СВК “Чырвоны баец”: здабыткі, перспектывы

СВК “Чырвоны баец” распачаў справаздачную кампанію за 2012 год у сельгасарганізацыях раёна. У выніковым сходзе прыняў удзел старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. У справаздачы кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Серакова былі падведзены вынікі мінулага сельскагаспадарчага года, прааналізаваны дасягнутыя поспехі, дапушчаныя пралікі і шляхі іх вырашэння, названы незадзейнічаныя рэзервы, а таксама акрэслены актуальныя задачы.

Раслінаводства
— Сельскагаспадарчая праца ніколі не была лёгкай, — пачаў прамову Аляксандр Уладзіміравіч. — Складаным быў і леташні працоўны год. Наш калектыў востра адчуў уплыў вынікаў непрадбачнай успышкі эканамічнай нестабільнасці, выкліканай рэзкім ростам цэн на тавары і паслугі, інфляцыяй, падзеннем курсу беларускага рубля ў 2011 г. Аднак аб’ектыўны і ўзважаны падыход да склаўшайся сітуацыі не стаў падставай для паніжэння працоўнай актыўнасці і мэтанакіраванасці калектыву.
У гаспадарцы значна павысілася культура земляробства, у вытворчасць укараняюцца сучасныя тэхналогіі, з’явілася шмат высокапрадукцыйнай тэхнікі, якая дазваляе аператыўна выконваць усе палявыя работы.
Спякотнае лета мінулага года, хуткае паспяванне хлябоў забяспечылі добры наліў збожжа. Аднак у “Чырвоным байцы” не дасягнуты прагнозныя паказчыкі па вытворчасці валавой прадукцыі. У параўнанні з 2011 г. атрымана менш збожжа — на 806 тон (абумоўлена няпоўным паспяваннем кукурузы), цукровых буракоў — на 2592 тоны (з-за паніжэння ўраджайнасці), разам з тым, амаль удвая больш намалочана рапсу.
Па разважаннях Аляксандра Серакова, у раслінаводчай галіне не спрацаваў на поўную моц менавіта чалавечы фактар.
Жывёлагадоўля
Панізілася вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Да ўзроўню 2011 года паказчык склаў 96,2%. На 20 тон больш вырашчана буйной рагатай жывёлы, у той жа час свіней — на 77 тон менш.
Добра спрацавалі жывёлаводы па прадуктыўнасці. Сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме свіней склалі 603 г (+8 г), прывагі па БРЖ засталіся на ўзроўні 2011 г. — 720 г.
Выдатных рэзультатаў дасягнулі працаўнікі малочна-таварнай фермы “Дваранінавічы”. Сярэднегадавы надой малака ад каровы склаў 7088 кг, што вышэй за пазалеташні паказчык на 311 кг.
— Аснова поспеху — гэта добрасумленнае і адказнае стаўленне да даручанай справы жывёлаводаў, бездакорнае выкананне ўсіх патрабаванняў па ўтрыманні, кармленні і даенні рагуль, — адзначыў Аляксандр Серакоў. — Шмат сіл і намаганняў надаецца забеспячэнню жывёлы паўнацэннымі кармамі. Дзякуючы зладжанай рабоце механізаванага атраду гаспадаркі нарыхтавана 9210 тон сенажу (185,6% да ўзроўню 2011 г.), 15939 тон сіласу (161,1%).
МТФ з высокатэхналагічнай вытворчасцю, абсталяваная даільнай залай і камп’ютарным суправаджэннем тэхналогіі вытворчасці малака, працуе на поўную моц. У 2012 годзе атрымана 3827 тон малака, што складае 108,6 % да ўзроўню 2011 г.
Рэалізацыя ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі дала магчымасць “Чырвонаму байцу” атрымаць 45,8 млрд. рублёў прыбытку, 36,4 з іх — прадукцыя жывёлагадоўлі. У параўнанні з 2011 г. выручка ад рэалізацыі ўзрасла амаль удвая.
Задачы і планы
Дзяржаўнай праграмай умацавання аграрнай эканомікі і развіцця сельскіх тэрыторый на 2011 — 2015 гады намечана перавесці вытворчасць сельгаспрадпрыемстваў на інавацыйны ўзровень. На гэтай аснове плануецца значна павысіць эфектыўнасць работы жывёлагадоўлі і раслінаводства, дасягнуць еўрапейскага ўзроўню прадукцыйнасці, павялічыць даход вяскоўцаў, павысіць прывабнасць сельскай працы. На выкананне гэтай праграмы і дасягненне пастаўленых ёю мэтаў і накіраваны намаганні сельскіх рупліўцаў.
У межах выканання мерапрыемстваў па мадэрнізацыі плануецца рэканструяваць свінарнік-адкормачнік, перавесці яго на аўтаматызаваную сістэму кармлення і мікраклімату; распачаць будаўніцтва новага хлеву для ўтрымання БРЖ; набыць і ўвесці ў эксплуатацыю камбікормавы цэх; часткова абнавіць машынна-трактарны парк. Усё гэта калектыву прадстаіць выканаць за кошт уласных сродкаў.
Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Уладзіміравіч сказаў:
— Бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам беражлівасці. Пагадзіцеся, шмат страчваем з-за сваёй жа безадказнасці і расхлябанасці. Будзем прадпрымаць крокі ў накірунку беражлівасці і эканоміі: установім сістэму відэаназірання і кантролю ў прамысловай зоне, прыборы ўліку паліва сістэмы навігацыі. Строгі кантроль — гэта патрабаванне часу. Далейшы пераход на самафінансаванне прымушае спадзявацца толькі на свае сілы.
Падзякі і падарункі
Уладзімір Піскіжаў выказаў удзячнасць калектыву “Чырвонага байца” за добрасумленную адказную працу:
— У нашым раёне дзве гаспадаркі вызначаны базавымі па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі: ваша і СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Па выніках 2012 года разам з рассветаўцамі вы далі 48% валавой прадукцыі раёна. Кіраўніцтва раёна цэніць вашу працу і імкненне да поспехаў.
Старшыня райвыканкама адзначыў выдатную працоўную дысцыпліну ў калектыве, высокія якасныя паказчыкі, шырокае прымяненне сучасных тэхналогій і новых падыходаў да вытворчасці.
Спыніў увагу на падыходах да беражлівасці. Прымаемыя сёння меры ў дадзеным накірунку ў хуткім часе ўвасобяцца ў захаваных і павялічаных кілаграмах, тонах, рублях. Трэба працаваць, каб пры магчымых мінімальных вытворчых затратах атрымаць больш таварнай прадукцыі.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК і перапрацоўчай прамысловасці Віктар Ставер уручыў калектыву падарунак і Дыплом I ступені па выніках абласнога агляду-конкурсу па стварэнні належных умоў вытворчага быту работнікаў. Па выніках работы калектываў ферм раёна за 2012 год жывёлаводам МТФ “Дваранінавічы” быў уручаны каштоўны падарунак.
Старшыня сельгаскааператыва агучыў прозвішчы лідараў жывёлагадоўчай галіны, сярод механізатараў і вадзіцеляў: Зінаіда Лазарава, Алена Цяніцкая, Людміла Макаранка, Ганна Аляксеева, Зоя Лазарава, Іна Палуянава, Мікалай Сідарэнка, Ніна Вяроўкіна, Вольга Шурын, Ірына Іванова, Наталля Навуменка, Анжэла Кузьміч, Наталля Сіндарава, Вольга Грышчанка, Андрэй Сарока, Рыгор Камай, Жана Башан, Юрый Манетаў, Міхаіл Макаронак, Аляксандр Ермалаеў, Юрый Іваніцкі, Іван Макаронак, Іван Рыняк, Станіслаў Мардушкоў, Дзмітрый Здункевіч і іншыя.
А ў якасці падарунка вяскоўцам быў шыкоўны канцэрт, дадзены зоркай беларускай эстрады Іскуі Абалян.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.