Стыхія знянацку не заспела

Снежны цыклон “Хавер”, які накрыў Беларусь ў мінулыя выхадныя, не мінуў і Кіраўшчыну, але, нягледзячы на стыхію, якая гэтак разбушавалася, асаблівых надзвычайных сітуацый у раёне, на шчасце, не зарэгістравана.
Асноўная нагрузка легла на службы, якім давялося ачышчаць вуліцы і дарогі ад снегу. Тут актыўнымі тэмпамі працавала спецтэхніка УКП “Жылкамгас” і КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ-197.
Снегаўборачная тэхніка ДРБУ-197 15, 16 і 17 сакавіка працавала ў дзве змены. На ачыстцы дарог былі задзейнічаны 4 трактары МТЗ, 3 пагрузчыкі, 2 аўта-грэйдзеры, 2 аўтамабілі МАЗ з адваламі, 1 камбініраваная дарожная машына з магчымасцю пасыпкі дарог пясчана-салянай сумессю. Акрамя гэтага, пры неабходнасці работнікамі прадпрыемства аказвалася дапамога вадзіцелям аўтамабіляў, якія трапілі ў снежны “палон”.
Як адзначыў у размове начальнік ДРБУ-197 Віталь Токараў, нараканняў ад грамадзян на работу прадпрыемства пры правядзенні снегаўборачных работ не паступала. Па стане на ўчарашні дзень асноўныя аўтадарогі раёна ачышчаны ад снежных заносаў, але шмат яшчэ работы па ўборцы снегу на прасёлачных дарогах.
Больш за 10 адзінак тэхнікі УКП “Жылкамгас” былі задзейнічаны на ўборцы снегу на вуліцах і дваровых тэрыторыях горада. Актыўнымі тэмпамі снегаўборачныя работы прадпрыемствам вядуцца і зараз.
Якаснае правядзенне рамонтных і абслугоўваючых работ дазволілі калектыву раёна электрасетак сустрэць стыхію, як гаворыцца, “узброенымі”. Па лініі гэтай службы адбыліся толькі 2 выпадкі адключэння электрычнасці: у населеных пунктах Падлужжа і Шалаёўка. На тэрыторыі горада зарэгістраваны адзінкавыя вызавы ў сувязі з няспраўнасцю электрычнасці. Усе яны былі ліквідаваны за кароткі тэрмін.
Ва ўзмоцненым рэжыме вялося дзяжурства супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дзяржаўтаінспекцыі, работнікаў райбальніцы. Па лініі гэтых службаў ніякіх надзвычайных сітуацый не адбылося.
У сувязі са складанымі пагоднымі ўмовамі таксама быў зменены графік работы раённага і сельскіх паштовых аддзяленняў: дастаўка перыёдыкі і карэспандэнцыі замест суботы ажыццяўлялася ўчора.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.