Гонар і слава стваральнай працы і спартыўным перамогам!

1 Мая — свята вясенняга ўзнаўлення, светлых надзей і стваральнай працы — прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, члены грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і школьнікі сустрэлі на гарадской плошчы імя Кірава ля памятнага для жыхароў раёна месца — Алеі Славы герояў працы і воінскай доблесці.
Гэты дзень аднолькава любімы і дарослымі, і дзецьмі: для людзей старэйшага пакалення ён — сімвал міжнароднай салідарнасці працоўных; для моладзі — сімвал веры ў бязмежныя магчымасці чалавека і светлую будучыню. Гэтае свята нібы аб’ядноўвае нас адзіным імкненнем, адзіным жаданнем і адзінай марай — ператварыць родную зямлю ў квітнеючы край, краіну — у багатую, моцную дзяржаву.

Падчас урачыстага мітынгу, прысвечанага Святу працы (на здымку), прагучалі імёны і прозвішчы людзей, праславіўшых раён сваімі працоўнымі поспехамі і дасягненнямі, гэта: Л.Н.Палевіч, В.І.Баркоўская, А.І.Ганжа, Е.П.Дрозд, а таксама К.П.Арлоўскі, В.К.Старавойтаў, Х.Ц.Міхнёва, Ф.Ф.Кісялёва, Г.П.Елісеенка.
Нягледзячы на тое, што першамайская раніца адарыла кіраўчан шчодрым вясеннім дажджом, ва ўсіх панаваў святочны настрой ад шчырых слоў віншаванняў выступаючых на мітынгу.
З урачыстай прамовай да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова. Яна адзначыла, што сёння свята Першамая зацвярджае высокую грамадзянскую адказнасць беларусаў. Асабліва гэта важна ў сучасных эканамічных умовах, калі ад эфектыўнай работы і самаадданасці кожнага чалавека залежыць дабрабыт Беларусі. Дзякуючы агульным намаганням, прыгажэюць нашы гарады і вёскі, наладжваецца сучасная вытворчасць, развіваецца сацыяльная сфера, умацоўваецца незалежнасць роднай Айчыны.
Ад імя членаў раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” слова трымаў яе старшыня Васіль Маркевіч, актывістаў прафсаюзнага руху Кіраўшчыны — старшыня Каардынацыйнага Савета старшынь камітэтатаў прафсаюзаў раёна Вольга Русецкая.
Па даручэнні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў за актыўную работу па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза яна ўручыла Ганаровую грамату ўрачу-дэрматолагу, старшыні пярвічнай арганізацыі прафсаюза райбальніцы Алегу Дворкіну.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алена Осіпава трымала слова ад імя маладога пакалення Кіраўшчыны:
— Кожны год саюз моладзі працаўладкоўвае тысячы юнакоў і дзяўчат у саставе студэнцкіх атрадаў. Нягледзячы на юны ўзрост і адсутнасць вопыту, маладое пакаленне беларусаў зарэкамендавала сябе адказнымі працаўнікамі. Сёлета рух студэнцкіх атрадаў адзначае сваё 50-годдзе. У нашым раёне запланавана работа 14-ці будатрадаў, агульнай колькасцю больш за 200 чалавек.
Моладзь працягвае слаўныя працоўныя традыцыі старэйшага пакалення і прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб квітнела наша дзяржава.
Шмат год запар у першы майскі дзень у Кіраўску праводзіцца лёгкаатлетычны крос на кубак раённай газеты “Кіравец” і прызы прафсаюзных арганізацый. Сёлетні першамайскі дождж не стаў перашкодай даўняй добрай традыцыі. Надвор’е ўнесла свае карэктывы ў арганізацыю прабегу, аднак ніколькі не паслабіла ва ўдзельнікаў кросу жадання і волі да перамогі.
Сёлета паспрачацца за лідарства прыбылі спартсмены-аматары з 13-ці працоўных калектываў раёна, падалі заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах 112 чалавек.
Удзельнікаў і балельшчыкаў вітала галоўны рэдактар раённай газеты “Кіравец” Наталля Хадакова:
— Ад імя мясцовых раённых сродкаў масавай інфармацыі, галоўнымі героямі якіх вы з’яўляецеся, віншую з Першамаем, святам вясны і працы! Як вясна абуджае ўсё навокал, дае новыя сілы ўсяму жывому, так і стваральная праца робіць наш раён, наш край, нашу дзяржаву моцнымі і працвітаючымі. І ў гэтым заслуга многіх з вас. Як вядома, спорт і праца разам крочаць, хачу пажадаць кіраўчанам як далейшых поспехаў у працы, так і ўдалых фінішаў у спорце!
Старт забегам даў старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Міхаіл Уніятаў.
Па ўмовах кросу юнакам і мужчынам трэба было пераадолець дыстанцыю даўжынёй у 2 км, прадстаўніцам цудоўнай паловы чалавецтва — у 1 км.
У выніку заўзятай спартыўнай барацьбы перамогу ў агульнакамандным заліку ў пяты раз запар заваявалі спартсмены-аматары СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, новы пераходны кубак раённай газеты “Кіравец” зноў адправіўся ў Мышкавічы. Другое месца святкавалі прадстаўнікі СВК “Калгас “Беларусь”, на трэцяй прыступцы п’едэсталу гонару — каманда ДЮСШ.
У асабістым першынстве прызавыя месцы размяркоўваліся згодна ўзроставых катэгорый. Так, перамогу ва ўзросце 14 — 17 гадоў святкавалі Іван Раташ (ДЮСШ) і Вера Каліноўская (Жыліцкі сельгаскаледж); ва ўзросце 18 — 29 гадоў — Андрэй Харытонаў (РАНС) і Ганна Алісеенка (СВК “Калгас “Беларусь”); ва ўзросце 30 — 44 гады — Сяргей Лыбзікаў (РАУС) і Алена Шалыгіна (аддзел адукацыі райвыканкама); ва ўзросце 45 — 54 гады — Юрый Галіцкі (СВК “Добасна-агра”) і Галіна Русецкая (гімназія).
Ва ўзроставай катэгорыі старэй за 55 год сярод жанчын выйшла на спартыўную дыстанцыю толькі адна прадстаўніца — Кацярына Яскевіч, якая выступала за каманду СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. А вось у забегу сярод мужчын за лідарства спрачалася некалькі спартсменаў-аматараў, у выніку першае, другое і трэцяе месцы адпаведна занялі: Анатоль Клімовіч (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Уладзімір Цішкоў (СВК “Добасна-агра” і Іван Дарафей (РУП “Жылічы”).
Пераможцы лёгкаатлетычнага кросу ўзнагароджаны Дыпломамі, прызамі і прэміямі Каардынацыйнага Савета старшынь камітэтаў прафсаюзаў раёна, райкама прафсаюза работнікаў АПК, фізкультурна-спартыўнага клуба.
Чацвёра ўдзельнікаў спаборніцтваў атрымалі ў якасці прызоў падпіску на “раёнку” на трэці квартал бягучага года. Гэта самы старэйшы спартсмен-аматар Іван Дарафей, пастаянны ўдзельнік кросу Уладзімір Цішкоў, актывістка спартыўнага жыцця раёна Алена Шалыгіна і маладая маці Настасся Русанава, якая прадстаўляла каманду “Рассвета” і заняла ганаровае трэцяе месца ва ўзроставай катэгорыі 18 — 29 гадоў.
З -за дажджлівага надвор’я дзіцячае свята, якое павінна было прайсці на пляцоўцы ля раённага Дома культуры, было перанесена на другі паверх РДК. Яго ўдзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з выставамі работ навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, прыняць удзел у майстар-класе гуртка “Умелыя рукі” і тэатра-лізавана-забаўляльнай праграме “Віртуальнае падарожжа”, а ў 15.00 гадзін жадаючыя паглядзелі цыркавую праграму з удзелам цырка “Фартуна”.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.