За эфектыўнае выкарыстанне земляў

Дзейнасць работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы звязана з дзяржаўнай рэгістрацыяй правоў на нерухомую маёмасць і здзелак з ёй, картаграфіяй, выкананнем самых розных задач у сферы ўдасканальвання зямельных адносін, рашэннем агульна-дзяржаўных праблем, развіцця эканомікі, інвентарызацыяй і ацэнкай нерухомасці.
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з кіраўніком землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Уладзімірам ЛАСЯКОВЫМ і папрасілі расказаць аб асноўных напрамках дзейнасці службы.

— Наша служба ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за аховай і рацыянальным выкарыстаннем земляў на тэрыторыі раёна. Асаблівая ўвага надаецца мэтаваму выкарыстанню і своечасоваму асваенню зямельных участкаў, недапушчэнню самавольных захопаў зямлі, а таксама навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню тэрыторый населеных пунктаў.
Калектыў невялікі — працуе 5 спецыялістаў. Для зручнасці сяльчан за кожным сельсаветам замацаваны работнікі земслужбы, якія рэгулярна выязджаюць у сельскія населеныя пункты раёна, вядуць прыём грамадзян па пытаннях, якія тычацца зямельных адносін.
— Якія меры прымаюцца да ўладальнікаў так званых “даўгабудаў”?
— Зараз указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 520 адноўлена дзеянне Указа №87, якое часова было прыпынена. Гэтым законам рэгулююцца тэрміны карыстання зямельным участкам і ўводу ў строй жылых дамоў, пабудаваных на іх.
На дадзены момант з дня прадастаўлення грамадзяніну зямельнага ўчастка пад будаўніцтва жылога дома і ўводу яго ў эскплуатацыю даецца 7 гадоў. Зараз нашай службай праводзіцца праверка ўсіх забудоўшчыкаў, якім былі прадастаўлены зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля. Будзе звернута ўвага на тэрміны будаўніцтва, уводу ў эксплуатацыю жылога дома, а таксама мэтавага выкарыстання зямельных участкаў. Па фактах выяўленых парушэнняў райвыканкамам будуць прымацца адпаведныя рашэнні, аж да накіравання ў суд, пасля разгляду справы ў судзе ўчастак з недабудаваным домам у грамадзяніна можа быць адабраны і выстаўлены на аукцыён.
— Калі грамадзянін па нейкіх прычынах не можа завяршыць будаўніцтва дома, ці мае ён права прадаць яго?
— Так, на сённяшні дзень ёсць такая магчымасць. Першае, што трэба зрабіць у такім выпадку, — правесці працэдуру кансервацыі будаўніцтва і пасля гэтага прадаць дом.
— Ці адзначаліся вашай службай выпадкі правядзення самавольных зямельных работ?
— Канешне, і гэта не рэдкасць. Напрыклад, у мінулым годзе за самавольны захоп зямельнага ўчастка было прыцягнута да адказнасці двое грамадзян. Яны распачалі будаўніцтва жылых дамоў на зямельных участках, не аформленых у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Таксама было складзена 6 пратаколаў за невыкарыстанне зямельнага ўчастка па прызначэнні: атрымалі зямлю пад будаўніцтва, але так нічога і не зрабілі. Быў складзены 1 пратакол за нямэтавае выкарыстанне зямельнага ўчастка, бо грамадзянін атрымаў зямлю пад будаўніцтва дома, а на самой справе займаўся там вырошчваннем агародніны. Прынята 27 пастаноў па адміністрацыйных спагнаннях на грамадзян, якія звярнуліся за дакументамі для сведчання права на зямлю, але на рэгістрацыю не з’явіліся ва ўстаноўлены законам тэрмін.
— Праблемным застаецца пытанне рацыянальнага выкарыстання пустуючых участкаў каля пакінутых дамоў, асабліва на вёсцы. Што робіцца ў гэтым накірунку зараз?
— Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 “Аб мерах па удасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і драхлых дамоў у сельскай мясцовасці”, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2012 года, камісіяй была праведзена праверка 122 населеных пунктаў раёна, абследавана 395 дамоў. Пасля гэтага ў суд было накіравана 100 іскавых заяў, па рашэнні суда ў адносінах 92 грамадзян было спынена права ўласнасці на домаўладанне, гэта значыць, дамы былі прызнаны безгаспадарнымі, 83 з іх ужо знесены.
— Але ў гэтым выпадку паўстае не менш вострае пытанне па выкарыстанні прысядзібных участкаў застаўшыхся пасля зносу дамоў…
— У гэтым накірунку нашай службай таксама праводзіцца значная работа. Так, на дадзены момант пустуючыя зямельныя ўчасткі, якія магчыма ўвесці ў севазварот, перададзены сельскагаспадарчым арганізацыям раёна. На працягу апошніх пяці год гэта каля тысячы гектараў. Для больш рацыянальнага выкарыстання частку земляў пераразмяркоў-ваем паміж грамадзянамі для вырошчвання агародніны ці будаўніцтва жылых дамоў.
На сённяшні дзень праблемным застаецца пытанне з участкамі, і такіх у нас амаль 80 гектараў, на якіх растуць пладова-ягадныя дрэвы і кусты. Каб перадаць іх сельгаспрадпрыемствам, неабходна правесці раскарчоўку і ачыстку гэтых участкаў. Гэтае пытанне зараз знаходзіцца на кантролі райвыканкама, і ў бягучым годзе плануем яго вырашыць.
Напярэдадні свайго прафесійнага свята хочацца выказаць удзячнасць работнікам нашай службы, а таксама ўсім, хто па-гаспадарску ставіцца да галоўнейшага багацця нашай краіны — зямлі.
Гутарыла
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.