Сканцэнтраваць увагу на нявырашаных пытаннях

Работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады. Райвыканкамам, сельвыканкамамі, арганізацыямі раёна ў мінулым годзе прымаліся далейшыя меры па павышэнні эфектыўнасці гэтай работы, ухіленні прычын і ўмоў, якія параджаюць скаргі, захаванні законных правоў грамадзян.
На падставе таго, што на працягу апошніх гадоў назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці зваротаў грамадзян (за 2012 год да ўзроўню 2006 года — у 3,4 раза), можна зрабіць вывад, што ў раёне дзейсна спрацоўвае наладжаная сістэма работы, накіраваная на павышэнне якасці жыцця людзей, максімальнае спрашчэнне вырашэння пытанняў, з якімі яны штодзённа сутыкаюцца.
Гэта было адзначана на пасяджэнні райвыканкама, на якім разглядаліся вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2012 годзе. Лічбы і факты агучыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вольга Русецкая.
У райвыканкам, сельвыканкамы за мінулы год паступіла 179 зваротаў: 130 пісьмовых, 35 вусных, 14 электронных. У тым ліку ў райвыканкам — 147 зваротаў грамадзян, 7 — юрыдычных асоб. Апошнія датычыліся тлумачэння заканадаўства ў частцы ўплаты зямельнага падатку, устанаўлення ўласнікаў зямельных участкаў, якасці выкананых будаўнічых работ жылога дома ЖБК.
У структуры зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, 18 (12,2%) насілі характар скаргаў. Можна сказаць, што ў параўнанні з мінулымі гадамі гэтая колькасць даволі нязначная. Акрамя адной скаргі ўсе астатнія былі абгрунтаванымі: 9 вырашаны станоўча, па 6 дадзены тлумачэнні, па 3 факты пацвердзіліся часткова.
Перавалодваючая колькасць зваротаў — 68 (46,3%) з паступіўшых у райвыканкам, датычылася работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання населеных пунктаў.
У параўнанні з папярэднім годам было больш зваротаў па пытаннях транспарту, што звязана са скарачэннем рэйсаў, зменай раскладу руху прыгарадных аўтобусаў.
Больш чым у два разы павялічылася колькасць зваротаў па пытаннях вядзення асабістай гаспадаркі, выкарыстання зямельных участкаў. Як заўважыла Вольга Русецкая, гэта было звязана з тым, што сельвыканкамамі вядзецца работа па ўцягненні ў севазварот сельгасарганізацый пустуючых зямельных участкаў, на якіх грамадзяне самавольна выпасалі асабістую жывёлу. З-за адсутнасці ў землеўпарадкавальнай службы схем размяшчэння ўчасткаў грамадзян, зводнай інфармацыі па кожным з іх штогод паступаюць звароты па зямельных спрэчках. Таму ўказанай службе неабходна аператыўна наладзіць улік і кантроль за выкарыстаннем грамадзянамі зямельных участкаў, правесці іх інвентарызацыю.
З прычыны прадстаячай ліквідацыі Казуліцкага сельскага Савета дэпутатаў было 5 зваротаў у райвыканкам па пытаннях работы органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання.
Адмоўнай адзнакай работы са зваротамі грамадзян з’яўляюцца паўторныя звароты: летась іх паступіла ў райвыканкам 3, па двух дадзены тлумачэнні, адзін задаволены.
У сельвыканкамы раёна ў мінулым годзе паступіла 32 звароты, на 14 менш, чым у 2011 годзе. Станоўчыя вынікі дае наладжаная на вёсцы сістэма работы з насельніцтвам.
Свае заўвагі наконт стану работы са зваротамі грамадзян выказаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён негатыўна ацаніў тое, што ўзрасла колькасць скаргаў, якія належаць вырашэнню: значыць, адказныя службы і асобы пакуль не заўважаюць таго, што ў іх штодзённай працы павінна вырашацца без зваротаў і скаргаў. Тым самым людзям даецца падстава, каб яны паскардзіліся. У сувязі з гэтым патрабуецца больш прафесіяналізму ў рабоце.
Многія пытанні, зыходзячы з запатрабаванняў, якія ставілі ў апошнія пяць год жыццё і людзі, знаходзілі сваё вырашэнне, магчыма, не адразу, але станоўчых вынікаў дасягалі. Таму засталося не так многа сфер дзейнасці і напрамкаў работы, па якіх паступае асноўная колькасць абгрунтаваных скаргаў і зваротаў: гэта жыллёва-камунальная гаспадарка, зямельныя пытанні, стан дарог. Старшыня райвыканкама даручыў службам райвыканкама і арганізацыям раёна сканцэнтраваць сваю работу менавіта на тых напрамках, праблемы па якіх пакуль не вырашаны, працаваць на папярэджванне скаргаў і недапушчэнне паўторных зваротаў.
Што датычыцца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, быў адзначаны той станоўчы факт, што ў параўнанні з колькасцю і характарам зваротаў і скаргаў, якія мелі месца яшчэ тры гады таму, зараз сітуацыя значна палепшылася. У многім гэта адбылося і дзякуючы наладжванню работы дыспетчарскай службы. Хаця па якасці выканання заявак насельніцтва і своечасовасці яшчэ ёсць пытанні, і над гэтым камунальнікам трэба карпатліва працаваць. На думку кіраўніка раёна, калі штогод мэтанакіравана выконваць намечаны план работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону, гэта істотна паўплывае на змяншэнне зваротаў і скаргаў насельніцтва.
У ходзе пасяджэння райвыканкама Вольга Русецкая прывяла наступныя дадзеныя. На вусным прыёме кіраўніцтвам райвыканкама ў 2012 годзе прынята 24 чалавекі, з іх старшынёй — 20. Запатрабаваны ў насельніцтва праводзімая кіраўніком раёна ў ходзе асабістага прыёму грамадзян “прамая тэлефонная лінія”, на якую звярнулася 22 чалавекі, а таксама “гарачая лінія” райвыканкама, на якую звярнулася 66 чалавек.
Страчвае сваю значнасць такая форма работы, як штомесячныя выязныя вусныя прыёмы грамадзян: летась у ходзе іх правядзення звярнулася 9 чалавек (у 2011 г. — 39).
Інфармацыйнай службай “адно акно” райвыканкама за 2012 год прынята 2992 чалавекі, што на 225 больш, чым за папярэдні год. Спецыялістамі службы падрыхтавана і накіравана ў іншыя органы (арганізацыі) 1640 запытаў.
На пасяджэнні была таксама заслухана і абмеркавана інфармацыйная запіска пракурора раёна В.А.Паршука “Аб выніках абагульнення практыкі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян на тэрыторыі раёна ў 2012 годзе”.
Канкрэтныя меры па ўдасканаленні работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, распрацаваныя з улікам усіх заўваг і прапаноў, знайшлі сваё адлюстраванне ў прынятым райвыканкамам рашэнні.
Падрыхтавала
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.