Памяці Аляксандра Ядлоўскага

З 15 лютага па 21 сакавіка бягучага года на базе Жыліцкага сельгаскаледжа праходзіў 21-ы турнір па міні-футболе памяці Аляксандра Ядлоўскага, ураджэнца Жыліч, воіна-інтэрнацыяналіста, загінуўшага ў Афганістане.
У турніры ўдзельнічала 13 каманд: СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага, «Чырвоны баец», «Добасна-агра», раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, Жыліцкай СШ, зборныя каманды навучэнцаў, выкладчыкаў і работнікаў сельгаскаледжа, а таксама каманда з в.Міхалёва Бабруйскага раёна.
Турнір праходзіў па кругавой сістэме, было сыграна больш за сто гульняў, а 21 сакавіка адбыліся паўфінальныя гульні і фінал.
У першым паўфінале сустрэліся зборныя каманды СВК «Чырвоны баец» і «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага, у другім — зборныя каманды навучэнцаў сельгаскаледжа і выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Гульні праходзілі ў роўнай напружанай барацьбе, таму ў асноўны і дадатковы час не былі выяўлены пераможцы, і толькі ў выніку штрафных удараў «пенальці» вызначыліся фіналісты.
У фінале сустрэліся зборная каманда сельгаскаледжа і СВК»Рассвет» імя К.П.Арлоўскага. У напружанай барацьбе з лікам 6:4 перамогу святкавалі навучэнцы.
Трэцяе месца заняла каманда СВК «Чырвоны баец», чацвёртае — выкладчыкі і работнікі сельгаскаледжа.
Адбылося ўрачыстае закрыццё турніру і ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў. Дырэктар сельгаскаледжа Уладзімір Белы ўручыў пераходны кубак, дыпломы і грашовыя прэміі.
Прызы таксама падрыхтаваў і ўручыў пераможцам індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Ляшкевіч.
Уладзімір ПРАКОПЧЫК,
галоўны суддзя турніру.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.