Мікраклімат у калектыве: які ён?

Трэцюю частку свядомага жыцця мы праводзім на рабоце. І тое, у якіх умовах працякае працоўная дзейнасць, якая псіхалагічная атмасфера пануе ў калектыве, якія складваюцца дзелавыя і асобасныя ўзаемаадносіны, безумоўна, аказвае ўплыў на вынікі працы, жыццё чалавека. У залежнасці ад характару маральна-псіхалагічнага клімату яго ўздзеянне на асобу можа быць станоўчым — стымуляваць да працы, узнімаць настрой, даваць бадзёрасць і ўпэўненасць, а можа і наадварот, мець адмоўны эфект, дзейнічаць прыгнячальна, зніжаць актыўнасць, прыводзіць да вытворчых і маральных страт.
Мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў устаноў і арга-нізацый раёна аб маральна-псіхалагічным клімаце, які пануе ў іх працоўных калектывах, і як яны ацэньваюць яго ўплыў на вынікі працоўнай дзейнасці.

Зінаіда ПАКРАВА, загадчык вытворчага аддзела ПМК-255:
— Лічу, што на фарміраванне маральна-псіхалагічнага клімату любога калектыву аказваюць уплыў як аб’ектыўныя ўмовы, так і суб’ектыўныя фактары, у якіх людзі ажыццяўляюць сваю вытворчую і грамадскую дзейнасць. У будаўніцтве, напрыклад, большасць работнікаў аб’яднаны ў брыгады, аддзелы, службы і практычна няма індывідуальнай працы. Пры такім раскладзе таварыскасць, дапамога, калектывізм — не проста словы, а жыццёвая неабходнасць. І, трэба адзначыць, што ўсе гэтыя якасці ўласцівы нашаму калектыву. А калі ўзаемаадносіны будуюцца на падставе ўзаемаразумення, добразычлівасці, дакладнага ведання канчатковай мэты і агульнага імкнення да яе выканання, то і справы ла-дзяцца. Часіны, калі спецыялісты-будаўнікі масава звальняліся з нашай арганізацыі, шукаючы заробкі ў замежжы, мінулі. Зараз калектыў вызначаюць зладжанасць і стабільнасць. Аб’ёмы будаўнічых работ вызначаны, кваліфікацыі і стараннасці ў нашых работнікаў для іх выканання дастаткова, а гэта — гарантаваныя заробкі. Кіраўніцтва мэтанакіравана працуе над стварэннем належных бытавых умоў на аб’ектах будаўніцтва. Таму можна смела сцвярджаць аб наяўнасці ў калектыве здаровага сацыяльна-псіхалагічнага мікраклімату.
Іван БАГАМОЛАЎ, старшыня прафкама СВК “Калгас “Ніва”:
— Думаю, што асабісты прыклад кіраўніка, уменне пераканаць — аснова дзейнасці па фарміраванні станоўчага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве. Не менш важныя моманты — канструктыўнасць і добразычлівасць крытыкі, адсутнасць ціску з боку кіраўніцтва на падначаленых. Пагадзіцеся, што любая, нават самая найлепшая ініцыятыва, калі будзе ўкараняцца метадам прымусу, не прынясе ні карысці, ні задавальнення. І толькі свядомая, якасная праца, арыентаваная на канчатковы поспех усяго калектыву з’яўляецца залогам поспеху. А падстава для такой працы — стварэнне для работнікаў належных вытворчых і бытавых умоў, дастойная зарплата, якая, да таго ж, своечасова выплачваецца.
У практыцы работы нашай сельгасарганізацыі ўсё гэта ёсць. Мэтанакіравана працуем над стварэннем належных бытавых умоў на вытворчасці. Так, у мехмайстэрні абсталяваны куток па ахове працы, арганізаваны пакой для прыёму ежы, закуплены адпаведны посуд. Выдатныя санітарна-бытавыя ўмовы створаны для работнікаў на МТФ “Капусціна”, тут нават пральная машына і фільтры для пітной вады ўстаноўлены. Дарэчы, за кошт прафкама фільтры мы набылі і для Барсукоўскай МТФ. Канешне, па бытавых умовах і умовах працы жывёлаводам больш старых ферм не параўнацца з новай Капусцінскай, тым не менш, кіраўніцтва сельгаскааператыва прыкладае максімум намаганняў для падтрымання належных умоў на ўсіх вытворчых участках. Нашы работнікі бачаць і адчуваюць клопат аб іх, з разуменнем ставяцца да часовых праблем, бо ўпэўнены, што яны будуць вырашаны. Такі давер — паказчык спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве ў цэлым.
Таццяна ПУГАЧОВА, псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі РЦСАН:
— Спрыяльны сацыяльна-псіхалагічны клімат характарызуюць аптымізм, радасць зносін, давер, пачуцце абароненасці, бяспекі і камфорту, узаемная падтрымка, цеплыня і павага, міжасобасныя сімпатыі, адкрытасць камунікацыі, упэўненасць, бадзёрасць, магчымасць свабодна мысліць, ствараць, інтэлектуальна і прафесійна расці, уносіць уклад у развіццё калектыву, памыляцца без страху пакарання і г.д.
Для неспрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ўласцівы песімізм, раздражняльнасць, сум, высокая напружанасць і канфліктнасць адносін, няўпэўненасць, боязь памыліцца ці зрабіць дрэннае ўражанне, непаразуменне, падазронасць, недавер адзін да аднаго, нежаданне ўкладваць намаганні ў сумесную працу, у развіццё калектыву, агульная незадаволенасць.
Ускосна аб атмасферы ў калектыве сведчаць такія прыкметы, як узровень цякучасці кадраў, прадукцыйнасць працы, якасць прадукцыі, колькасць прагулаў і спазненняў, скаргаў, якія паступаюць ад супрацоўнікаў і кліентаў, акуратнасць або неахайнасць пры рабоце з абсталяваннем і інш. Так што, мяркуйце самі…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.