Чарнобыль — незагойная рана беларускай зямлі

Дзень чарнобыльскай трагедыі — гэта дзень памяці аб тых, хто, не шкадуючы свайго здароўя і нават жыцця, спрабаваў выратаваць чалавецтва ад гібелі.
У ліквідацыі наступстваў катастрофы былі за-дзейнічаны тысячы людзей. Сярод іх і ўраджэнец Клімавіч, а з 1989 года — жыхар г.Кіраўска Васіль Піменавіч Шалыгін. Ён мае нагрудны знак “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”.
Нарадзіўся В.П.Шалыгін у маі 1938 года ў вялікай і дружнай сям’і, дзе акрамя яго выхоўвалася яшчэ сямёра дзяцей. Бацькі былі небагатыя, таму давялося Васілю пасля заканчэння 8-мі класаў пайсці працаваць. Першым месцам работы стаў Клімавіцкі ветэрынарна-заатэхнічны тэхнікум: тут прымаў удзел у будаўніцтве інтэрната, а ўзімку займаўся абагрэвам памяшканняў. Паралельна з работай атрымліваў сярэднюю адукацыю, займаючыся ў вячэрняй школе.
У 1957 годзе юнак паступіў у Полацкую гандлёвую школу, але пасля трох месяцаў вучобы быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Службу Васіль праходзіў у Ленінградскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі паступіў на завочнае аддзяленне Ленінградскага фінансава-эканамічнага тэхнікума. Затым па рэкамендацыі Камуністычнай партыі, у рады якой уступіў падчас службы ў арміі, быў накіраваны на работу ў фінансавы аддзел Клімавіцкага райвыканкама, на пасаду інспектара.
У 1967 годзе Васіль Піменавіч паступіў у Вышэйшую школу УЦСПС на факультэт эканомікі. У гэтым жа годзе паўстала пытанне аб аб’яднанні фінансавага аддзела райвыканкама і падатковай службы. В.П.Шалыгіну прапанавалі узначаліць гэтую структуру. Увогуле ў фінансавай сістэме ён адпрацаваў больш за 44 гады, узнагароджаны медалём “Ветэран працы”, нагрудным знакам “Выдатнік фінансавай работы”.
У 1986 годзе, калі радыёактыўнае воблака Чарнобыля накрыла ў ліку іншых і Клімавіцкі раён, Васіль Піменавіч узначаліў адзін з атрадаў, які кантраляваў радыяцыйную сітуацыю ў найбольш пацярпеўшых населеных пунктах. Работы было шмат: вялікай праблемай з’яўлялася забеспячэнне населеных пунктаў чыстай вадой, даводзілася па некалькі разоў адкачваць ваду з калодзежаў. Дзе не дабіваліся станоўчых вынікаў, бурылі глыбінныя свідравіны. Праводзіліся работы па зняцці верхняга слою грунту. З дапамогай ваеннаслужачых чысцілі і мылі дахі дамоў. На забруджаныя тэрыторыі выязджалі медыкі, грамадзянам раздавалі ёдаўтрымліваючыя прэпараты, пад кантролем было і забеспячэнне чыстымі прадуктамі харчавання, якія штодзённа дастаўляліся ў праблемныя населеныя пункты.
Значная інфармацыйная работа праводзілася з насельніцтвам у забруджаных радыяцыяй вёсках: вельмі складана было данесці да свядомасці сяльчан, што многае з таго, што рабілася дзесяткі год, стала нельга. Нельга ў жываць у ежу тое, што вырасла на “хворай” зямлі, нельга пасвіць жывёлу і ўжываць малако, мяса, нельга купацца і вудзіць рыбу ў рэчцы, нельга быць на сонцы і інш.
Пад пільным кантролем былі работы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, асабліва гэта тычылася механізатараў, бо ім даводзілася працаваць на зямлі, забруджанай радыёнуклідамі. На мехдварах штодзённа праводзілася дэзактывацыя сельгастэхнікі. Большасць тэрыторый, дзе ўзровень радыяцыі быў надта высокім, агароджвалася, выястаўляліся забаронныя знакі.
На жаль, але многае з таго, што рабілася, каб мінімізаваць наступствы чарнобыльскай трагедыі, не дало станоўчых вынікаў. Таму было прынята рашэнне аб перасяленні жыхароў шэрагу вёсак Клімавіцкага раёна на “чыстыя” тэрыторыі.
Васіль Піменавіч успамінае: “Вельмі складана было растлумачыць людзям, асабліва пажылым, чаму яны павінны пакідаць мясціны, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе выгадавалі дзяцей, дзе працавалі, дзе ўсе разам змагаліся з фашысцкімі захопнікамі, а потым са слязамі радасці на вачах сустракалі Перамогу. Чаму трэба пакінуць сваю радзіму, дзе да ўсяго нібыта сэрцам прырос? Пужала іх і невядомасць: што будзе далей, як прыжывуцца на новым месцы?”
Але, як гаворыцца, жыццё бярэ сваё, вось ужо і сам Васіль Піменавіч шмат год жыве ў Кіраўску, тут выраслі дзеці, тут з’явіліся ўнукі, тут выйшаў на заслужаны адпачынак.
Ён са слязамі на вачах прыгадаў сваю апошнюю паездку на радзіму: тыя мясціны, дзе калісьці бруіла жыццё, звінеў дзіцячы смех, квітнелі сады і калыхаліся хлебныя нівы, зараз ператварыліся ў пустэчу, зараснікі хмызняку. Успомніў і тых, з кім давялося працаваць на забруджанай тэрыторыі, на жаль, большасці з іх ужо няма ў жывых.
Напрыканцы размовы В.П.Шалыгін адзначыў, што зараз яму хочацца аднаго: каб больш не было такіх страшных трагедый у гісторыі Беларусі, каб людзі займаліся толькі стваральнай працай, каб прыгажэла і квітнела наша краіна!
P.S. Гэты год у сям’і Шалыгіных адметны: у сярэдзіне мая Васіль Піменавіч адзначыць сваё 75-годзе, а ў ліпені згуляюць з жонкай Дзіянай Паўлаўнай, залатое вяселле.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.