі са станоўчай адзнакай урачоў, зборны пункт у Маскве і, нарэшце, — горад Нікалаеў, апошнія прыгатаванні перад адпраўкай групы. Нас пераапранулі ў грамадзян-скую вопратку (туфлі, касцюмы, сарочкі з гальштукамі, берэты, а афіцэрам і звыштэрміновым — капелюшы). І 20 снежня 1970 года наша група з чатырохсот чалавек, у якую ўваходзілі не толькі сувязісты, але і ракетчыкі, лётчыкі, саветнікі, на цеплаходзе “Арменія” накіравалася да месца дыслакацыі пад выглядам турыстаў. Куды канкрэтна плылі — не ведалі. Памятаю, я вельмі шкадаваў, што, накіроўваючыся ў “працяглую камандзіроўку”, літаральна на некалькі гадзін размінуўся з бацькамі, якія прыехалі ў Мінск наведаць мяне.
Калі праплывалі праліў Басфор, Дарданелы, Міжземнае мора, з мэтай захавання сакрэтнасці місіі нам было забаронена днём выходзіць на палубу, бо раз-пораз над цеплаходам праляталі амерыканскія і турэцкія ваенныя верталёты.
23 снежня ўначы цеплаход прышвартаваўся ў парту г.Александрыя, і тады мы зразумелі, што наша служба будзе праходзіць у Егіпце.
Пагрузіўшыся ў эшалон, атрымалі сухія пайкі (стограмовы слоік соку манга, хлябцы і нейкія мясныя кансервы) і накіраваліся да месца службы. Ранкам цягнік спыніўся ў пустыні, дзе нас чакалі крытыя машыны, на іх мы прыбылі ў Каір.
Гінулі баявыя
таварышы…

Перад савецкім спецкантынгентам стаяла задача абараніць ад налётаў і бамбёжак ізраільскай авіяцыі жыццёва важныя аб’екты, насельніцтва арабскай краіны. Гэта г.Хелуан, дзе з дапамогай Савецкага Саюза быў пабудаваны металургічны камбінат, г.Асуан з яго плацінай, г.Александрыя, г.Каір і інш.
Для забеспячэння многіх стратэгічных пытанняў жыцця і дзейнасці ваенных саветнікаў, вядзення баявых дзеянняў войскаў супрацьпаветранай абароны і авіяцыі — як нашых, так і егіпецкіх, — быў створаны 812 вузел сувязі з пазыўным “Амулет” галоўнага ваеннага саветніка узброеных сіл Егіпта і камандуючага спецкантынгентам савецкіх войскаў у Егіпце генерал-палкоўніка В.В.Окунева. Мы забяспечвалі кругласутачную тэлефонную і тэле-графную сувязь, што дазваляла ў поўнай меры і з высокай якасцю выконваць пастаўленыя задачы.
За добрую работу нас дзякавалі пабываўшыя ў часці старшыня Савета Міністраў СССР А.М.Касыгін, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.В.Падгорны. Па нашых каналах сувязі размаўляў Л.І.Брэжнеў.
Наша дзейнасць праходзіла не толькі ў стацыянарных умовах. Часта прыходзілася выязджаць на разведку і пеленгацыю радыёлакацыйных станцый Ізраіля, уздоўж Чырвонага мора і Сінайскага паўвострава і перадачай дадзеных нашым авіяцыйна-знішчальным часцям. Ізраільскія радыёпеленгацыйныя часці пеленгавалі і нашу работу, затым наносілі ўдары ракетамі. Мы былі мабільнымі і выратоўваліся з-пад абстрэлу, але аднойчы ракета ўзарвалася паблізу апаратнай, і два чалавекі атрымалі асколачныя раненні. А ў адзін з чорных дзён ракета, выпушчаная з “Фантома”, накрыла разлік зенітна-ракетнага дывізіёна з 8 чалавек, з іх — двое братоў-блізнят з Украіны.
Неслі страты і нашы лётчыкі, паколькі спачатку не мелі баявога вопыту вядзення паветранага бою. Адзін раз пры выкананні баявога задання чацвёрку нашых самалётаў атакавалі восем ізраільскіх. Нашы лётчыкі збілі адзін “Фантом” і адзін “Міраж”, аднак былі збіты і два нашых знішчальнікі — рабяты загінулі.
Назапашаны вопыт баявых дзеянняў да-зволіў адпомсціць за смерць баявых таварышаў, было збіта на зямлі і ў небе больш 30 ізраільскіх самалётаў. Пасля гэтага ваяўнічы пыл ізраільскай авіяцыі патух.
У “Краіне з сухім
і гарачым кліматам” сумавалі аб радзіме

Свае цяжкасці прыносілі нязвыклыя для нас кліматычныя ўмовы. Па прыездзе ў Каір нас размясцілі ў палатцы. У гэты перыяд года надвор’е было кантрастным: ноччу — прахладна, а калі ўзнімалася сонца, станавілася душна. Слупок тэрмометра часам паказваў 55-56 градусаў. Асабліва было непрыемна, калі ў сакавіку задуваў хамсін — спякотны вецер, прыносячы з пустыні дробны пыл, які пранікаў у апаратныя, кубрыкі, адзенне, пясок скрыпеў на зубах. У перакладзе з арабскага хамсін — гэта пяцьдзесят, бо вецер доўжыцца менавіта пяцьдзесят дзён.
Часу на адпачынак адводзілася нямнога. Адным з галоўных заняткаў і сувяззю с Радзімай было кіно. Памятаю, калі ішоў фільм “Міравы хлопец”, на экране быў бярозавы гай і гучала песня: “Лишь только подснежник распустится в срок…”, на вачах многіх салдат блішчэлі слёзы…
Увогуле, калі ты далёка ад дома, што такое Радзіма, адчуваецца асабліва востра. Выкананне інтэрнацыянальнага абавязку ў Егіпце аб’яднала нас у адзінае цэлае, незалежна ад года прызыву. Выконваючы баявыя задачы, заўжды адчувалі падтрымку стараслужачых салдат. Інакш і не магло быць, бо твая памылка магла прывесці да гібелі баявых таварышаў…
Грыф сакрэтнасці зняты
Завяршылася мая служба ў Егіпце 14 чэрвеня 1972 года, калі цеплаход “Расія” ўзяў на свой борт тых, хто адслужыў устаноўлены тэрмін, і накіраваўся ў Севастопаль, дзе нам былі выдадзены камсамольскія і ваенныя білеты, з запісам “з 18 мая 1970 года па 19 чэрвеня 1972 года праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі”. Дамоў я прыбыў якраз да юбілею бацькі.
Грыф сакрэтнасці з аперацыі “Каўказ” у Егіпце быў зняты ў 1989 годзе, нас афіцыйна прызналі воінамі-інтэрнацыяналістамі, і ў ваенным білеце быў зроблены запіс “з 20 снежня 1970 па 19 чэрвеня 1972 знаходзіўся ў спецкаман-дзіроўцы ў Егіпце і прымаў удзел у баявых дзеяннях”.
Аб тых падзеях распавядае кніга “Грыф сакрэтнасці зняты”, выйшаўшая ў 2000 годзе, у якую ўвайшлі ўспаміны былых саветнікаў, камандзіраў, перакладчыкаў, салдат Савецкай Арміі, праліўшыя святло на многія падзеі спецаперацыі ў Егіпце.
Дасюль памятаецца Мікалаю Баніфацьевічу верш невядомага аўтара, напісаны ў тыя далёкія дні:
Земля стонала
от разрывов,
И засыпало всех
песком,
А с неба сыпались
ракеты,
Как сильный ливень
под Орлом.
Мы помним их и
не забудем,
Как не забудем
смертный бой,
Где нам пришлось,
двадцатилетним,
Пройти крещение
войной…
Падрыхтавала
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.