Захаваць і прымножыць пагалоўе дойнага статка

Накіроўваючы намаганні на далейшае павышэнне эфектыўнасці работы малочнай жывёлагадоўлі, кіраўніцтва, спецыялісты райсельгасхарчу і сельгасарганізацый, у першую чаргу, скрупулёзна аналізуюць пралікі і недапрацоўкі, дапушчаныя ў мінулым годзе, вызначаюць шляхі выпраўлення сітуацыі па праблемных пазіцыях.
Адной з іх стала значнае выбыццё кароў дойнага статка: згодна справаздачнасці, у цэлым па раёне яно склала 2507 галоў, або каля 30%. Нагадаем чытачам раённай газеты, што выбыццё кароў ажыццяўляецца ў асноўным па прычыне нізкай прадуктыўнасці, а таксама бясплоддзя, траўматычнасці, па старасці.
Трэба адзначыць, указанае вышэй выбыццё пагалоўя ўдалося перакрыць уводам у дойны статак 31% нецелей, у цэлым па раёне дысбалансу не назіраецца, пагалоўе захавана і на сённяшні дзень складае 30443 галавы, за мінулы год дадалі 932 галавы да ўзроўню 2011 года, або 103,2%.
Але, разам з тым, згодна тэхналагічных патрабаванняў, гаспадарчае выкарыстанне дойных кароў павінна складаць не менш 4-х год, па раёне ж, улічваючы колькасць выбыўшых за мінулы год жывёлін, тэрмін гаспадарчага выкарыстання ў сярэднім склаў каля 3,2 года.
Адной з важкіх прычын гэтага галоўны спецыяліст па кантролю і нагляду за якасцю харчовай сыравіны і прадуктаў райсельгасхарчу Святлана Назарчук назвала тое, што ў нашым раёне з 23-х малочна-таварных ферм 10 аснашчаны 12-цю даільнымі заламі, на комплексах утрымліваецца 65% дойнага статка, а гэта пры ўсіх відавочных выгодах новых тэхналогій — больш жорсткія ўмовы эксплуатацыі жывёлы. Яна пастаянна знаходзіцца ў памяшканні, на цэментнай падлозе, пры аднатыпным рэжыме кармлення, кармы пераважна кансерваваныя (сянаж, сілас) і канцэнтраваныя, у адрозненні ад жывёлы на прывязнай сістэме, якая амаль 6 месяцаў у гаду — на пашы, у яе аздараўліваюцца канечнасці, страўнікі.
Як адзначыла Святлана Назарчук, спецыялісты райсельгасхарчу бачаць выйсце з гэтай сітуацыі ў тым, каб у гаспадарках, дзе дойныя каровы ўтрымліваюцца на комплексах, забяспечыць для іх у летні перыяд пасля расцёлаў арганізацыю своеасаблівых прагулак: для гэтага адводзіць пачаргова пэўны кавалак пашы не з мэтай выкармлівання, а каб рагулі пахадзілі па зялёнай траве, па расе, а гэта і іх аздараўленне, і станоўчы ўплыў на стан капытоў, на развіццё мышц. Падобная практыка існуе ў некаторых сельгасарганізацыях вобласці і варта, як заўважыла спецыяліст, прымяніць яе ў нас.
Другой істотнай прычынай дапушчанага за мінулы год выбыцця кароў дойнага статка галоўны ветурач раёна Мікалай Маслаў назваў меўшую месца праблему са здачай выбракаванай жывёлы.
У сувязі з тым, што былі перакрыты расійскія каналы пастаўкі на экспарт ялавічыны, і жывёлу не прымалі айчынныя мясакамбінаты, у раёне з ліпеня па кастрычнік прыпынілася выбракоўка жывёлы. Вядома, што гаспадаркі разлічваюць на штомесячную планавую выбракоўку кароў з дойнага статка. А на працягу гэтых 4-х месяцаў прыкладна 500-600 галоў выбракаванай жывёлы ў сельгасарганізацыях утрымлівалася з іншымі статкамі, бо асобных памяшканняў, каб яе аддзяліць, не маецца. Таму назіралася скучанасць кароў, не хапала жывёламесц, што зрабіла адмоўны ўплыў на рух статка, парушаліся тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы, а гэта, зразумела, спрыяла яе выбыццю.
Выйсце са склаўшагася становішча знаходзілі і такім чынам: з ліку выбракаванай жывёлы аддзялялі кароў у асобныя групы і асемянялі з мэтай хаця б атрымаць цяляці, каб рагуля дарэмна не займала жывёламесца.
Найбольш вострая сітуацыя па выбыцці кароў дойнага статка, якая паўплывала на выніковы па мінулым годзе раённы паказчык, склалася ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага: тут выбыла 972 галавы, або 44% пры ўводзе 33% нецелей.
Як адзначыў Мікалай Маслаў, з-за ўказанай вышэй праблемы са здачай выбракаванай жывёлы ў “Рассвеце” не хапала месцаў для дойных кароў, іх з малочна-таварных комплексаў “Валосавічы” і “Кірава”, даводзілася вывозіць на ферму па адкорме ў Цейкавічы, што зрабіла адмоўны ўплыў на тэхналагічны працэс. “Разгрузіць” жывёлагадоўчыя аб’екты “Рассвета” ўдалося з уводам у строй фермы ў Стаўпішчах.
Вышэй сярэднераённага быў паказчык выбыцця кароў па выніках 2012 года і ў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” — 34%, хаця ўвод нецелей на 2% перакрыў выбыццё. Зараз, па словах Мікалая Маслава, сітуацыя тут стабілізавалася, увялі нецелей у дойны статак і па вытворчасці малака працуюць нядрэнна.
Прычынай дапушчаных у жывёлагадоўчай галіне названых сельгасарганізацый пралікаў з’явілася і праблема кадравага забеспячэння. Так, у “Рассвеце” на працягу 3-х апошніх год пастаянна мяняліся спецялісты. Цяперашняе кіраўніцтва на чале са старшынёй праўлення Аляксандрам Багелем прыкладае ўсе намаганні, каб палепшыць становішча спраў у гэтай асноўнай галіне сельгасвытворчасці. На сённяшні дзень сфарміравана каманда галоўных спецыялістаў з вопытам работы, яны ведаюць свае задачы і нацэлены на іх выкананне. Са свайго боку, кіраўніцтва гаспадаркі мае намер стымуляваць іх у заработнай плаце, забеспячэнні транспартам, стварэнні неабходных умоў для плённай работы.
Застаецца пакуль актуальнай праблема з кадрамі сярэдняга звяна: не хапае ветфельчараў і ветурачоў.
Вядома, што “Рассвет” — вялізная гаспадарка, тут 8 жывёлагадоўчых аб’ектаў, статак складае 9 тысяч галоў жывёлы. І падыходы ў рабоце патрэбны адпаведныя, каб галіна давала належную аддачу.
Варта назваць тыя сельгасарганізацыі, якія летась забяспечылі высокі ўзровень уводу нецелей у асноўны статак: гэта СВК “Чырвоны баец”, дзе ўведзена ў два разы больш, чым выбыла — 44% , СВК “Бераснёўскі” — 42%, СГФ “Чыгірынка” — 40%.
Як падкрэсліла на завяршэнне нашай размовы Святлана Назарчук, вывады па дапушчаных праліках зроблены, “работа над памылкамі” праводзіцца. Штодзённа мабільныя групы выязджаюць на жывёлагадоўчыя аб’еты раёна, адследжваюць сітуацыю.
На гэты год камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама раёну ўстаноўлена гранічная лічба магчымага выбыцця кароў дойнага статка — 1680 галоў, або 20%. Атрымліваецца, што ў цэлым па раёне сёлета неабходна захаваць звыш 800 галоў кароў дойнага статка да ўзроўню выбыцця мінулага года. Спецыялісты райсельгасхарчу запэўнілі, што ведаюць праблемныя моманты, у гаспадарках іх таксама ведаюць, і сумеснымі намаганнямі будуць старацца вырашыць пастаўленыя задачы.
Да 1 верасня бягучага года ў васьмі гаспадарках раёна плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новыя малочна-таварныя фермы з даільнымі заламі, якія будуць укамплектаваны дзякуючы правільнай эксплуатацыі наяўных кароў і іх захаванасці.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.