Свежыя агурочкі — да абедзеннага стала

Вясна пакуль не спяшаецца ўступаць у свае правы: за вакном па-ранейшаму гуры снегу і бадзёры марозік. А, між тым, у вытворчых памяшканнях цяплічнага камбіната СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ва ўсю зелянеюць і ўжо амаль два месяцы даюць ураджай агуркі. Хапае ім і цяпла, і святла, і, вядома ж, клапатлівага догляду 25-ці працуючых тут агароднінаводаў.
Пад агуркі, як і летась, занята 2,3 га цяплічных плошчаў. Аднак, па словах агранома-брыгадзіра Марыі Кукабака, ураджайнасць сёлета значна вышэйшая. Справа ў тым, што з-за працяглага зімовага марознага надвор’я ў распараджэнні раслін дастаткова шмат светлых сонечных дзён, што ідзе ім толькі на карысць. Тым больш, што для росту, апрацоўкі і барацьбы са шкоднікамі рассветаўцы выкарыстоўваюць толькі біялагічныя метады. Гэта значыць, што прымяненне хімікатаў выключаецца. Так што, рассветаўскія агуркі можна смела ўжываць у ежу.
Дарэчы, набыць агуркі вытворчасці СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага можна ў магазінах райспажыўтаварыства па ўмераным кошце. Акрамя раёна, агуркі рэалізуюцца ў Бабруйску, а таксама экспартуюцца за мяжу — у асноўным у Расійскую Федэрацыю.
Некалькі год запар рассветаўцы займаюцца вытворчасцю гібрыду F1 “Яні”. Гэта салатны агурок, вага плоду якога складае 132 — 192 г, мае добры смак і высокую ўраджайнасць, прывабны таварны выгляд. Крыху менш плошчаў занята пад гібрыд F1 “Мірабэл” — агурок буйна-бугрысты, без горкасці, пры-значаны для ўжывання ў свежым выглядзе і перапрацоўкі.
Акрамя агуркоў агароднінаводы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага збіраюць з закрытага грунту ўраджай таматаў, першы быў атрыманы ў сярэдзіне сакавіка, высадзілі на расаду раннія сарты капусты, у хуткім часе плануюць высадзіць і познія.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.