Тэрміны сяўбы карэкціроўцы не належаць

Зіма сёлета ўпарта не жадае здаваць сваіх пазіцый: на двары — пачатак красавіка, а вакол — гуры снегу. У тым ліку і на палях, якім бы ўжо яшчэ крыху — і быць узаранымі і засеянымі. Але старт веснавых палявых работ сёлета надвор’е прызначыць не раней, чым на сярэдзіну красавіка, а, магчыма, і крыху пазней.
Тым не менш, зімовыя сюрпрызы не перашкодзілі сельгасарганізацыям раёна загадзя, у вызначаныя тэрміны, належным чынам падрыхтавацца да сяўбы, каб падчас яе правядзення закласці трывалы падмурак ураджаю-2013. Гэта паказала праведзеная ў сярэдзіне сакавіка праверка камісіі райсельгасхарчу і канстатавалася на выязным пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 20 сакавіка на базе райаграпрамтэхзабеспячэння.

На мехдвары РАПТЗ уся сельскагаспадарчая тэхніка, якую мяркуецца задзейнічаць у веснавой пасяўной кампаніі, была ў гэты дзень на лінейцы гатоўнасці. Дырэктар Мікалай Чаранкоў праінфармаваў прысутных (а ў выязным пасяджэнні прымалі ўдзел кіраўнікі сельгасарганізацый раёна) аб ходзе падрыхтоўкі і іх планах на прадстаячую сяўбу.
Тут жа было абмеркавана пытанне арганізацыі харчавання механізатараў падчас пасяўной кампаніі. Галоўны санітарны ўрач раёна Андрэй Чыстабаеў прадэманстраваў, якой павінна быць экіпіроўка транспарту для гэтых мэт. Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў зрабіў заўвагу, што для забеспячэння зручнасці прыёму ежы ўдзельнікам палявых работ гаспадаркам варта набыць складныя столікі.
Размова ішла і аб тым, каб прывесці ў належны стан сталовыя сельгасарганізацый. Касметычны рамонт зробяць у сталовых СВК “Калгас “Беларусь” і “Калгас “Свярдлова”, а пакуль апошнія будуць заказваць ежу для механізатараў у СГФ “Чыгірынка”. Галоўны санітарны ўрач прапанаваў накіроўваць да іх на вучобу персанал сталовых.
Была засяроджана ўвага і на тым, якім павінна быць аснашчэнне аўтамабіля тэхнічнай дапамогі.
Далей Мікалай Чаранкоў паказаў прысутным новую прадукцыю РАПТЗ, якую пачалі выпускаць сумесна з Гродзенскім заводам, — граблі з шырынёй захопу 9 метраў. Як адзначыў дырэктар райаграпрамтэхзабеспячэння, на Магілёўскую вобласць па лізінгу ідзе 150 грабляў. Кошт “дзевяткі” — парадку 130 млн. рублёў. Некаторыя гаспадаркі нашага раёна працуюць з такой тэхнікай і, па водгуках кіраўнікоў, яна іх задавальняе. Іншым было рэкамендавана звярнуць увагу на прадукцыю РАПТЗ з мэтай вырашэння пытання аб яе набыцці.
У ходзе наведвання была прааналізавана работа тэхнічнага сэрвіснага цэнтра райаграпрамтэхзабеспячэння. У прыватнасці, удзельнікі пасяджэння пабывалі на пункце тэхнічнага абслугоўвання, дзе спецыялісты “чаравалі” над двума энерганасычанымі трактарамі “Беларус-3022”.
На гарантыі ў цэнтры18 адзінак энерганасычаных трактароў. А разам з негарантыйнай тэхнікай па зоне, якую ён абслугоўвае, — 73 адзінкі: у гэтую зону ўваходзяць, акрамя нашага, яшчэ чатыры раёны — Асіповіцкі, Глускі, Клічаўскі, Бабруйскі.
Для абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі ў цэнтры створаны 4 брыгады, якія ажыццяўляюць планавае абслугоўванне і ў перыяд веснавых палявых работ выязджаюць па заяўках. У сэрвісным цэнтры маецца гарантыйны камплект з запчастак, спіс якіх узгоднены з заводам-вытворцай тэхнікі. Рамонт па заяўцы гаспадаркі, як тут адзначылі, яны выканаюць на працягу максімум сутак. Тое, што вырашана пытанне па стварэнні гаранткамплекта на месцы, у РАПТЗ, дазволіць больш аператыўна адгукацца на запатрабаванні сяльчан: раней былі прэтэнзіі па тэрмінах работ, таму што за запчасткамі даводзілася ездзіць на заводы.
Кіраўнікі сельгасарганізацый таксама даведаліся аб тым, якія запчасткі могуць прапанаваць ім у РАПТЗ для корманарыхтоўчай, збожжаўборачнай тэхнікі “Гомсельмаша”, МТЗ.
Былі абмеркаваны пытанні аплаты працы работнікаў, занятых на веснавых палявых работах. Кіраўнікам гаспадарак рэкамендавана звярнуць асаблівую ўвагу на тое, каб у пагоні за заробкамі не парушаліся тэхналагічныя патрабаванні, не пакутвала якасць работ.
На плянарным пасяджэнні райвыканкама першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай Пад’ялоўскі праінфармаваў прысутных па розных пазіцыях падрыхтоўкі сельгасарганізацый раёна да веснавой сяўбы і мерах па стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2013 годзе.
Плошчы сёлетняй яравой сяўбы ў гаспадарках раёна складуць 18864 га, у тым ліку яравых збожжавых і зернебабовых — 7840 га, тэхнічных культур — 58756 га, бульбы — 305 га, кармавых культур — 8025 га.
Усе сельгасарганізацыі ў поўным аб’ёме забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур, ільну, шматгадовых траў. Насенне яравывх збожжавых і зернебабовых засыпана на 98% элітай — першай рэпрадукцыяй і адпавядаюць пасяўным стандартам.
Была прааналізавана сітуацыя з забяспечанасцю гаспадарак мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі і канстатавалася, што ў сувязі са значным павелічэннем кошту мінеральных тукаў і неабходнасцю абагачэння глебы арганічным рэчывам патрэбна магчымыя іх недапастаўкі кампенсаваць унясеннем дадатковай колькасці арганікі.
Значная работа была праведзена ў раёне па падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да сяўбы-2013. На дзень правядзення выязнога пасяджэння райвыканкама сельгасарганізацыі забяспечылі пастаноўку тэхнікі, якая будзе прымаць удзел у веснавых палявых работах, на лінейку гатоўнасці.
Старшыня райвыканкама выказаў прапанову гаспадаркам, у якіх нагрузка на тэхніку меншая, адсеяўшы свае плошчы, прыйсці пры неабходнасці на дапамогу іншым.
Уладзімір Піскіжаў таксама падкрэсліў, што ў абавязковым парадку на энерганасычаную тэхніку ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна павінны быць устаноўлены GPS-навігатары з датчыкамі кантролю ўзроўню расходу паліва.
На перыяд правядзення веснавой сяўбы з улікам усіх відаў работ у гаспадарках неабходна задзейнічаць 284 механізатары. На дзень пасяджэння забяспечанасць складала 99%. Недахоп трактарыстаў-машыністаў (4 чалавекі) было запланавана кампенсаваць за кошт пераводу працаўнікоў з іншых відаў работ. 62 трактарысты будуць працаваць на энерганасычаных трактарах маркі “Беларус-3022/2522” і “Джон-Дзір”, “Атлес” у дзве змены.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў падкрэсліў, што ў раёне была праведзена сапраўды значная арганізацыйна-тэхналагічная работа па падрыхтоўцы да пасяўной кампаніі. Ва ўмовах змяншэння дзяржпадтрымкі сельгасарганізацыям больш даводзіцца спадзявацца на свае сілы і, як бачна, якасць і ўзровень падрыхтоўкі не пагоршыліся. Пэўныя застаўшыеся пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку і не паўплываюць на тэрміны пачатку сяўбы.
Згодна рабочых планаў у раёне і гаспадарках сяўба яравых збожжавых і зернебабовых, цукровых буракоў павінна быць завершана да 1 мая, пасадка бульбы, сяўба кукурузы і льну — да 9 мая. Гэтыя тэрміны карэкціроўцы не належаць.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.