Адпачынак для школьнікаў
З панядзелка для школьнікаў настала цудоўная і доўгачаканая пара — веснавыя канікулы. Для некаторых гэта перыяд адпачыць, больш часу адвесці на заняткі сваімі любімымі справамі, хобі, назапасіць сіл і бадзёрасці перад чацвёртай навучальнай чвэрцю — апошняй напярэдадні доўгіх летніх канікулаў. А вось старшакласнікам падчас веснавога адпачынку трэба яшчэ і падцягваць веды па прадметах, якія спатрэбяцца ім на выпускных экзаменах і ўступных іспытах.
Для рабят, якія ўсё ж такі вырашылі прысвяціць канікулы здароваму і карыснаму адпачынку, на базе дзесяці навучальных устаноў раёна наладжана работа школьных аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем. Яны пачалі сваю работу з першага дня канікул. Падмацоўваюць здароўе, весела і цікава праводзяць у іх час 200 хлопчыкаў і дзяўчынак.