Адзначаны лепшыя паштальёны

7 мая калектыў работнікаў раённага вузла паштовай сувязі адзначыў сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.
Да віншаванняў і пажаданняў поспехаў у працоўнай дзейнасці з нагоды прафесійнага свята дадалася і высокая ўзнагарода з вобласці: паштальён па дастаўцы паштовых адпраўленняў і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі другога класа гарадскога аддзялення паштовай сувязі нашага райвузла Людміла Аляшкевіч (на здымку — у цэнтры) за шматгадовую і добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у пашырэнне і ўдасканальванне прадастаўляемых паслуг паштовай сувязі, высокія вытворчыя дасягненні ўзнагароджана Ганаровай граматай Магілёўскага філіяла РУП “Белпошта”. Людміла Аляшкевіч прысвяціла паштальёнскай справе 13 год жыцця, з адказнасцю ставіцца да яе выканання, таму ўзнагарода гэта заслужаная.
Таксама значны адрэзак часу дастаўляюць газеты, часопісы, паштовыя лісты і пасылкі да адрасатаў райцэнтра паштальёны Ніна Кавалеўская (на здымку —першая злева), Тамара Бабрыковіч, Клаўдзія Юхнавец і Святлана Катургіна. З нагоды прафесійнага свята яны адзначаны кіраўніцтвам раённага вузла паштовай сувязі як лепшыя паштальёны. Жанчыны разносяць каля дзевяці тысяч экзэмпляраў друкаваных перыядычных выданняў — а гэта практычна палова ад ўсіх выданняў, выпісваемых на тэрыторыі нашага раёна. Яны карыстаюцца павагай у кіраўніцтва, а кліенты характарызуюць іх як чулых і добрасумленных работнікаў.
Мабыць, такая адзнака працы — найбольш важная, бясцэнная і дарагая сэрцу тых, хто ўкладае ў яе максімум сваіх сіл і энергіі, імкнецца бездакорна выканаць даручаную справу.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.