Узнагароджаны ордэнам Маці

Напярэдадні Дня жанчын з цудоўным веснавым святам павіншаваў маці і працаўніц рэгіёна губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік. На святочнае мерапрыемства ў аблвыканкам былі запрошаны каля 40 жанчын з розных раёнаў Прыдняпроўскага краю. Сярод іх былі і нашы зямлячкі — мнагадзетныя маці Наталля Хвясько і Вольга Петрусёва. Ім у ліку шасці ўдзельніц сустрэчы былі ўручаны ордэны Маці ў адпаведнасці з падпісаным у лютым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Жанчыны таксама атрымалі кветкі і каштоўныя падарункі. Мнагадзетным сем’ям была аказана матэрыяльная дапамога.
У адрас матуль прагучала шмат слоў удзячнасці, быў паказаны святочны канцэрт.
Пасля сустрэчы віноўніцы ўрачыстасці падзяліліся з рэдакцыяй сваімі уражаннямі.
Сям’я кіраўчанкі Вольгі Петрусёвай выхоўвае двух сыноў і трох дачушак: старэйшая Настасся і блізняты Вячаслаў і Уладзіслаў — школьнікі, малодшыя Дар’я і Аляксандра наведваюць дзіцячы садок. Вольга Алегаўна лічыць, што самая шчаслівая жанчына — гэта мнагадзетная маці. “Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву нашай краіны за высокую ўзнагароду, — адзначыла жанчына. — Мы заўсёды адчуваем клопат дзяржавы, карыстаемся льготамі, якія прадастаўляюцца мнагадзетным сем’ям. Дарэчы, у 2011 годзе, дзякуючы дапамозе дзяржавы, пабудавалі кватэру. Што тычыцца святочнага мерапрыемства, якое адбылося ў Магілёве, то ўсё было проста шыкоўна!”
Наталля Хвясько разам з мужам выхоўваюць пяцёра дзяцей: старэйшы сын праходзіць тэрміновую армейскую службу, дачка — студэнтка БДУ, двое сыноў навучаюцца ў школе, а самай маленькай Палінцы ўсяго паўтара года. Муж Наталлі Іванаўны працуе механізатарам у СВК “Добасна-агра”. Гаспадарка выдзеліла сям’і дыхтоўны дом.
Прыём у аблвыканкаме, адзначыла Наталля Хвясько, пакінуў самыя прыемныя ўражанні.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.