Больш якаснае малако — вышэйшы прыбытак

На мінулым тыдні на базе трох раёнаў: нашага, Бабруйскага і Асіповіцкага адбылася абласная калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях рэалізацыі высакасортнага малака. Удзел у ёй прынялі старшыня гэтага камітэта Алег Чыкіда, генеральны дырэктар МДА “Мясамалпрам” Уладзімір Багданаў, а таксама начальнікі райсельгасхарчаў вобласці, галоўныя ветурачы раёнаў, дзяржінспектары па якасці харчовай прадукцыі, дырэктары малакапера-працоўчых прадпрыемстваў.
На тэрыторыі нашага раёна аб’ектам наведвання стала МТФ “Кірава” СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў праінфармаваў аб становішчы спраў у жывёлагадоўчай галіне раёна, асаблівую ўвагу прысутных засяродзіў на пытаннях рэалізацыі малака.
Было адзначана, што Кіраўшчына ўваходзіць у тройку лепшых раёнаў вобласці па якасці рэалізуемага малака. Так, вытворчасць малака за 4 месяцы бягучага года да адпаведнага ўзроўню мінулага года ў нас склала 101,3%, а яго рэалізацыя — 101,7%. У красавіку на карову ў сярэднім надоена па 1845 кг.
Як адзін са станоўчых фактаў быў адзначаны выхад нашага раёна ў сферы жывёлагадоўлі на прыбытковую работу: так, за першы квартал бягучага года рэнтабельнасць малака склала 29,2%, свініны — 12%, ялавічыны — 2,6%.
Пад асаблівай увагай раённай улады і адказных службаў знаходзіцца якасць малака. За 4 месяцы бягучага года яго таварнасць склала 89%, у тым ліку за красавік — 90%. Гатункам “экстра” на перапрацоўчае прад-прыемства было здадзена 22,6% прадукцыі, вышэйшым — 62,3%.
У бягучым годзе найбольш якаснае малако атрымліваюць у РУП “Чыгірынка”, дзе яно рэалізуецца толькі гатункамі “экстра” і вышэйшым, СВК “Чырвоны баец”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Іншым жа гаспадаркам, падкрэсліў Аляксандр Осіпаў, у гэтым накірунку яшчэ трэба папрацаваць. Да гэтага часу не навучыліся атрымліваць малако класам “экстра” ў СВК “Добасна-агра”, “Калгас “Беларусь”, “Калгас “Свярдлова”, РУП “Жылічы” (хаця ў апошняй гаспадарцы 98,8% яго ідзе вышэйшым гатункам), вельмі мала “экстры” ў СВК “Бераснёўскі”.
Недабор высакасортнага малака ў большасці гаспадарак перш за ўсё звязаны з несвоечасовым выяўленнем і лячэннем хворай жывёлы, акрамя таго, адной з галоўных прычын з’яўляецца састарэлае абсталяванне малакаправодаў на фермах.
Генеральны дырэктар ААТ “Бабушкіна крынка” Ігар Кананчук назваў Кіраўскі раён лепшай сыравіннай зонай сярод 17 раёнаў вобласці, якія супрацоўнічаюць з вышэй названай кампаніяй. Ён адзначыў відавочнасць таго, што і раённая ўлада, і адказныя службы надаюць належную ўвагу пытанням павышэння якасці рэалізуемага малака.
Важны момант — забеспячэнне збалансаванага кармлення статка, бо ад гэтага ў значнай ступені залежаць якасць і колькасць атрымліваемага малака. У сельгаспрадпрыемствах раёна выключаны выпадкі кармлення жывёлы няякаснымі камбікармамі. Тры гаспадаркі ў раёне, якія маюць спецыяльна абсталяваныя камбіцэхі — СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Калгас “Ніва” і “Чырвоны баец” вырабляюць камбікармы ўласнай вытворчасці, якія потым праходзяць абавязковы кантроль якасці ў абласной лабараторыі.
Удзельнікам калегіі былі прадэманстраваны неабходныя для эфектыўнай работы лабараторый ферм абсталяванне і матэрыялы, фільтры для ачысткі малака, лекавыя сродкі для лячэння розных захворванняў жывёлы.
У гэты ж дзень на базе нашага раёна адбылася абласная вытворчая нарада па пытанні завяршэння яравой сяўбы і догляду за пасевамі сельскагаспадарчых культур ураджаю 2013 года. Яе ўдзельнікі наведалі сельгаспалеткі і пладовы сад СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Падчас нарады былі разгледжаны пытанні ўнясення мінеральных угнаенняў і правядзення пазакаранёвых падкормак пасеваў азімага рапсу і азімых збожжавых культур, а таксама іх фітасанітарнага стану.
Наступным аб’ектам наведвання стаў пладовы сад гаспадаркі, дзе былі абмеркаваны пытанні догляду за пладова-ягаднымі раслінамі.
Пасля правядзення практычнай часткі нарады ў зале пасяджэння ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага адбылося плянарнае пасяджэнне. Былі абмеркаваны пытанні забеспячэння сельгаспрадпрыемстваў элітным насеннем збожжавых і зернебабовых культур, бульбы, шматгадовых траў, прааналізаваны ход выканання праграмы “Развіцця насенняводства шматгадовых траў у Магілёўскай вобласці на 2010-2015 гады”.
Прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.