Заўтра — рэспубліканскі суботнік!

Згодна пастановы Савета Міністраў №275 ад 9 красавіка 2013 года “Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2013 годзе” рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці суботнік на рабочых месцах або на добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, месц баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў ходзе падрыхтоўкі дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезону.
Частка заробленых падчас суботніка сродкаў будзе накіравана на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезону, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў па правядзенні ў 2013 годзе Года беражлівасці; частка — на набыццё спецыяльных аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі з поўнай камплектацыяй іх медыцынскай тэхнікай і іншым абсталяваннем, неабходным для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.
Рашэннем райвыканкама створана рабочая група па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Вольгай Гаршковай, а таксама зацверджаны план мерапрыемстваў суботніка, вызначаны аб’екты, дзе будуць праводзіцца работы па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні.
Жаданне прыняць удзел у рэспубліканскім суботніку выказалі і члены ветэранскай арганізацыі раёна.
Пры работах па добраўпарадкаванні тэрыторый недапушчальнае выпальванне сухой расліннасці, спальванне смецця.
У дзень суботніка ва ўсіх дзіцячых дашкольных установах будзе арганізавана работа дзяжурных змешаных груп з 3-разовым харчаваннем для дзяцей, чые бацькі заняты на суботніку. Рэжым работы груп: з 8.00 да 16.00, у Мышкавіцкім дзіцячым садку — да 17.00.
Мяркуецца, што ў нашым раёне ўдзел у рэспубліканскім суботніку прыме больш 8000 чалавек, будуць пералічаны 92 мільёны 100 тысяч рублёў грашовых сродкаў.
Прымем актыўны ўдзел
у рэспубліканскім суботніку!
Папрацуем зладжана і плённа
на карысць працвітання роднага краю!


Нагадваем, што кожную пятніцу ў раёне праводзіцца адзіны санітарны дзень: гэта час для таго, каб навесці належны парадак на падведамасных тэрыторыях арганізацый, устаноў, на падвор’ях і прысядзібных участках.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.