Высокі рэзультат на абласной алімпіядзе

Сямёра вучняў школ раёна, якія лепш іншых выканалі заданні школьных прадметных алімпіяд, набралі найбольшую колькасць балаў і прайшлі адбор згодна абласнога рэйтынгу, былі запрошаны да ўдзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Ён праходзіў у абласным цэнтры з 14 па 18 студзеня.Чацвёра з іх — Марына Заркевіч і Юлія Багданава з СШ №1, Віктар Іваніцкі з гімназіі г.Кіраўска і вучаніца Мышкавіцкай СШ Марыя Шапавалава (на здымку) сталі пераможцамі абласной алімпіяды, паказаўшы глыбокія веды па сваіх любімых прадметах: абслугоўваючай працы, інфарматыцы і англійскай мове.
Дзесяцікласніца Марына Заркевіч у чарговы раз пацвердзіла права на званне лепшай знаўцы сярод вучняў агульнаадукацыйных навучальных устаноў Магілёўшчыны прадмету “Працоўнае навучанне”, прадэманстраваўшы не толькі глыбокія тэарэтычныя веды, але і трывалыя практычныя навыкі, кемлівасць і артыстызм: яна ўдастоена Дыплома I-й ступені. Дзевяцікласніца Юлія Багданава, як і Марына, вучаніца педагога Алены Пархамовіч, паказала ў гэтай алімпіядзе другі вынік і ўдастоена Дыплома II-й ступені.
У тройку прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, атрымаўшы Дыпломы III ступені па інфарматыцы і англійскай мове адпаведна, увайшлі Віктар Іваніцкі (настаўнік Алена Жлобіч) і Марыя Шапавалава (настаўнік Ганна Каленік).
Сёлетні высокі рэзультат удзелу ў абласной алімпіядзе — вынік стараннай вучобы рабят, іх настойлівасці і мэтанакіраванасці, творчай працы іх педагогаў.
Алена КАРАНКЕВІЧ, галоўны спецыяліст
аддзела адукацыі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.