У нашай дружбы — плённая будучыня

Адметнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці раёна, развіцці сяброўскіх узаемаадносін з Белгародскім раёнам Белгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі стала адкрыццё ў раённым Доме культуры экспазіцыі дружбы Кіраўскага і Белгародскага раёнаў.
Аб перадгісторыі гэтай падзеі расказвае намеснік старшыні райвыканкама Вольга ГАРШКОВА:
—Сяброўскія ўзаемаадносіны паміж Кіраўскім і Белгародскім раёнамі налічваюць больш за 18 гадоў. За мінулы час назбіралася, зразумела, шмат дакументаў і матэрыялаў, у тым ліку дагаворы аб супрацоўніцтве паміж нашымі раёнамі, розныя фотаздымкі, сувеніры. Яшчэ летась старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў выказаў меркаванне аб неабходнасці сабраць ўсё гэта разам у адну экспазіцыю. Каб, па-першае, захаваць сведчанні нашай дружбы з расіянамі для будучых пакаленняў, а па-другое, сістэматызаваць іх, каб была магчымасць пастаянна з гэтым матэрыялам працаваць, далучаць да супрацоўніцтва моладзь.
Першая дэлегацыя з Белгародскага раёна прыбыла да нас самалётам у лютым 1996 года. Госці цікавіліся работай СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, пазнаёміліся з дзейнасцю іншых арганізацый. Потым былі падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве. Усе апошнія гады мы актыўна падтрымлівалі сяброўскія адносіны, праводзіўся абмен дзіцячымі і спартыўнымі калектывамі. Такая народная дыпламатыя дазволіла бліжэй пазнаёміцца з расійскімі сябрамі, адчуць і зразумець славянскую еднасць.
У 2012 годзе было падпісана пагадненне аб дружбе і супрацоўніцтве на бліжэйшую пяцігодку і прынята рашэнне сабраць усе матэрыялы і дакументальныя сведчанні аб сяброўскіх узаемаадносінах кіраўчан і белгародцаў у адзін пакой, а адкрыццё экспазіцыі дружбы прымеркавалі да ўрачыстага сходу па падвядзенні вынікаў работы галін народнай гаспадаркі раёна за 2012 год.
Экспазіцыя карыстаецца цікаўнасці. Напярэдадні і ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі вучні школ, ліцэя, каледжа наведаюць гэты пакой, тут будуць праведзены гутаркі, інфармацыйныя гадзіны. І размова будзе весціся не “на пальцах”, а канкрэтна, доказна, пакрокава дэманструючы, з чаго ўсё пачыналася. Таму на стэндах матэрыял размешчаны і сістэматызаваны храналагічна.
На першай старонцы, у прыватнасці, праз фотаздымкі паказаны старшыні гаспадарак-зачынальнікаў нашага сяброўства з белгародцамі: двойчы Героі Сацыялістычнай Працы Васіль Горын і Васіль Старавойтаў, якія былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР. Пасля развалу Савецкага Саюза яны сумесна думалі над тым, як далей развівацца гаспадаркам: калгасу «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага Кіраўскага раёна і імя Фрунзе Белгародскага раёна. На гэтых пытаннях — развіцця сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы і будаваліся зносіны на першым этапе і далей.
Як усё рэалізоўвалася і развівалася ў наступныя гады, паказваюць экспанаты, фотаздымкі, матэрыялы ў пакоі, дзе размешчана экспазіцыя.

А вось што адзначыў у кароткім інтэрв’ю мясцовай прэсе падчас візіту на Кіраўшчыну намеснік Кіраўніка адміністрацыі Белгародскага раёна, старшыня камітэта будаўніцтва і транспарту Сяргей ПОЛХАЎ:

—Уражанні ад наведвання вашага раёна, урачыстацей з нагоды падвядзення вынікаў работы галін народнай гаспадаркі раёна за 2012 год, на якіх нам пашчасціла прысутнічаць, толькі самыя станоўчыя, самыя ўзнёслыя. Той прыём, які быў нам аказаны, тая ўвага, якую адчулі, цеплыня і сардэчнасць братоў-беларусаў уражваюць і натхняюць. А інакш і быць не можа, у нас агульныя славянскія карані, нашы раёны — пабрацімы.
Спадзяемся на далейшае развіццё сяброўскіх адносін, якія нас звязваюць амаль два дзесяцігоддзі. Пры сучасным тэхнічным прагрэсе, тых новых праграмах, якія ўкараняюцца, думаю, палепшыцца дабрабыт жыхароў Кіраўскага і Белгародскага раёнаў шляхам абмену вопытам, абмену той інфармацыяй, якая, магчыма, спатрэбіцца нашым спецыялістам, нашым службам для таго, каб жыць і працаваць на карысць нашых людзей — беларусаў і расіян.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.