Апошні званок паклікаў у лета…

Учарашні дзень быў для школьнікаў раёна доўгачаканым і знамянальным — апошні школьны званок, які прагучаў на ўрачыстых лінейках, прысвечаных заканчэнню чарговага навучальнага года, абвясціў аб пачатку цудоўнай пары — летніх канікулаў. На Кіраўшчыне амаль 2100 хлопчыкаў і дзяўчынак прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах. Для 84-х з іх — адзінаццацікласнікаў — гэты майскі школьны званок быў апошнім.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, бацькі, сябры, знаёмыя вучняў.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў павіншаваў з заканчэннем навучальнага года і даў наказ на дарогу ў дарослае жыццё выпускнікам адзінаццатых і дзевятых класаў гімназіі г.Кіраўска і Паўлавіцкай СШ, а астатнім вучням пажадаў з карысцю, цікава і весела правесці летнія канікулы.
Мінулы навучальны год быў насычаным, рэзультатыўным, для кожнага школьніка і педагога — асаблівым, адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады ў сваёй прамове. У цэлым сістэма адукацыі нашага раёна дынамічна развіваецца. Кожная ўстанова адукацыі мае свае традыцыі, вынікі не толькі ў вучэбным, але і спартыўным, творчым жыцці. Вучні нашых школ заўсёды з гонарам прадстаўляюць раён на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і алімпіядах. Па выніках 2012 — 2013 навучальнага года юнымі кіраўчанамі заваявана каля 250 Дыпломаў і Ганаровых грамат. Для таго, каб і далей поспехі радавалі школьнікаў, іх настаўнікаў і бацькоў, раённай уладай надаецца вялікая ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы устаноў адукацыі, значныя сродкі ўкладваюцца ў набыццё вучэбных дапаможнікаў, спортінвентару. Так, сёлета запланавана выдаткаваць каля паўмільярда рублёў на замену вакон у Паўлавіцкай СШ.
Для таго, каб была магчымасць праводзіць відэаўрокі, наглядна, даходліва і даступна дэманстраваць навейшыя дапаможнікі, Уладзімір Піскіжаў ад імя райвыканкама ўручыў калектывам гімназіі і Паўлавіцкай СШ тэлевізары з вадкакрыста-лічнымі экранамі памерам 42 дзюймы. Да таго ж навучэнцы і педагогі гімназіі атрымалі ў падарунак ад імя адміністрацыі Белгародскага раёна Белгарод-скай вобласці Расійскай Федэрацыі — DVD-прайгравальнік з функцыяй караоке.
Прыемныя сюрпрызы чакалі першаклашак сельскіх школ раёна. У межах акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”, якая падчас майскіх школьных лінеек праходзіла па ўсёй краіне, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ў падарунак футбольныя мячы. Арганізатары акцыі — Беларуская федэрацыя футболу, ААТ “Белаграпрамбанк” і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь спадзяюцца, што падчас доўгіх летніх канікулаў мячы стануць для рабят лепшымі сябрамі, а для некаторых, магчыма, адкрыюць дарогу ў бліскучае спартыўнае будучае.
Па традыцыі, лепшым вучням гімназіі за высокія дасягненні ў вучобе, спорце і творчасці былі ўручаны грашовыя прэміі ад СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, такія ж узнагароды за плённую працу на працягу навучальнага года атрымалі ад СВК “Чырвоны баец” і “Калгас “Ніва” рабяты з Паўлавіцкай СШ.
Прыемную місію — уручэнне Дыпломаў, якія паступілі якраз напярэдадні лінейкі, за перамогу ў VII рэспубліканскім конкурсе-выставе метадычных матэрыялаў на тэму “Фарміраванне суб’ектыўнай пазіцыі асобы ў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднаннях” выканала дырэктар Паўлавіцкай СШ Наталля Макаронак. Узнагароды атрымалі настаўнікі гэтай школы Раіса Шкадровіч і Наталля Юхноўская, а таксама вучань 9 класа Уладзіслаў Юхноўскі.
…Ужо заўтра пачынаецца лета. За гэтыя вясёлыя тры месяцы школьнікі адпачнуць, набяруцца сіл і энергіі і ў верасні сустрэнуць сваіх настаўнікаў шчырымі ўсмешкамі і бляскам у вачах, выкліканым жаданнем зноў спасцігаць свет ведаў. Вось толькі адзінаццацікласнікі і вучні 9-х класаў, якія ўжо вызначыліся з будучай прафесіяй, болей ніколі не перакрочаць парог сваіх школ у якасці вучняў. На пачатку шляху ў дарослае жыццё хочацца пажадаць рабятам паспяховых выпускных і ўступных экзаменаў, няхай ім пашанцуе на добрых педагогаў у будучым і надзейных сяброў!
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма Мікешына і Наталлі ХАДАКОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.