З гонарам выканалі свой абавязак

У мінулую пятніцу ў раённым аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню чарнобыльскай трагедыі. У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі РАУС, а таксама члены ветэранскай арганізацыі, якія ў свой час былі задзейнічаны ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, абслу- гоўвалі 30-кіламетровую зону на Гомельшчыне. Начальнік РАУС, падпалкоўнік міліцыі Ігар Альхоўскі адзначыў, што чарнобыльская трагедыя — незагойная рана нашай зямлі, ад аварыі на ЧАЭС пацярпела мірнае насельніцтва, яна прынесла шкоду дзяржаве і па сённяшні дзень нагадвае аб сваіх наступствах.
Работнікі органаў унутраных спраў у ліку першых прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай бяды. Ужо ў маі 1986 года ў 30-кіламетровую зону, якая прымыкае да ЧАЭС, былі накіраваны міліцэйскія падраздзяленні, у тым ліку і зводны атрад УУС Магілёўскага аблвыканкама. У яго складзе былі супрацоўнікі РАУС: Мікалай Куляўцоў, Ігар Рудзько, Генадзь Сахар, Віктар Войтаў, Міхаіл Пятроўскі, Пётр Чарноў, Аляксандр Карцель, Рыгор Букаты, Мікалай Гарэлік, Аляксандр Галубоўскі, Валерый Шахуноў, Сямён Чарноў.
За праяўленую мужнасць пры ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС ордэнамі Чырвонай Зоркі і «Знак Пашаны» былі ўзнагароджаны камандзіры першых зводных атрадаў УУС маёры міліцыі У.Я.Зайцаў і В.У.Капачэўскі. Многія супрацоўнікі заахвочаны міністрамі ўнутраных спраў СССР і БССР, начальнікамі УУС Магілёўскага і Гомель-скага аблвыканкамаў, мясцовымі органамі ўлады.
Намеснік начальніка РАУС Мікалай Назарчук расказаў пра тое, як супрацоўнікі мужна ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, зачытаў успаміны з кнігі «Пад попелам Чарнобыля», якую выдала ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.
Сваімі ўспамінамі па-дзяліўся Мікалай Куляўцоў:
— Мы з Ігарам Рудзько ў складзе зводнага атрада № 1 былі камандзіраваны ў 30-кіламетровую зону. Адразу нас пасялілі ў пустуючай школе, дзяжурылі пазменна па 12 гадзін. Калі прыехалі на Гомельшчыну, была невыносная спякота, і ў агульнавайсковых ахоўных касцюмах, знаходзіцца было складана, таму іх адразу адклалі і не карысталіся. Выдадзеных рэспіратараў хапіла не надоўга, праз пару дзён яны знутры сталі ружовымі. Калі зону пачалі абгароджваць, мы ездзілі ў лес нарыхтоўваць слупы. Прыгадваю, як верталёты ляталі з вялікімі ёмістасцямі, заліваючы бетонам рэактар …
Успамінаецца выпадак, калі падчас патрулявання ўбачылі 80-гадовага дзеда, які застаўся ў забруджанай зоне па той прычыне, што ў яго не было сваякоў. Дзед харчаваўся злоўленай у Прыпяці рыбай, якую смажыў і сушыў.
За сумленна выкананы абавязак, праяўленыя мужнасць і самаадданасць пры ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС граматамі РАУС былі ўзнагароджаны: Рыгор Букаты, Мікалай Гарэлік, Мікалай Куляўцоў, Аляксандр Карцель, Валерый Шахуноў.
Максім МІКЕШЫН.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.