Каб ведалі і памяталі

З нагоды Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў на мінулым тыдні па ўсёй краіне прайшлі памятныя мерапрыемствы з мэтай фарміравання ў сучаснага маладога пакалення грамадзянскай сталасці, прывіцця любові да сваёй Радзімы, жадання спрыяць яе росквіту.
Не стаў выключэннем і наш раён. У цэнтральнай бібліятэцы для вучняў 10 — 11 класаў СШ №1 быў праведзены ўрок памяці пад назвай “Канвеер смерці”. Рабяты даведаліся аб фашысцкіх канцлагерах Бухенвальд і Дахаў, Асвенцым, Майданэк, Маўтхаўзэн, Штутгоф, Заксанхаўзэн, Трэблінка. Яны праектаваліся не як месцы зняволення, а як фабрыка смерці. Гэты адладжаны канвеер смерці ператвараў у попел па некалькі тысяч чалавек у дзень. Расказ дапоўнілі кадры відэа-фільма “Фабрыка смерці”.
Адна з малавядомых старонак Вялікай Айчыннай вайны — трагедыі былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Дзеці станавіліся заложнікамі, донарамі, біялагічнай сыравінай для злачынных “медыцынскіх” эксперыментаў. Нямногім з іх пашанцавала выжыць і вярнуцца на родную зямлю. Вучням былі зачытаны вытрымкі з успамінаў тых, хто зведаў увесь жах канцэнтрацыйных лагераў. Сярод іх і наша зямлячка Э.А. Самбур, якая разам з сям’ёй знаходзілася ў канцлагеры Азарычы. “Раніцай, — успамінае Эма Аляксандраўна, — паступіла каманда грузіцца ў таварныя вагоны. Везлі нядоўга, на чыгуначнай станцыі нас высадзілі, адабралі, у каго былі, прадукты і цёплую вопратку. І пагналі па мокрым снезе, гразі ў бок пасёлка Азарычы. Ішлі некалькі дзён, тых, хто не мог стаць на ногі пасля халоднай ночы, расстрэльвалі на месцы. Расстрэльвалі і тых, хто абяссілеўшы, адставаў ад калоны. Па ўсёй дарозе заставаліся трупы…”
На мерапрыемства была запрошана былы вязень канцлагера кіраўчанка М.Л.Бячкова. Зараз Марыя Лаўрэнцьеўна на заслужаным адпачынку, мае трох дзяцей, унукаў і праўнукаў. А калісьці шасцігадовай дзяўчынкай трапіла ў лагер смерці, што знаходзіўся ў Бабруйску. Са слязамі на вачах жанчына падзя-лілася з прысутнымі ўспамінамі аб тых страшных днях, калі не давалі ні ежы, ні вады, толькі хлеб-эрзац, які напалову складаўся з вотруб’я і пілавіння: яго горкі смак і па сённяшні дзень не забываецца жанчыне. “Нібыта ён і зараз у роце”, — зазначыла жанчына. Яна прыгадала няспынныя аўтаматныя чэргі, целы забітых, памершых ад хвароб, холаду, голаду, якія ляжалі сярод жывых. У той вайне ніхто не глядзеў ні на пол, ні на ўзрост. Успомніла Марыя Лаўрэнцьеўна і тыя часіны, калі вайна скончылася, і людзі пачалі вяртацца дадому на папялішчы.
З цікавасцю і спагадай слухалі вучні расказы былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, з жахам у вачах глядзелі кадры відэафільмаў, з заміраннем сэрца ўспрымалі трагічныя лічбы загінуўшых. І ніводнага пабочнага гука, ніводнага руху… І гледзячы на іх твары, было зразумела, гэты ўрок памяці не прайшоў дарэмна і здолеў закрануць сэрцы тых, хто ведае аб жорсткіх днях вайны толькі па расказах відавочцаў і са старонак падручнікаў…
Кацярына КІРЭЕВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.