Сацыяльная адказнасць за якасць медыцынскіх паслуг

Аб здабытках, праблемах, шляхах павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ішла гаворка на выніковым сходзе работнікаў аховы здароўя раёна. Удзел у яго рабоце прынялі, выказалі шэраг заўваг і прапаноў па далейшым удасканальванні работы старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова. Не менш зацікаўлена прайшло абмеркаванне пытанняў, узнятых у справаздачным дакладзе галоўнага ўрача райбальніцы Алены Круцько, удзел у якім прынялі загадчыкі педыятрычнага аддзялення Вольга Кішковіч, тэрапеўтычнага — Галіна Пархамовіч, хірургічнага — Ігар Анашкевіч, загадчык Любоніцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Міхаіл Баўтовіч, галоўная медсястра райбальніцы Людміла Лазаковіч, намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Ігар Палякоў.
Мінулы год для калектыву райбальніцы быў дастаткова напружаным. Вялася мэтанакіраваная работа па рэалізацыі сацыяльных стандартаў, выкананні тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва раёна, Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных праграм. Летась на базе райбальніцы адбыліся выязная калегія і выязны анкалагічны савет упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама, праходзіў міжраённы савет Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў па туберкулёзу .
Пераважнымі накірункамі работы, адзначыла ў сваёй прамове Алена Круцько, было развіццё пярвічнай медыцынскай дапамогі, гэта — амбулаторна-паліклінічнае звяно, шырокае ўцягненне насельніцтва ў фарміраванне здаровага ладу жыцця, рэалізацыя комплексу мер па паляпшэнні рэпрадукцыйнага здароўя насельніцтва, ахове здароўя маці і дзіцяці. У цэлым работнікі аховы здароўя раёна імкнуліся забяспечваць насельніцтва даступнай і якаснай медыцынскай дапамогай, зніжаць узровень папераджальнай смяротнасці.
І тут, варта адзначыць, раённым медыкам ёсць чым ганарыцца: назіраецца істотнае зніжэнне смяротнасці насельніцтва, у тым ліку ў працаздольным узросце. Тэндэнцыю да росту, і гэта прасочваецца па паказчыках за апошнія 5 гадоў, мае нараджальнасць, а яе пік прыпадае якраз на 2012 год. Летась адзначана і самая нізкая за пяцігоддзе агульная смяротнасць. Гэта сведчыць і аб належным чынам пастаўленай рабоце медыкаў, і аб тым, што самі людзі сталі больш беражліва ставіцца да ўласнага здароўя. Вельмі паказальна, што раён за апошнія 4 гады не мае дзіцячай і мацярынскай смяротнасці.
А дзін з важных паказчыкаў — пасляаперацыйная лятальнасць пры вострых захворваннях брушной поласці. Пазалетась такі выпадак зарэгістраваны, у 2012 годзе — не было. Няма і выпадкаў адрыву ў лячэнні туберкулёзных хворых, якія знаходзяцца на кантралюемым амбулаторным лячэнні. У гэтым немалаважная заслуга медсястры кабінета Алены Белаглазавай, якая мае значны вопыт работы, працуе дакладна і адказна. Не было ў практыцы работ раённых медыкаў і выпадкаў суіцыдаў пацыентаў у перыяд знаходжання ў лячэбнай установе, хаця штогод у стацыянарах вобласці такія выпадкі надараюцца.
Усе сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя раёна вытрыманы. Сярод планавых паказчыкаў тэрытарыяльнай праграмы не выкананы аб’ём амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, уключаючы колькасць наведванняў урачоў і ўрачамі на даму. І хаця летась, як адзначыла ў сваім дакладзе галоўны ўрач райбальніцы, у параўнанні з папярэднімі гадамі яны спрацавалі нядрэнна, але ўсё роўна недацягнулі — атрымалі 98,8%. І менавіта ў гэтым накірунку — павелічэння аб’ёмаў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі — калектыву райбальніцы прадстаіць працаваць у бягучым годзе. І першыя станоўчыя зрухі ёсць. Так, палепшыліся паказчыкі лячэння пацыентаў у дзённым стацыянары. Задачай ставіцца да канца 2013 года выраўняць паказчыкі аб’ёму амбулаторна-паліклінічнай і стацыянарнай дапамогі.
Пакуль складана, заўважыла Алена Круцько, прывучыць пацыентаў адказна ставіцца да ўласнага здароўя, своечасова праходзіць абследаванне, пры хранічных захворваннях рэгулярна прымаць неабходныя лякарствы, не зацягваючы сітуацыю да крытычнай, калі неабходна тэрміновая шпіталізацыя. Акрамя таго, прасочваецца і пэўная сезоннасць шпіталізацыі, калі колькасць пажылых людзей, жадаючых пралячыцца ў стацыянары, узрастае з надыходам зімы. Задача медыкаў — працаваць з кожным пацыентам, прымяняць прагрэсіўныя формы лячэння. Гэта стацыянары на даму для хранічных хворых, дзённы стацыянар і г.д.
Не выкананы за мінулы год паказчык па аказанні хуткай медыцынскай дапамогі. Аднак яны да гэтага і імкнуліся, падкрэсліла прамоўца, стварылі пост неадкладнай медыцынскай дапамогі ў дзённы час, каб зменшыць нагрузку на «хуткую дапамогу». Пакуль жа з 20 вызавоў у сярэднім за суткі 4 прыходзяцца на дзённы час, і 16 — на начны.
Каб забяспечыць насельніцтва хуткай медыцынскай дапамогай, у райбальніцы пайшлі на змяненне графіка работы аўтамабіляў «хуткай дапамогі», удвая павялічыўшы колькасць машын для начных дзяжурстваў. Пажадана, каб пацыенты больш звярталіся ў паліклініку, да ўрачоў у дзённы час, больш рабілі вызавоў урачоў на дом, і нагрузка на “хуткую” істотна зменшыцца.
Алена Круцько адзначыла, што з года ў год медыкі стараюцца ахапіць як мага больш насельніцтва прафаглядамі. У 2012 годзе агледжана 96,4% насельніцва, асоб працаздольнага ўзросту — 99,5 % . Аднак неабходна працаваць над павышэннем якасці прафагляду, дыспансерызацыі насельніцтва ў цэлым, паколькі застаецца высокай ступень онказапушчанасці, перыядамі — часовай непрацаздольнасці, ёсць пацыенты з хранічнымі захворваннямі, якія паступаць у стацыянар у цяжкім стане.
Ахоп насельніцтва флюара-графічным абследаваннем у мінулым годзе быў на ранейшым узроўні — 95 % . Гэта няблага. Пагражальны абавязковы кантынгент абследаваны поў- насцю. Аднак і гэта не падстава для самазаспакаення, бо нягледзячы на праводзімую значную работу па флюаграфічным абследаванні, штогод выяўляюцца выпадкі ўстойлівасці да медыкаментознага лячэння туберкулёзу. Як правіла, гэта пацыенты яшчэ і асацыяльнага ладу жыцця, праблематычная іх шпіталізацыя. Аднак і з такім кантынгентам трэба працаваць, выяўляць, абследаваць і лячыць.
Пазабюджэтная дзейнасць дазволіла атрымаць 1295,8 млн. руб., у тым ліку ад аказання платных паслуг насельніцтву —1035,1 млн. руб. Тэмп росту платных паслуг склаў 106,4%. Праблематычным для райбальніцы заўсёды было выкананне экспарту паслуг. А ў 2012 годзе спрацавалі вельмі добра і ад экспарту паслуг атрымана 15,3 млн. руб. (370%).
Летась быў капітальна адрамантаваны дах паліклінікі, на што выдаткавана 434 млн.руб. бюджэтных сродкаў, у далейшых планах — рамонт паліклінікі, для гэтага заказана праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екту рэканструкцыя паліклінікі ў тры этапы, прафінансавана праектна-каштарысная дакументацыя па першым этапе (капрамонт двухпавярховага лячэбнага корпусу).
Кадравае забеспячэнне.
За справаздачны перыяд звольнілася 9 урачоў, два з іх — пенсіённага ўзросту. Працаўладкавалася 8 урачоў, у тым ліку 6 маладых спецыялістаў. Укамплектаваны пасады юрысконсульта і праграміста. Застаецца нерэалізаванай патрэба ва ўрачах- анэстэзіёлагах, рэаніматолагах, афтальмолагу.
Засяродзіўшы ўвагу на кадрах, Алена Круцько адзначыла, што адміністрацыя райбальніцы мэтанакіравана працуе над тым, каб маладыя спецыялісты не толькі прыбывалі ў раён, але і замацоўваліся тут. Летась 6 выпускнікоў школ раёна атрымалі накіраванне і паступілі ў профільныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя медыцынскія навучальныя ўстановы. Замацаваць іншагародніх маладых спецыялістаў больш складана: адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, яны вяртаюцца ў горад.
Прафарыентацыйная работа працягваецца, і на люты ў райбальніцы запланавана правядзенне дня адчыненых дзвярэй для старшакласнікаў раёна.
Падводзячы вынікі сказанаму ў дакладзе, Алена Круцько канстатавала:
—Зроблена нямала, але і праблем дастаткова. У сувязі з рэалізацыяй пілотнага праекта прадстаіць работа па далейшай аптымізацыі стацыянара, рэструктурызацыі сістэмы лячэбна-прафілактычных устаноў раёна. Ёсць чэргі ў рэгістратуры паліклінікі, пры заборы крыві на аналіз у працэдурным кабінеце. У вырашэнні гэтых праблем спадзяванні ўскладаем на рамонт і пераўладкаванне кабінетаў у паліклініцы, будзем мяняць сістэму падыходу да забору аналізаў у лабараторыі, памятаючы, што наша асноўная задача — аказанне даступнай і якаснай меддапамогі насельнітву.
Аператыўнага вырашэння праблемы з існаваннем чэргаў у райпаліклініцы запатрабаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, а ў пацвярджэнне вастрыні праблемы прапанаваў паглядзець прысутным фотаслайды, зробленыя ў паліклініцы раніцай гэтага ж дня, на якіх былі адлюстраваны вялізныя чэргі ў рэгістратуры, працэдурным кабінеце, дзе вёўся забор крыві на аналіз.
Неабходна правесці пераўладкаванне такім чынам, адзначыў старшыня райвыканкама, што калі ёсць патрэба мець два кабінеты для забора крыві, то іх столькі і павінна быць. Не варта за лічбамі выканання планаў забываць пра людзей!
Што датычыцца рэструктурызацыі сеткі лячэбна-прафілактычных устаноў раёна, то гэта — патрабаванне часу. Але праводзіць яе трэба ўзважана, не пагаршаючы якасці аказваемых медыцынскіх паслуг. Колькасць насельніцтва змяншаецца, у сувязі з гэтым упор робіцца на развіццё амбулаторна-паліклінічнага звяна. Зразумела, менталітэт нашага насельніцтва такі, што стацыянар успрымаецца як эталон якаснага лячэння. А трэба паказаць, што ёсць і іншыя формы медабслугоўвання, прычым, ніколькі не меншай якасці. Змяншэнне сеткі медустаноў павінна кампенсавацца ўзмацненнем жорсткасці кантролю за якасцю аказання паслуг іншымі сродкамі.
Сёлетні год, як вядома, аб’яўлены ў краіне Годам беражлівасці. У сувязі з гэтым Уладзімір Піскіжаў яшчэ раз нагадаў аб неабходнасці ўсямернага ашчаднага стаўлення да рэсурсаў. І, як адзін са спосабаў разумнай эканоміі, патрабаваў устаноўкі GРS-навігатараў на транспарце, адзначыўшы, што гэта не толькі эканомія паліва і рэсурсаў, але і ўхіленне выпадкаў махлярства.
У заключэнне сваёй прамовы старшыня райвыканкама выказаў агульнае задавальнене ад таго, што ў раёне па-ранейшаму ёсць зладжаны калектыў медработнікаў, які з разуменнем ставіцца да выканання пастаўленых задач, і пажаданне, каб прагучаўшая крытыка ўспрымалася як кіраўніцтва да дзеяння. І няхай самай высокай і прыемнай адзнакай работы і медыцынскіх работнікаў, і кіраўніцтва раёна будзе павага і задавальненне людзей.
Ганаровай граматай упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя ўзнагароджана тэрапеўт аддзялення дзённага знаходжання райбальніцы Ніна Баўтовіч.
Быў таксама зачытаны загад адміністрацыі райбальніцы аб прэміяванні па выніках работы за год вялікай групы медработнікаў, у тым ліку старшай медсястры тэрапеўтычнага аддзялення Наталлі Бай і медсястры Любоніцкай бальніцы сястрынскага догляду Ірыны Лыч — прэміі ў памеры 5 базавых велічынь, шэрагу работнікаў аховы здароўя раёна выказана падзяка за плённую працу.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.