Усталёўваем “снежныя” традыцыі

У другі раз на базе нашай школы прайшла таварыская сустрэча па лыжных гонках, прысвечаная завяршэнню лыжнага сезону і праводзінам зімы. У госці да паўлавіцкіх школьнікаў завіталі рабяты з Мышкавіцкай СШ. Гэта ўжо не першая спартыўная сустрэча вучняў з абедзвюх навучальных устаноў.
Рабяты спаборнічалі ў трох узроставых групах. У старэйшай у хлопчыкаў перамогу атрымаў Яўген Бяляўскі з Мышкавіч, а ў дзяўчат — Крысціна Гайдук з Паўлавіч. Усе астатнія чэмпіёнскія месцы гаспадары не ўступілі. Пераможцамі ў сярэдняй групе сталі Генадзь Лазараў і Дарына Юхнавец, а ў малодшай — Улад Марцючэнка і Рыта Палуянава. Але перамаглі, безумоўна, сяброўскія адносіны, любоў да спорту, бадзёрасць і выдатны настрой. Для ўсіх удзельнікаў гонак, а іх, дарэчы, было каля 50-ці, былі арганізаваны гарачы чай, салодкія прызы. Ну а прызёры атрымалі яшчэ і граматы адпаведных ступеней.
Спартыўныя сувязі паўлавіцкія школьнікі падтрымліваюць і з рабятамі іншых навучальных устаноў. Так, нядаўна для вучняў нашай і Чыгірынскай СШ была арганізавана паездка ў фізкультурна-спартыўны комплекс а/г Ціхінічы Рагачоўскага раёна. Тут створана выдатная база для заняткаў спортам у любую пару года.
Нашы рабяты з задавальненнем паплавалі ў мясцовым басейне, дзе для іх былі наладжаны спартыўныя спаборніцтвы ажно ў чатырох намінацыях. Салодкія прызы, між тым, дасталіся не толькі пераможцам і прызёрам, а ўсім удзельнікам. А галоўным прызам сталі станоўчыя эмоцыі, сяброўска-спартыўныя адносіны.
Алена БАСАК, педагог-арганізатар Паўлавіцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.