З улікам перспектыў развіцця

Прадпрымальніцтва займае ўстойлівае месца ў эканоміцы раёна, садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых рабочых месц, папаўненню бюджэту.
На чарговым пасяджэнні райвыканкама было разгледжана пытанне аб выкананні Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Кіраўскага раёна на 2011-2012 гады і аб выкананні рашэння райвыканкама ад 11 сакавіка 2010 г. “Аб мерапрыемствах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва раёна на 2010-2012 гады”.

Як праінфармавала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алена Кірычэнка, за апошнія тры гады назіралася станоўчая дынаміка паказчыкаў, характарызуючых развіццё малога прадпрымальніцтва раёна.
У мінулым годзе ад арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці паступіла ў раённы бюджэт плацяжоў у суме 15991,3 млн. рублёў, іх удзельная вага ў агульнай структуры даходаў склала 29,6% (на 2,7 п.п. больш, чым у 2011 г. і на 16,9 п.п. больш, чым у 2010 г.).
Структура відаў дзейнасці, якія ажыццяўляюць арганізацыі малога бізнэсу, у апошнія гады істотна не змянілася. Паранейшаму найбольш распаўсюджанымі застаюцца гандаль, рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання, прамысловасць, транспарт.
За 2010-2012 гады ў раёне зарэгістраваны 33 камерцыйныя арганізацыі, у тым ліку ў Кіраўску — 22.
У мэтах забеспячэння занятасці насельніцтва суб’ектамі малога прадпрымальніцтва за тры апошнія гады было створана 336 новых рабочых месц.
За аналізуемы перыяд, канстатавала Алена Кірычэнка, назіраецца значнае павелічэнне ўдзельнай вагі рознічнага тавараабароту суб’ектаў малога прадпрымальніцтва. Яго аб’ём летась склаў 79812,3 млн.рублёў, або 189,6% да адпаведнага перыяду папярэдняга года, удзельная вага ў рознічным тавараабароце праз усе каналы рэалізацыі — 34%, што на 17,5% больш, чым у 2011 г. (2011 г. — 16,5%, 2010 г. — 14,9%).
Свой уклад уносяць суб’екты малога прадпрымальніцтва ў знешнегандлёвую дзейнасць. За 2010-2012 гады экспартавана тавараў на суму 4618,8 тыс. долараў ЗША, доля ў агульным аб’ёме рэалізацыі склала 62% (2011 г. — 71%, 2010 г. — 65,4%). Асноўны аб’ём экспарту прыходзіўся на вырабы драўніны і дзікарастучыя грыбы і ягады.
Экспартам транспартных паслуг займаецца ПП «РИНАЛТранс». За мінулы год ім прадастаўлена паслуг на суму 447,8 тыс.долараў ЗША або 117,2% да ўзроўню 2011 года, удзельная вага ў экспарце паслуг склала 86,9%. У 2011 годзе гэтае прадпрыемства было ўзнагароджана дыпломам і медалём Міжнароднага саюза аўтамабільнага транспарту.
З мэтай развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, як было падкрэслена ў ходзе пасяджэння райвыканкама, ажыццяўляецца маёмасная, фінансавая і інфармацыйная падтрымка з боку органаў дзяржаўнага кіравання. У тым ліку шляхам продажу, перадачы суб’ектам гэтай сферы невыкарыстоўваемых і неэфектыўна выкарыстоўваемых аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці. Актывізаваны іх продаж у сельскай мясцовасці, прычым у мэтах пошуку эфектыўнага ўласніка шырока выкарыстоўваецца магчымасць рэалізацыі аб’ектаў з пачатковай цаной продажу, роўнай адной базавай велічыні.
У пачатку мінулага года ў сферу прамысловасці раёна прыйшоў замежны інвестар, які стаў новым уласнікам кансервавага завода: было ўтворана замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кіраўскі харчовы камбінат”. Прадпрыняты істотныя крокі па стварэнні належных санітарных і бытавых умоў для работнікаў. Наладжана вытворчасць характэрнай раней для прадпрыемства кансерваванай агародніннай прадукцыі. Рэканструяваны былы цэх мясных кансерваў пад цэх па выпуску канцэнтраванага яблычнага соку магутнасцю 1,8 тыс. тон у сезон, які ў верасні 2012 года ўведзены ў эксплуатацыю. У створанае прадпрыемства інвестыравана каля 50 млрд. рублёў. Па стане на пачатак года тут працуе 73 чалавекі.
З прыняццем Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 г. №6 “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці” адпаведныя прыватныя прадпрыемствы атрымалі пэўныя прэферэнцыі. Так, у раёне адкрыліся новыя прадпрыемствы: вытворчае «Ельбобр», транспартнае «Экс-пресс партнер», гандлёвае “Элигосстрой», якія ўвезлі з-за межаў рэспублікі без уплаты мытных пошлін абсталяванне. Дадзенымі льготамі скарыстаўся і шэраг дзеючых прыватных прадпрыемстваў.
У чэрвені 2011 года на гарадскім рынку былі ўведзены ў эксплуатацыю 48 гандлёвых павільёнаў таварыствам уласнікаў «Совлад плюс». Тут пакупнікам прапаноўваецца шырокі выбар тавараў: ад прадуктаў харчавання да паляўнічых прылад і турыстычнай амуніцыі, а таксама асобныя віды бытавых паслуг.
УКП “Жылкамгас” у раёне аўтастанцыі адкрыты рынак для рэалізацыі нехарчовых тавараў.
У 2011 годзе далейшае развіццё атрымала матэрыяльна-тэхнічная база арганізацый гандлю сферы малога бізнэсу. У горадзе былі адкрыты магазін «Евроопт» ТАА «Евроторг», “Наш маркет” прыватнага прадпрыемства «ЮЛИД-торг», аснашчаныя сучаснымі аўтаматызаванымі камп’ютарнымі сістэмамі кіравання гандлем.
У трэцім квартале мінулага года прыватным прадпрыемствам «АМИГО-2010» у в.Букіно адкрыта кафэ — аб’ект грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу на 18 пасадачных месц.
У мэтах развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і дзелавой актыўнасці аказваецца дзяржаўная фінансавая падтрымка.
За апошнія тры гады выдзелена аднаразовая бязвыплатная грашовая субсідыя за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці 17 беспрацоўным на суму 110,7 млн. рублёў.
У 2010 годзе ў межах Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва на 2010-2012 гады аказана дзяржаўная фінансавая падтрымка ў рэалізацыі інвестыцыйных Праектаў прыватным прад-прыемствам «Мир ковки» і «РИНАЛТранс».
Пад стварэнне ў 2011 г. чатырох новых рабочых месц прыватнаму прадпрыемству «ЛК-торг» прадастаўлена бюджэтная пазыка за кошт сродкаў указанага Фонду на суму 35,6 млн.рублёў. На пачатак гэтага года пазыка вернута.
Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ажыццяўляецца кантроль за станам аховы працы і тэхнікі бяспекі на прадпрыемствах малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
У жніўні 2012 г. адкрыты Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ЗАТ «Информконсалт Про» ў мэтах аказання са-дзейнічання развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў арганізацыі і ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, бесперапыннага суправаджэння суб’ектаў гэтай сферы з моманту іх дзяржаўнай рэгістрацыі, на этапе станаўлення, дасягнення імі фінансавай самастойнасці і ў ходзе вядзення гаспадарчай дзейнасці.
Як адзначыла, падводзячы вынікі сказанаму, Алена Кірычэнка, рэалізацыя мерапрыемстваў Праграмы спрыяла ўхіленню фактараў і тэндэнцый, стрымліваючых развіццё прадпрымальніцтва, удасканаленню яго дзяржаўнай падтрымкі, што дазволіла павысіць эфектыўнасць работы суб’ектаў, актывізаваць іх вытворчую і інвестыцыйную дзейнасць. Гэтыя тэндэнцыі, як канстатавалася на пасяджэнні, павінны развівацца і далей.
З начную ролю малога і сярэдняга бізнэсу ў развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы раёна падкрэсліў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён адзначыў, што адным з напрамкаў дзейнасці райвыканкама і далей будзе заставацца стварэнне ў межах дзеючага заканадаўства аптымальных умоў для развіцця прадпрымальніцтва, стратэгічна важнага напрамку развіцця рэгіёна. Але ў той жа час кіраўнік раёна спыніўся на пытаннях, над вырашэннем якіх неабходна працаваць.
У прыватнасці, на працягу многіх год застаецца нязменнай структура відаў прадпрымальніцкай дзейнасці: у асноўным гэта гандаль. Актуальнай з’яўляецца патрэба стварэння прыватных прадпрыемстваў вытворчай накіраванасці.
Патрабуе вырашэння і праблема нераўнамернага размеркавання аб’ектаў малога прадпрымальніцтва па тэрыторыі раёна: яны пакуль у асноўным сканцэнтраваны ў цэнтры горада. Хаця, калі думаць аб перспектывах, то, згодна генеральнага плана развіцця Кіраўска, больш выгадна будзе ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць у раёне жылой забудовы каля СШ №1.
Важна, падкрэсліў кіраўнік раёна, каб прадпрымальніцкія структуры ішлі ў нагу з часам, мелі перспектыўныя планы развіцця ў святле рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па мадэрнізацыі вытворчасці.
У новай Праграме дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна на 2013-2015 гады, якая распрацоўваецца і ў хуткім часе будзе прынята, як адзначыў Уладзімір Піскіжаў, павінны быць адлюстраваны прыярытэтныя напрамкі аказання дзяржаўнай дапамогі, адлюстраваны канкрэтныя задачы не толькі органаў выканаўчай улады і іх структурных падраздзяленняў, але і суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу з улікам перспектыўных накірункаў развіцця. У тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Увага старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў была звернута на тое, што за наступныя тры гады рэалізацыі новай Праграмы ў мэтах развіцця сельскіх тэрыторый павінна быць утворана, у залежнасці ад колькасці насельніцтва, 1 — 3 камерцыйных прадпрыемствы ці філіялы.
Старшыня райвыканкама заўважыў таксама, што Цэнтру падтрымкі прадпрымаль-ніцтва, адказным структурам неабходна мэтанакіравана працаваць з грамадзянамі, мяркуючымі распачаць прадпрымальніцкую дзейнасць: на першых кроках арыентаваць іх на тое, якія нішы ў гэтай сферы не заняты, на якія перспектыўныя напрамкі трэба звярнуць увагу, інфармаваць, што рабоце па такіх напрамках у першую чаргу будзе аказвацца дзяржаўная падтрымка.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.