Дружна папрацавалі — добры вынік атрымалі!

Удзел у суботніку ў раёне прыняло больш за 8 тыс. чалавек, улічваючы школьнікаў. Зароблена больш за 90 млн.руб., якія будуць пералічаны ў Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і далей выкарыстаны для закупу аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі для ўстаноў аховы здароўя, на рэалізацыю мерапрыемстваў па правядзенні ў бягучым годзе Года беражлівасці, а таксама для падрыхтоўкі да летняга сезону дзіцячых аздараўленчых лагераў.
Усім арганізацыям, прадпрыемствам і ўстановам рабочай групай па падрыхтоўцы і правядзенні суботніка загадзя былі вызначаны дакладныя ўчасткі і аб’ёмы работ.
Адным з сацыяльна значных аб’ектаў, дзе вяліся работы па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі, стала гарадская лазня. Шчыравалі тут мужчыны з ліку работнікаў райвыканкама на чале з кіраўніком раёна Уладзімірам Піскіжавым (на здымку).
Некаторыя арганізацыі распачалі свае работы загадзя і да суботніка частка пастаўленых задач была выканана. “Тым не менш, — адзначыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам у дзень рэспубліканскага суботніка кіраўнік раёна Уладзімір Піскіжаў, — фронт работ яшчэ значны. Прыемна, што з кожным годам мы ў плане добраўпарадкавання адыходзім ўсё далей ад цэнтральных вуліц і адміністрацыйных будынкаў, наводзячы парадкі на іншых вуліцах горада. Гэтую работу неабходна правесці дружна і зладжана, бо зацяжная вясна ўнесла свае карэктывы і паралельна з навядзеннем парадку на зямлі неабходна хуткімі тэмпамі правесці пасяўную кампанію.
Хочацца адзначыць, што грамадзяне з большай адказнасцю пачалі ставіцца да навакольнага асяроддзя, падтрымання належных санітарных умоў як у горадзе, так і ў сельскіх населеных пунктах. У бягучым годзе мы будзем працягваць работу па азеляненні горада, а таксама пашырылі пералік вуліц, на якіх будуць зроблены клумбы для высадкі кветак.
Спадзяюся, што жыхары раёна атрымаюць маральнае задавальненне ад вынікаў нашай агульнай работы падчас рэспубліканскага суботніка”.
Работамі па падрыхтоўцы газонаў на вуліцах горада пад высадку кветак займаліся работнікі райвыканкама, ЦБП №709 ААТ “ААБ Беларусбанк” і аддзялення “Белаграпрамбанка”, аддзела статыстыкі, ваенкамата, дзяржстраху, раённага аддзела адукацыі, райспажыўтаварыства, інспекцыі па падатках і зборах, ад-дзела культуры, фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, УКП “Бытпаслугі”, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і аптэкі.
Члены савета ветэранаў вырашылі ўнесці свой пасільны ўклад у агульную карысную справу — навядзенне чысціні і парадку на вуліцах райцэнтра. Яны фарбавалі лавы ля памятнага знака воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Прадстаўнікі УКП “Жылкамгас” акрамя выканання сваіх асноўных работ разам з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях былі заняты на разборцы дома №10 па вул.Ленінскай. Таксама на разборцы дома па вул.Саўгаснай і гаспадарчых пабудоў па вул. Мельнікава былі задзейнічаны супрацоўнікі РВЭС, Энерганагляду, ААТ “Кіраўск-лён”, райпаліўзбыту “Вадгасу” і раёна электрасетак.
Самы актыўны ўдзел у агульнай дабрачыннай акцыі па навядзенні парадку прынялі вучні школ раёна: так, СШ№1 займалася ачысткай ад смецця вуліцы Валадарскай, а гімназіі — вуліц Гагарына і Арлоўскага. Таксама на ўборцы вуліц горада і выдаленні кустоўя былі заняты работнікі раённага вузла паштовай сувязі, ДЮСШ, газазабеспячэння, ПМК-255 і ДРБУ-197.
Работнікамі Бабруйскага лясгаса была праведзена ўборка тэрыторый зон адпачынку на трасе Бабруйск—Магілёў, пры неабходнасці праводзіўся рамонт і афарбоўка малых архітэктурных збудаванняў. Значны аб’ём работ быў выкананы на Чыгірынскім вадасховішчы, дзе на ўборцы прыбярэжнай паласы шчыравалі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райветстанцыі, райбальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. А вось працоўны дэсант упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, насеннай інспекцыі і райплемстанцыі займаўся выкарчоўкай дрэў пладовага саду СВК “Калгас “Свярдлова”.
Сельгасарганізацыі раёна займаліся навядзеннем парадку на фермах і мехдварах, рамонтам плоту ля прылягаючых да іх тэрыторыях.
У кожным сельвыканкаме былі распрацаваны свае планы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый, мемарыяльных комплексаў, абеліскаў і брацкіх магіл, якія рэалізоўваліся напярэдадні і падчас суботніка.
Прайшоўшы суботнік — справа карысная, але неабходна, каб надалей работы па добраўпарадкаванні толькі актывізаваліся. Бо навядзенне чысціні, утрыманне грамадскіх і іншых месцаў у належным стане — важная справа як працоўных калектываў, так і ўсіх жыхароў Кіраўшчыны.
Людміла СЯМЁНАВА.
ФОТА Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.