На сяўбе кожная хвіліна на ўліку

Земляробы дачакаліся ад прыроды сапраўднага цяпла, а разам з тым і “гарачай” веснавой пары — сяўбы. Хуткімі тэмпамі апрацоўваецца глеба, засяваюцца палі, праводзіцца падкормка азімых.
У мінулую пятніцу, калі мы наведаліся ў СВК “Чырвоны баец”, веснавыя палявыя работы вяліся тут поўным ходам.
У гэты дзень у гаспадарцы распачалі сеяць кукурузу на зерне. На полі каля в.Полькавічы на МТЗ-82 з сеялкай “Ферабокс” шчыраваў Дзмітрый Аляксееў: тут на плошчы каля 70 га неўзабаве ўздымецца ўвысь “каралева палёў” сорта “кітака” французскай селекцыі. Дзмітрый Аляксееў — механізатар вопытны, добрасумленны, таму і давяраюць яму ў гаспадарцы адказныя ўчасткі работ: улетку ён заняты на нарыхтоўцы кармоў, а калі надыходзіць жніво, перасаджваецца за штурвал камбайна.
Наступнай кропкай нашага прыпынку сталі палеткі каля в.Новыя Дваранінавічы. Яшчэ здалёк запрыкмецілі магутны трактар МТЗ-3022 з АКПМ-6, якім кіраваў вопытны механізатар Міхаіл Макаронак. У гэты дзень Міхаіл Міхайлавіч быў заняты на сяўбе ячменю сорта “якуб”. Для таго, каб работа ішла без збояў, тэрмінова дастаўляў і загружаў у сеялку насенне Юрый Кітоў.
Не менш адказны ўчастак работы — падкормка азімых. Калі разам з галоўным аграномам Аляксеем Шаверавым мы накіраваліся па поле каля Шпілеўшчыны, упэўненасці ў тым, што заспеем там механізатара Віталя Бабкова, які заняты на гэтых работах, не было. Як адзначыў у размове галоўны аграном, поле тут займае ўсяго каля 22 га, а Віталь Бабкоў у дзень паспявае падкарміць каля 70-80 га. Калі “раёнка” дабралася да патрэбнага поля, тут якраз ішла загрузка агрэгата карбамідам. Дарэчы, на падкормцы азімых у гэтым годзе ў гаспадарцы занята 2 адзінкі тэхнікі, за тыдзень Віталь Бабкоў разам з напарнікам Мікалаем Масюковічам апрацавалі амаль 300 га азімага рапсу і 900 га азімых збожжавых.
Паралельна з асноўнымі работамі вядзецца падрыхтоўка глебы пад цукровыя буракі і кукурузу. На гэтых работах заняты сямейны экіпаж у саставе бацькі і сына Аляксандра і Аляксея Масюковічаў. На закрыцці вільгаці працуюць Андрэй Новік і Аляксандр Макаронак. Для таго, каб палеткі хутчэй прасыхалі, праводзіцца іх культывацыя.
У гаспадарцы добра разумеюць і тое, што для атрымання добрага ўраджаю неабходна ў мінімальныя агратэхнічныя тэрміны правесці пасяўную кампанію. Менавіта таму ўсе палявыя работы вядуцца кругласутачна: сяўба, культывацыя, прыкатванне глебы і інш.
Усяго ў гаспадарцы плануюць засеяць збожжавымі і зернебабовымі 1325 га: з іх 414 га — збожжавымі, 641га — кукурузай, акрамя таго мяркуюць засеяць 270 га цукровымі буракамі, падсеяць канюшыну на 250 га. Па стане на 26 красавіка ў гаспадарцы ўжо было пасеяна ранніх збожжавых і зернебабовых 66% да плана.
Для таго каб справіцца з веснавымі палявымі работамі ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны і якасна правесці сяўбу ёсць усе падставы: спраўная тэхніка, запас паліва і насення, жаданне механізатараў працаваць высокапрадукцыйна, падмацаванае належнай дысцыплінай. Распрацаваны меры матэрыяльнага і маральнага заахвочвання. Той, хто ў час вясенніх палявых работ папрацуе з душой, мае шанцы зарабіць неблагія грошы: за дзень — ад 200 да 500 тыс. рублёў. Наладжана тут і двухразовае харчаванне: гарачыя абеды дастаўляюцца на палеткі, на вячэру выдаюцца сухпайкі.
У “Чырвоным байцы” плануюць завяршыць сяўбу ранніх збожжавых да 1 мая.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.