Спартыўнае свята — здароўя багата!

Спартыўнае мерапрыемства, якое адбылося ў а/г Скрыпліца ў адзін з выхадных дзён, стала сапраўдным святам для аматараў здаровага ладу жыцця. Удзел у ім прынялі жыхары аграгарадкоў Скрыпліца і Барчыцы, вёсак Хвайніца і Капусціна. Прыхільнікі актыўнага адпачынку ў межах спартыўных спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе” змаглі прадэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку ў лыжных гонках, скачках у даўжыню, падцягванні на высокай перакладзіне, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў, гледачоў і балельшчыкаў зімовага мнагаборства звярнуліся старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Рышкевіч, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Гаўрылаў, старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба раёна Міхаіл Уніятаў. Права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена настаўнікам фізкультуры Барчыцкай і Скрыпліцкай школ Віктару Бялянаву і Феафану Аляшкевічу.
За прызавыя месцы спрачаліся 29 жыхароў сельсавета.
Найбольш цікавымі і захапляючымі сталі лыжныя гонкі і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Самымі трапнымі стралкамі сталі: у мужчын — Аляксандр Ермалаеў, у жанчын — Еўдакія Белаглазава. У лыжнай гонцы не было роўных Вераніцы Няфёдавай і Віктару Бялянаву. Далей у мужчын было падцягванне на высокай перакладзіне, жанчыны спаборнічалі ў пад’ёме тулава. Агульны від спартыўнай барацьбы — скачкі ў даўжыню — выявіў лепшых, імі сталі Аляксандр Ермалаеў і Вераніка Няфёдава.
Згодна агульных вынікаў спартыўнага свята, пераможцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца — Вераніка Няфёдава, другое — Еўдакія Белаглазава, трэцяе — Наталля Сямёнава, у мужчын — адпаведна: Аляксандр Ермалаеў, Віктар Бялянаў і Мікалай Ермалаеў. Усе прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.
Пакуль аматары спорту спрачаліся за прызавыя месцы, для іншых былі арганізаваны разнастайныя забаўляльныя гульні, гучала вясёлая заўзятая музыка. Усе жадаючыя маглі пасмакаваць цудоўныя румяныя бліны, смачныя пірагі і гарачы чай.
Усе, хто ў гэты дзень прыняў удзел у свяце, не толькі цікава і з карысцю правялі вольны час, адпачылі душой і целам, але і ўмацавалі сваё здароўе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.