Палявыя работы набіраюць абароты

У мінулы аўторак земляробы СВК “Ка-лгас “Беларусь” актыўна ўключыліся ў работы на ўраджай-2013: у свежаўзараную глебу сельгаспалеткаў былі пакла-дзены першыя зярняткі.
Журналісты “раёнкі” пабывалі на палях СВК “Калгас “Беларусь” і пацікавіліся ў спецыялістаў і механізатараў, як ладзяцца пасяўныя справы.

Веснавую сяўбу распачалі ва ўрочышчы “Барок”, дзе глеба найбольш вызвалілася ад вільгаці. Ужо з 6 гадзін раніцы на гэтых плошчах чуўся гул трактара МТЗ-3022. Вопытны механізатар, земляробскі стаж якога складае больш за 20 гадоў, перадавік гаспадаркі Генадзь Волас (на здымку) распачаў сяўбу яравога ячменю. Нездарма кіраўніцтва сельгаскааператыва абрала першапраходцам па веснавым полі менавіта Генадзя Аляксандравіча: у яго добрасумленнасці, адказным стаўленні да сваёй земляробскай працы, неабыякавасці ўпэўніваліся ўжо не раз. Да таго ж, па выніках штогадовых раённых спаборніцтваў за 2012 год Генадзь Волас быў прызнаны лепшым механізатарам.
— Па норме выпрацоўкі ў дзень мне трэба засейваць 14 гектараў глебы, — расказвае вопытны земляроб. — Аднак, вядома ж, стараюся рабіць значна больш, выкладвацца па максімуму, тым больш, што падчас сяўбы працоўны дзень у нас закончваецца ў 22.00, а то і 23.00 гадзіны вечара. Акрамя таго, ячмень, які малапатрабавальны да цеплыні, трэба засейваць у як мага кароткія тэрміны, спазненне нават на дзень можа прывесці да страт ураджаю.
На падвозе насення збожжа задзейнічаны Барыс Паўлюц.
Ва ўрочышчы “Барок” яравы ячмень займае плошчу ў 55 гектараў. Непадалёк ад гэтага поля, ва ўрочышчы “Кісцяні”, на культывацыі глебы ў гэты дзень шчыраваў Міхаіл Салянкін. Яго стальны памочнік — трактар МТЗ-3022 з агрэгатам КН-8 шпарка бегаў па полі, пакідаючы за сабой свежаўзараныя радочкі рыхлай, лёгкай глебы і пах веснавой зямлі, здаецца, ужо засумаваўшай па зярнятках, сонейку, клапатлівым і ўважлівым доглядзе земляробаў.
Наступным пунктам нашага наведвання сталі палеткі за Хвайніцай. На іх земляробы былі задзейнічаны на падкормцы сенакосаў і пашаў — механізатар Юрый Бялянаў, плошчаў з азімым рапсам і шматгадовымі травамі, бабовымі, канюшынай — Руслан Ядчанка. Дарэчы, Руслан Уладзіміравіч, які на агрэгаце “РОСА” за змену апрацоўвае па 145—150 гектараў глебы, вылучыў хвілінку са свайго шчыльнага працоўнага графіка, каб крыху расказаць чытачам “раёнкі” аб перавагах універсальнага энергасродку “РОСА”:
— Гэта высокавытворчая машына на эластычных колавых рухачах з шынамі-абалонкамі звышнізкага ціску. Нізкі ціск на глебу дазваляе праходзіць агрэгату на пераўвільготненых палетках, пачынаць апрацоўваць плошчы на 2-3 тыдні раней пачатку астатніх веснавых палявых работ, тым самым памяншаць залежнасць тэрмінаў правядзення агратэхнічных мерапрыемстваў ад пагодных умоў.
Галоўны аграном СВК “Ка-лгас “Беларусь” Леанід Панчэня расказаў, што ўсяго на веснавых палявых работах шчыруе 16 чалавек, у палях задзейнічана 12 адзінак тэхнікі. Усе земляробы забяспечаны гарачым харчаваннем, якое гатуюць работнікі сталовай сельгаскааператыва і прывозяць ім прама ў поле. Дарэчы, харчаванне наладжана двухразовае, кошт абеду складае 2,5 тыс. рублёў, вячэры — 1,5 тысячы. Пагадзіцеся, нават у самай умелай гаспадыні наўрад ці знайшлася б магчымасць на чатыры тысячы рублёў у дзень сабраць мужу ў поле смачны, сытны абед і вячэру…
Наперадзе ў СВК “Калгас “Беларусь” шмат работы. За перыяд веснавой палявой кампаніі трэба засеяць збожжавымі і зернебабовымі 660 гектараў; кукурузай — 500 гектараў, 100 з іх — на зерне; цукровымі і кармавымі буракамі — 110 гектараў.
— Спадзяюся, што надвор’е дазволіць нам справіцца з сяўбой у вызначаныя тэрміны — да сярэдзіны мая, — гаворыць Леанід Панчэня. — Найбольшую цяжкасць зараз выклікае тое, што, на жаль, не ўся тэхніка можа працаваць на пераўвільготненых, сырых палях. Але, лічу, галоўнае, што настрой ў нашых земляробаў — баявы, а значыць, з цяжкасцямі справімся!
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.