Дзеля павышэння прадукцыйнасці земляў

Напярэдадні прафесійнага свята меліяратараў мы пабывалі ў ААТ “ПМК-97 Вадгас”, дзе мелі гутарку з дырэктарам Аляксандрам Вербінавым і галоўным інжынерам Ганнай Ходасавай аб працоўных здабытках калектыву, планах на перспектыву, праблемных пытаннях, якія патрабуюць вырашэння.
Як мы даведаліся, калектыў арганізацыі да Дня меліяратара падышоў з добрымі паказчыкамі. За студзень — красавік выкананы аб’ём работ у дзеючых цэнах на суму 1277,7 млн. рублёў, што складае 138,2% да плана на гэты перыяд і каля 227% да адпаведнага ўзроўню мінулага года.
Не можа не выклікаць лепшыя спадзяванні на будучае атрыманы за першы квартал фінансавы рэзультат: тэмп росту прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, работ (паслуг) да адпаведнага леташняга перыяду склаў 135%.
Асноўныя работы вадгасаўцаў — тэхнічны догляд меліярацыйных сістэм, аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, рэканструкцыя меліярацыйных сістэм і інш.
Важны аб’ект, на якім яны выступаюць падрадчыкамі, — рэканструкцыя МТФ “Добасна” СВК “Добасна-агра”, якая праводзіцца ў межах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы.
Што датычыцца рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, у цяперашні час яна вядзецца ў СВК “Бераснёўскі” на 142 га, здача ў эксплуатацыю намечана на лістапад гэтага года; у РУП “Жылічы” — на 59 га, завяршыць работы плануецца ў кастрычніку.
У ліку работ, якія выконваюць меліяратары, — рамонт гідратэхнічных збудаванняў. Па словах Аляксандра Вербінава, яны рыхтуюць да здачы ў эксплуатацыю мост у раёне Бераснёўкі. На чарзе — рамонт гідратэхнічных збудаванняў на рэках Добасна (у раёне в.Харлапавічы), Ала (каля санаторыя). У гэтым годзе плануецца здаць у эксплуатацыю гідратэхнічныя збудаванні на вадасховішчы “Добасна” (у раёне в.Кісцяні).
Арганізацыя атрымала дазвол на будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у а/г Жылічы.
Намечаны вялікі аб’ём аграмеліярацыйных мерапрыемстваў, правесці іх у гэтым годзе запланавана на 519 га. Зараз вядуцца работы ў СВК “Бераснёўскі” па сістэме ракі Ала.
Асноўны фізічны паказчык — абкашванне меліярацыйных каналаў, якое пачалі з мая. Вядзецца таксама выдаленне кустоўя хімпрэпаратамі і механізавана, пораслі — гербіцыдамі і інш.
Як заўважылі субяседнікі, аб’ёмаў работ у вадгасаўцаў хапае, толькі адмоўна ўплывае на іх тэмпы тое, што значная частка тэхнікі іх арганізацыі састарэла. Праблему дапамагае вырашаць вышэйстаячая арганізацыя, самі па меры магчымасці знаходзяць шляхі. За сродкі інвестыцыйнага фонду дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белмеліявадгас” сёлета атрымалі бульдозер МТЗ-1502, экскаватар АКН на базе МТЗ-1221 вытворчасці ААТ “Коханаўскі экскаватарны завод”. Чакаюць пастаўку экскаватара гэтага ж прадпрыемства, цяжкага бульдозера Т-130. Плануюць таксама па лізінгу набыць трактар МТЗ-3022 для правядзення аграмеліярацыйных мерапрыемстваў.
Асноўны тон у працы задаюць вопытныя работнікі, на працягу многіх гадоў верныя роднаму калектыву: галоўны інжынер Ганна Ходасава, вадзіцель Аляксандр Бараноўскі, кранаўшчык Леанід Капусцін, бульдазерыст Іван Мурашка. Сярод лепшых працаўнікоў — машыніст экскаватара Уладзімір Русецкі, старшы майстар Вадзім Цмыг, вадзіцелі Віктар Храмовіч і Мікалай Баркоўскі.
Для выканання работ тут набіраюць кадры механізатараў, будаўнікоў. У студзені, калі калектыў узначаліў новы кіраўнік, у яго саставе быў 51 чалавек, зараз — каля 80-ці.
У хуткім часе чакаюць прыбыцця двух маладых спецыялістаў, выпускнікоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі: гідратэхніка і будаўніка.
Для прыцягнення новых кадраў і стымулявання выніковай працы з 1 красавіка кіраўніцтва прыняло рашэнне павя-лічыць стаўку першага тарыфнага разраду з 250 да 350 тыс. рублёў. У маі сярэдняя зарплата склала 3 млн. 200 тыс. рублёў пры тым, што ў студзені яна была 2 млн. рублёў.
Перад работнікамі ААТ “ПМК-97 Вадгас” стаіць шэраг важных задач у межах выканання Дзяржаўнай праграмы па захаванні і рэканструкцыі меліяраваных земляў на 2011-2015 гады. Яны нацэлены на іх паспяховае выкананне, забеспячэнне стабільнасці функцыянавання арганізацыі.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.