Паслугі, якія заўсёды запатрабаваны

Сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без стабільнай кругласутачнай работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яе паслугамі карыстаецца практычна кожны чалавек. На работнікаў камунальнай галіны ўскладзена адказнасць за забеспячэнне нармальнай жыццядзейнасці як горада, так і раёна ў цэлым. У пералік камунальных паслуг уваходзяць рамонт і абслугоўванне жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне вуліц і дваровых тэрыторый, ацяпленне, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, асвятленне, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў і інш.
На здымку: З мэтай эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў у час ацяпляльнага сезону камунальнікі актыўна выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва. Для здрабнення драўніны на шчапу была набыта ўстаноўка, якая дазваляе за змену перапрацоўваць да 20 м3 дроў.
На здымку: майстар Віктар Каваленка, рабочыя Аляксандр Еўдакімаў і Аляксандр Агароднікаў: ідзе працэс вырабу шчапы.

Работу УКП “Жылкамгас” вызначаюць стабільнасць і выніковасць. Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг да ўзроўню 2011 года павялічылася на 87,9%, амаль на 50% узрос аб’ём платных паслуг. Прадпрыемствам на 217,4% забяспечана выкананне задання па інвестыцыях у асноўны капітал. Прыбытак ад рэалізацыі склаў 1546 млн. руб. альбо 167,1% да ўзроўню 2011 года.
Канешне, у дадзенай сферы ёсць праблемы, але паступова кіраўскія камунальнікі імкнуцца ў сваёй рабоце выходзіць на больш высокі ўзровень аказання паслуг.
Дзякуючы адказнай і зладжанай рабоце камунальнікаў, населеныя пункты забяспечваюцца неабходным комплексам жыллёва-камунальных паслуг. З кожным годам наш горад становіцца больш прыгожым і ўтульным, патанаючым у цудоўных кветкавых кампазіцыях — значная работа праводзіцца па азеляненні вуліц. Трэба адзначыць, што своечасовае правядзенне рамонтных работ дазваляе камунальнікам працаваць без буйных аварый на водаправодных і каналізацыйных сетках, кацельнях. Пры гэтым належная ўвага надаецца праграме энергазберажэння, устанаўліваецца сучаснае абсталяванне, якое дазваляе эканоміць не толькі грашовыя сродкі, але і паліўна-энергетычныя рэсурсы. Напрыклад, на 100% выканана заданне па зніжэнні спажывання светлых нафтапрадуктаў.
Умеюць работнікі камунальнай гаспадаркі раёна не толькі добра працаваць, але і з карысцю праводзіць вольны час. Амаль ніводнае спартыўнае мерапрыемства, наладжваемае ў раёне, не абыходзіцца без актыўнага ўдзелу прадстаўнікоў УКП “Жылкамгас”.
За ўсімі дасягненнямі і лічбамі камунальнай службы стаяць людзі. З нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматай упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама ўзнагароджаны майстар па ўліку электраэнергіі Сяргей Хлапкоў, вадзіцелю Яўгену Кушнярову аб’яўлена падзяка Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь. Асаблівых слоў заслугоўвае адказная праца трактарыстаў Ігара Бацюні, Мікалая Елісеенкі, Сяргея Стальмакова, Івана Курылы, Фёдара Дзенісенкі, аператара кацельні СПТВ Васіля Пылыпіва, аператара ачышчальных збудаванняў Алены Яраш, дворніка Галіны Гукавай, электраманцёра Алега Глушакова і іншых.
Многія з работнікаў камунальнай службы сустрэнуць прафесійнае свята на сваіх рабочых месцах, але інакш і нельга, яны заўсёды павінны быць на пасту, ад іх адказнай работы залежаць добраўпарадкаваны і камфортны быт, настрой і здароўе людзей, як на рабоце, так і дома.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.