НАВІНЫ СПОРТУ

Да чэмпіёнства — паўкрока!..
Яшчэ больш умацавалі статус лідараў выхаванкі аддзялення валейбола ДЮСШ 1998-99 г.н., выступаючыя ў дзіцяча-юнацкай валейбольнай лізе краіны. У 3-м туры, які праходзіў у Брэсце, падапечныя Сяргея Лазаковіча не дазволілі ўсім сваім канкурэнткам узяць верх над сабой. ВК “Мінск” кіраўчанкі перамаглі з лікам 3:0, каманды Мазыра і Брэста — па 3:1 кожную. З саперніцамі з Баранавіч згулялі з лікам 3:2 на карысць кіраўчанак. З 38-мю набранымі ачкамі Кіраўск працягвае ўзначальваць турнірную табліцу. І, хутчэй за ўсё, нашым дзяўчатам сёлета павінен скарыцца п’едэстал гонару. Апаненты істотна адстаюць. Баранавічы набралі 26 балаў, Мазыр — 24, Брэст — 19, ВК “Мінск” — 13, каманда “Мінск-прафсаюзы”, якая не прыехала для ўдзелу ў 3-м туры, наогул заліковымі ачкамі так и не не “разжылася”. Цяпер для агульнага чэмпіёнства кіраўчанкам у апошнім туры дастаткова набраць хаця б адно ачко — выйграць нават не ўвесь матч, а толькі дзве партыі ў адной сустрэчы. Гэта — тэорыя. А на практыцы, мы ведаем, нашы дзяўчаты згодныя (і здольныя!) толькі на максімальны вынік.

Баталіі — міні-футбольныя
У Жылічах прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе ў рамках круглагадовай раённай спартакіды калектываў фізкультуры. У трох групах за адзіныя пуцёўкі ў фінальную частку спрачаліся 11 каманд. Тром з іх, якія, ўвайшлі ў лік прэтэндэнтаў на перамогу, удалася перамагчы ўсіх сваіх апанентаў. Так, футбалісты ДЮСШ абыгралі зборныя РАУС, СВК “Калгас “Беларусь” і ліцэя №15. Каманда СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ўзяла верх над прадстаўнікамі аддзела адукацыі, РУП “Жылічы” і СВК “Добасна-агра”, а зборная Жыліцкага сельгаскаледжа была мацнейшай за каманды РАНС і УКП “Жылкамгас”. У фінальнай “пульцы” перамогу святкавалі спартшколаўцы. Яны перамаглі і рассветаўцаў, і жылічан — з лікам 7:2 і 6:4 адпаведна. Другое месца дасталося гаспадарам пляцоўкі, якія адолелі “Рассвет”.

З “золатам” і шматлікімі падарункамі
У сталіцы краіны прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскага турніру па біятлоне, лыжных гонках і стральбе “Снежны снайпер-2013” пад патранажам прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У саставе зборнай Магілёўскай вобласці выступала вучаніца Паўлавіцкай школы Крысціна Гайдук. Вельмі хвалявалася наша прадстаўніца падчас стралковых спаборніцтваў, таму паказала не самы свой лепшы рэзультат, заняўшы ў выніку 25-месца. А вось у лыжных гонках Крысціна была куды больш сабранай і заняла высокае 11-е месца з 49-ці ўдзельніц. У агульным заліку ў яе было 15-е месца і прынесеныя ў капілку зборнай заліковыя ачкі. Выдатна выступілі яе партнёры па камандзе. Усе разам магіляўчане заваявалі першае агульнакаманднае месца!
Дарэчы, шматлікія ўдзельнікі з усіх абласцей краіны з’ехаліся ў сталіцу не толькі, каб пазмагацца за званне мацнейшых. Яны акунуліся ў атмасферу сапраўднага спартыўнага свята, сустрэліся са сваімі спартыўнымі кумірамі, асобныя з якіх ужо сталі сапраўднымі легендамі. Самі імёны гавораць за іх: Сяргей Мартынаў, Святлана Парамыгіна, Алег Рыжанкоў, Алена Зубрылава, Дар’я Домрачава, Аляксандр Сыман, Людміла Ананька… Як і ўсе іншыя юныя спартсмены, Крысціна Гайдук вярнулася дадому з незабыўнымі ўражаннямі і, акрамя таго, шматлікімі падарункамі, сярод якіх — камплект спартыўнай формы для заняткаў любімымі відамі спорту.

Умацавала каманду суседзяў
Кіраўчанка Дар’я Рыжова была запрошана ў састаў каманды Бабруйска для ўдзелу ў першым туры Дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі сярод дзяўчат 2001 года нараджэння, які праходзіў у Гродне. Даша істотна ўмацавала каманду суседзяў — такое меркаванне выказалі трэнеры-бабруйчане. Наша цэнтральная нападаючая была адной з лепшай на пляцоўцы і дапамагла партнёршам перайграць каманды Гродна (3:0), Магілёва (3:0) і ВК “Мінск” (2:1).
Аляксандр ХАХЛОЎ,
намеснік дырэктара ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.