Вялікі пост

“Раёнка” пацікавілася ў прадстаўнікоў духавенства і кіраўчан, ці прытрымліваюцца яны пастоў і якое значэнне пост мае ў іх жыцці.
Аляксей ЗАМБРЫЖЫЦКІ, настаяцель Мышкавіцкага Свята-Троіцкага храма і Паўлавіцкага Свята-Параскееўскага храма:
— Пост — гэта наш сродак падрыхтавання да царства нябеснага. Падчас посту самая галоўная наша задача — унутраныя перамены, ачышчэнне душы ад усяго дрэннага, што мы назапасілі ў ёй. Паступова мы збіраем грахі ў душы, якія ў выніку вядуць яе да акамянення. Каб ачышчаць душу ад гэтага смецця, Божанька і падараваў нам пост.
Пост — гэта час, калі мы, утрымліваючыся ад пэўных відаў ежы, усё ж такі асноўную ўвагу звяртаем на тое, што павінны пасціцца перш за ўсё духоўна. Значыць, змяніць свой звыклы лад жыцця альбо хаця б паспрабаваць гэта зрабіць. Агарадзіць сябе ад забаў, больш чытаць духоўнай літаратуры, больш рабіць міласэрных учынкаў. Усё гэта — менавіта тое, што прывядзе нас да выратавання.
Абмежаваць сябе ад ужывання пэўнай ежы — гэта толькі пачатковая стадыя, самае галоўнае — духоўнае ўдасканаленне.
ТАМАРА, 43 гады:
— Усіх нас ахутваюць мірскія справы, работа, вучоба. І ў гэтай жыццёвай гонцы няма часу падумаць аб сваёй душы. Пост нам дадзены менавіта для таго, каб прыпыніць гэты жыццёвы бег, каб больш уважліва зазірнуць у сябе: як мы жывем? Што робім? Якія нашы думкі і дзеянні?..
Таму падчас Вялікага посту трэба не толькі не есці мяса і адмовіцца ад тэлебачання і камп’ютара — няхай яны пакуль пачакаюць, трэба ўдзельнічаць у царкоўных службах, маліцца, рабіць своеасаблівую работу над сваімі жыццёвымі памылкамі.
НАСТАССЯ, 20 год:
— Некалькі год таму я прыняла таінства Хрышчэння, далучылася да праваслаўнай царквы. Перад гэтым прачытала шмат тэматычнай літаратуры, глядзела відэафільмы, бо хацелася зрабіць гэты крок усвядомлена.
Маю вопыт прытрымлівання посту, аднак не шматдзённага. Пакуль адважыцца на такі подзвіг мне складана. На жаль, для мяне Вялікі пост — пакуль што сапраўдны подзвіг…
ТАЦЦЯНА, бабуля чатырох унукаў:
— Я лічу сябе веруючым чалавекам, аднак, на жаль, пастоў не прытрымліваюся… Магчыма, мая вера не настолькі моцная, магчыма, не хапае сілы волі, духу. Разумею, што пост — гэта не толькі абмежаванне ў ежы, але і духоўная работа над сабой, аднак у шэрагу штодзённых клопатаў аб дзецях, унуках на сябе часу неяк не хапае.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.