Вечная памяць загінуўшым, пашана і павага жывым…

Лютаўскай раніцай, у дзень 24-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана ў Кіраўску ля памятнага знака воінам, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак пры ліквідацыі лакальных канфліктаў, адбыўся ўрачыста-жалобны мітынг, падрыхтаваны вучнямі і настаўнікамі СШ№1. Ветэраны вайны ў Афганістане, удзельнікі іншых лакальных канфліктаў, іх родныя і блізкія, прадстаўнікі раённай улады, дэлегацыі працоўных і вучнёўскіх калектываў, члены РА ГА “Беларускі саюз афіцэраў” сабраліся, каб, схіліўшы галовы, у сумнай мінуце маўчання ўшанаваць памяць загінуўшых, успомніць пра слаўныя подзвігі жывых.
А маль чвэрць стагоддзя таму Афганская вайна для савецкага народа была скончана. Нягледзячы на шматлікія палітычныя супярэчнасці, савецкія салдаты не здрадзілі прысязе і з гонарам выканалі свой воінскі абавязак. Вайна ў Афганістане цягнулася 9 год 1 месяц і 18 дзён, стала самай працяглай у XX стагоддзі. Праз ваеннае пекла прайшло каля 3,5 тысячы ўраджэнцаў Магілёўшчыны, у тым ліку 66 кіраўчан. 7 нашых землякоў за стойкасць і мужнасць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, трое з іх — пасмяротна. Ваенны шлях 16-ці кіраўчан адзначаны баявымі медалямі.
Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў:
— Колькасць “гарачых кропак” на зямным шары па-ранейшаму не памяншаецца, таму абарона Айчыны ад магчымых новых пагроз мае першаступовае значэнне. Менавіта таму дорага каштуе неацэнны вопыт воінаў-інтэрнацыяналістаў, набыты імі падчас удзелу ў лакальных канфліктах. Аб’яднаўшыся ў адно братэрства, сёння, як і ў гады вайны, вы, паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты, працягваеце ўносіць лепту ў выхаванне падрастаючага пакалення. Мы ўдзячныя вам за мужнасць, гераізм, вернасць воінскай прысязе, якія вы праявілі ў той час, калі выконвалі свой абавязак перад дзяржавай. І зараз наша задача — не пакідаць вас сам на сам з праблемамі і цяжкасцямі. У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб аказаць воінам-інтэрнацыяналістам, іх сем’ям неабходную падтрымку.
Падзеі баявых дзеянняў, імёны землякоў, якія не вярнуліся да роднага ачага, застануцца ў нашых сэрцах.
Сваёй мужнасцю воіны-інтэрнацыяналісты назаўсёды заслужылі павагу беларускага народа. З мэтай ушанавання памяці аб кіраўчанах, якія прымалі ўдзел у лакальных канфліктах, райвыканкамам падтрымана ініцыятыва раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” аб выданні кнігі аб воінах-інтэрнацыяналістах.
Старшыня РА ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Сафронаў у сваёй прамове адзначыў, што ў сэрцы кожнага воіна-інтэрнацыяналіста назаўсёды захавалася памяць аб загінуўшых баявых таварышах.
Сястра загінуўшага ў Афгане Пятра Петрусевіча — Марыя Аўраменка нізкім паклонам падзякавала кіраўчанам за памяць аб подзвігу яе брата і яшчэ двух загінуўшых кіраўскіх рабят: Віктара Шумілава і Аляксандра Ядлоўскага.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі да памятнага знака кветкі і вянкі. З асаблівым трапятаннем у душы гэта рабілі воіны-інтэрнацыяналісты, якім лёсам было наканавана жыць за сябе і за тых рабят, што не вярнуліся…
Па традыцыі, пасля мітынгу група з ліку “афганцаў”, прадстаўнікоў райваенкамата і моладзі ўсклала вянкі і кветкі на магілы Пятра Петрусевіча і Віктара Шумілава ў Гарадцы, Аляксандра Ядлоўскага — у Жылічах.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.