Каб не было вайны…

З кожным годам усё менш застаецца людзей, якія на ўласныя вочы бачылі ўвесь жах Вялікай Айчыннай вайны, зведалі яго на сабе. Іх успаміны сёння — жывое сведчанне тых дзён. А многія з іх на той час толькі пайшлі ў школу…
Кіраўчанцы Галіне Васільеўне Каранкевіч было 10 гадоў, калі фашысты акупіравалі яе родны край, але і па сённяшні дзень яна памятае ўсё да дробязей і просіць Бога толькі аб адным… каб ніколі не было вайны.
Іх было ў маці чацвёра. Дзве сястры і два браты. Старэйшыя брат з сястрой у час вайны былі сувязнымі ў партызан — не засталіся ў баку, прыкладаючы ўсе сілы для барацьбы з ворагам. У іх дома была явачная кватэра. Партызаны жылі тут па некалькі тыдняў. Маці даглядала іх, дапамагала.
“Партызаны жылі ў нас з лета 1942 года па восень 1943 года, — расказала Галіна Васільеўна, — а потым нас выдаў паліцай. І ўсю нашу сям’ю арыштавалі. Увесь кастрычнік мы правялі ў турме”.
Потым Галю і яе малодшага брата адпусцілі. Як лічыць Галіна Васільеўна, маці ўзяла ўсю віну і адказнасць на сябе. Яны з братам вярнуліся і працягвалі жыць у родных Хамічах, непадалёк ад Кіраўска. А маці ў канцы лістапада расстралялі. У той час ім стала вядома, што старэйшых брата і сястру павезлі ў Германію. Але па дарозе ім пашчасціла ўцячы недзе на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Яны зноў пайшлі ў партызаны.
“Нямала гора тады зведалі, — успамінае Галіна Васільеўна, — галодныя, без цёплай вопраткі ў люты мароз. Цяжка было, таму такім радасным стала вызваленне роднага краю ад ворагаў.
У 1944 годзе Галіна пайшла ў 4 клас Кіраў-скай сярэдняй школы. Калі ёй споўнілася 17 гадоў, закончыла 7 класаў. Потым уладкавалася на работу ў Кіраўскі вузел сувязі. А праз год выйшла замуж. Муж Мікалай быў удзельнікам вайны, вызваляў Берлін. Неўзабаве ў іх нарадзілася дачка, а калі дзяўчынка падрасла, Галіна Васільеўна зноў выйшла на работу: кантралёрам у Кіраўскую ашчадную касу №2815, дзе ад-працавала 40 год.
Нялёгка жылося пасля вайны. Усе сілы і сродкі накіроўваліся на аднаўленне народнай гаспадаркі. Грошай у людзей не было. Але пры гэтым усе стараліся дапамагчы, ставіліся з павагай адзін да аднаго, да сваёй працы. Часта даводзілася працаваць дапазна, бо кадраў не хапала. Але шчыравалі пры гэтым добрасумленна, усёй душой і сэрцам перажываючы за агульную справу. Таму што былі бязмежна рады вызваленню і таму, што можна свабодна жыць, працаваць і дыхаць.
“Я як толькі прыйшла на работу, дала сабе ўстаноўку, што буду працаваць не пакладаючы рук і не шкадуючы сіл, — прызнаецца Галіна Васільеўна. — І абавязкова на адным месцы, каб унесці свой вясомы ўклад у адну агульную справу”.
І гэта Галіне Каранкевіч удалося ў поўнай меры. Пасля сямі год кантралёрам яе перавялі на пасаду галоўнага бухгалтара, а ў 1976 годзе — яна стала загадчыцай цэнтральнай ашчаднай касы. Пасля выхаду на пенсію 10 год узначальвала Савет ветэранаў.
Сёння Г.В.Каранкевіч радуецца поспехам дзяцей, унукаў і праўнукаў. Задаволена пражытым жыццём, тым, што заўсёды была аддадзена свайму роднаму калектыву. І кіраўніцтва, і работнікі ЦБП №709 г.Кіраўска філіяла № 703 ААТ “ААБ Беларусбанк” на яе не забываюцца: запрашаюць на прафесійныя святы, наведваюць дома, пры неабходнасці аказваюць дапамогу.
…Галіна Васільеўна ўдзячная лёсу за тое, што збылася яе мара, і яна жыве пад мірным небам.
Кацярына КІРЭЕВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.