У “Рассвеце” эксперыментуюць вырошчванне светлакультуры

Агароднінаводы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага першыя на Магілёўшчыне эксперыментуюць вытворчасць светлакультуры тамату — вырошчванне пры штучным асвятленні. Такі спосаб дазваляе атрымаць першыя плады на 20-25 дзён раней, павялічваецца агульны ўраджай за вегетацыйны перыяд — з вопыту беларускіх агароднінавытворцаў светлакультура дазваляе атрымаць 80 кг/м2. Першы ўраджай са светлакультуры тамату рассветаўцы плануюць сабраць ужо ў сярэдзіне сакавіка.
Магчымасць вырошчваць светлакультуру з’явілася дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю біягазавай устаноўкі, выпрацоўваемай на ёй электраэнергіі. Светлакультура высаджана ў расадным аддзяленні цяплічнага камбіната на плошчы 0,46 га, кожны дзень: з 9 гадзін раніцы да 3-х ночы тут уключана падсветка магутнасцю 18 тысяч люкс (пры звычайных умовах вырошчвання магутнасць — 8 тысяч люкс). Калі 8 год таму ўзводзілася гэтая энергазберагаючая цяпліца, было запланавана аддзяленне для светлакультуры, аднак высокі кошт на электраэнергію не дазваляў выкарыстоўваць яго магчымасці, таму тут вырошчвалі толькі расаду.
На свае вочы карэспандэнты “раёнкі” ўбачылі розніцу паміж светлакультурай і таматамі, якія растуць у звычайных умовах. У першай квітнее ўжо трэцяя гронка, значна большы памер пладоў.
Галоўны тэхнолаг цяплічнага камбіната Кацярына Шапавалава расказала, як ладзяцца справы ў іх калектыве:
— На таматы вялікі попыт у любую пару года. Гэта абумоўлена тым, што яны смачныя і ўтрымліваюць шмат карысных для арганізма рэчываў. Багатыя вітамінам С, ёсць у іх таксама вітаміны В1, В2, В3, фоліевая кіслата, карацін і інш.
Наша гаспадарка даўно займаецца вытворчасцю таматаў. Плануем, што сёлета, дзякуючы біягазавай устаноўцы, сабекошт прадукцыі панізіцца. Акрамя электраэнергіі, выкарыстоўваемай у тым ліку і для вырошчвання светлакультуры, устаноўка дае камбінату пабочнае цяпло, якое атрымліваецца ў працэсе выпрацоўкі электраэнергіі. Гэта дазваляе нам менш ужываць прыроднага газу. Плануецца, што ў перыяд з красавіка па лістапад будзем карыстацца толькі цеплавой энергіяй біягазавай устаноўкі — вельмі добрая эканомія сродкаў. З гэтай мэтай устаноўку і ўзводзілі побач з камбінатам.
Светлакультуру вырошчваем упершыню, цікава паспрабаваць свае сілы, бо гэта іншыя тэхналогіі. Па прычыне таго, што ў Магілёўскай вобласці ніхто не займаецца вытворчасцю светлакультуры, тэарытычнага вопыту набіраліся ў сталічных калег. Калі ўсё ў нас атрымаецца з таматам, паспрабуем на наступны год выро-шчваць светлакультуру агурка.
Рассветаўскі цяплічны камбінат размешчаны на пло-шчы 10 га, пад таматы занята 6 га. Зараз памідоры ў энергазберагаючай цяпліцы, а іх тут 76620 раслін, пастаўлены ў маты, ідзе нарошчванне карнявой сістэмы — асновы будучага ўраджаю, на першых гронках вісяць, так званыя “ранеткі” — дробненькія плады. Догляд за раслінамі вядуць 28 чалавек, 4 з якіх заняты на светлакультуры.
Пяць год запар рассветаўцы займаюцца вытворчасцю гібрыду галандскай селекцыі F1 “Жэроніма”, сёлета эксперыментуюць вырошчванне новага гібрыду, таксама галандскага, F1 “Тарэра” — высокаўраджайны, дае буйнаплодныя таматы з яскравай афарбоўкай і бляскам, якія добра захоўваюцца і транспартуюцца. Аднак найбольш станоўча зарэкамендаваў сябе гібрыд расійскай селекцыі F1 “Якіманка”, які рассветаўцы вырошчваюць трэці год. Летась ён даў самую высокую ўраджайнасць. Для гэтага гібрыду характэрны буйныя плады вагой 180-240г, комплексная ўстойлівасць да хвароб, выдатныя смакавыя і таварныя якасці, расліны простыя ў доглядзе і фарміроўцы. Калі сёлета гэты гібрыд пацвердзіць свае якасці, то яго пасадачныя плошчы будуць павялічвацца.
Спрабуюць вырошчваць расійскія гібрыды F1 “Таганка” і F1 “Палянка”, дарэчы, таксама буйнаплодныя. Па словах Кацярыны Шапавалавай попытам у беларусаў і расіян (4 гады рассветаўскія памідоры экспартуюцца ў маскоўскія супермаркеты), у адрозненні ад жыхароў Еўропы і ЗША, карыстаюцца менавіта крупныя мясістыя плады, так званыя, біф-таматы, вага якіх перавышае 150 г.
— Сёлета мы мяркуем атрымаць ураджайнасць 55кг/м2, — працягвае размову Кацярына Барысаўна, — пакуль гэта максімальная ўраджайнасць для цяпліц нашага тыпу. Летась сабралі 51кг/м2, а пачыналі 8 год таму з ураджайнасці 42кг/м2. Якасць будучай прадукцыі напалову залежыць ад аграномаў, у нас іх 6, і ад агроднінаводаў. Калі дрэнна спрацуе агранамічная служба, а потым не даглядзіць агароднінавод, то, вядома ж, плануемага рэзультату не атрымаем. Работа вельмі скрупулёзная, тут няма дробязей. Кожнай расліне патрэбны ўвага і догляд, прычым індывідуальна, каб не перасушыць, не пераліць, своечасова наладзіць якасную абарону ад хвароб, сарваць ліст, убраць пасынак, асвятліць, сфарміраваць гронку і гэтак далей. Акрамя таго, на кожным этапе росту расліны патрабуюць адпаведнага мікраклімату. Карпатлівая работа і па апыленні. Хоць тамат — самаапыляючаяся культура, эфектыўны рэзультат дае апыленне чмялямі, мінімальная прыбаўка ўра-джаю — 20-25% (калі-небудзь можа дасягнуць і 40%). Для апылення мы выкарыстоў-ваем чмялёў беларускай селекцыі.
Гэта на першы погляд здаецца, што лёгка ў сучаснай энергазберагаючай цяпліцы, з закрытым абароненым грунтам стварыць ідэальныя ўмовы для вырошчвання тамату, які на працягу некалькіх месяцаў дае высокі і якасны ўраджай. На самой справе, за кожнай памідоркай, што красуецца на нашым абедзенным стале, стаіць шматдзённая, карпатлівая праца агароднінаводаў, якія ведаюць, колькі сіл і намаганняў трэба, каб са звычайнага насення вырасціць магутную плоданосную расліну даўжынёй у 12 метраў.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.