Паклікала сейбітаў поле

У мінулую суботу, калі праходзіў рэспубліканскі суботнік, журналісты “раёнкі” акрамя асвятлення ходу работ па добраўпарадкаванні горада і раёна, паспелі наведацца і на сельскагаспадарчыя палеткі ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Земляробы гэтай гаспадаркі аднымі з першых у раёне распачалі карпатлівую працу на ўраджай-2013.
Першыя зярняткі тут трапілі ў падрыхтаваную глебу яшчэ 19 красавіка: у гэты дзень у Любонічах, дзе палі ўжо падсохлі ад вільгаці, было засеяна зернебабовымі культурамі 18 га. На наступны дзень у РАПТЗ пачалі сяўбу яравой пшаніцы. Ва ўрочышчы Любонічы пад гэтую культуру адведзены 41 га. На гэтых відах работ заняты вопытны механізатар Уладзімір Комар.
Актыўнымі тэмпамі вядуцца работы па падкормцы азімага рапсу, шматгадовых траў, дыскаванне і культываванне глебы.
Кожны дзень намеснік дырэктара РАПТЗ па сель-скай гаспадарцы Леанід Кушавараў разам з галоўным аграномам Аляксандрам Сімуковым аб’язджаюць сельскагаспадарчыя палеткі, аналізуюць стан глебы, вырашаюць, на якое поле пераганяць сельгастэхніку.
Усяго ў гаспадарцы плануецца засеяць збожжавымі і зернебабовымі 1017 га (акрамя кукурузы), з іх 300 га — пшаніцай, 310 га — ячменем, 200 га — аўсом, 217 га — зернебабовымі.
Дзеля таго, каб сяўба прайшла якасна і хуткімі тэмпамі, у гаспадарцы зрабілі ўсё магчымае: падрыхтавалі сельгастэхніку, распрацавалі матэрыяльныя і маральныя меры стымулявання. Земляробы забяспечаны гарачым харчаваннем, акрамя таго, выдаецца сухпаёк на снеданне. Карацей кажучы, не падвяло б толькі надвор’е, а за сейбітамі справа не стане!
Людміла СЯМЁНАВА.
ФОТА Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.