Лідар мультысэрвісных продажаў

Спецыяліст па продажу паслуг раённага вузла электрычнай сувязі Магілёўскага філіяла “Белтэлекам” Ірына Каранкевіч (на здымку) па выніках работы за 2012 год стала пераможцай рэспубліканскай PR-акцыі “Лідар продажаў” у намінацыі “Лідар мультысэрвісных продажаў 2012” сярод супрацоўнікаў Груп продажу паслуг Магілёўскага філіяла. Пачынаючы, з 2011-га года, кампанія “Белтэлекам” кожны месяц ацэньвае ўзровень прафесійнага майстэрства спецыялістаў па рабоце з кліентамі, тры апошнія ў мінулым годзе месяцы запар Ірына Аляксандраўна была пераможцай, гэта і дазволіла ёй заняць лідзіруючае месца па выніках усяго года. Журы конкурсу ацэньвае не толькі колькасць заключаных дагавароў, але і прафесійнае веданне паслуг, адказнасць у рабоце, творчы падыход і камунікабельнасць. Абсалютнае валоданне ўсімі гэтымі якасцямі і дазволіла Ірыне Каранкевіч дасягнуць такога поспеху.
Прафесійны шлях у галіне аказання паслуг сувязі Ірына Аляксандраўна пачала 16 год таму. Ішоў час, мяняліся падыходы да работы, формы і метады, нязменным заставалася жаданне выконваць даручаную справу на выдатна, неабыякава, адказна і самааддана.
На думку Ірыны Каранкевіч, самае складанае ў яе рабоце — гэта зносіны з кліентамі. Аднак яна стараецца знайсці падыход да кожнага чалавека:
— За гады працы я ўжо навучылася адчуваць унутраны свет людзей, — прызнаецца Ірына Аляксандраўна, — нават калі адказваю на тэлефонны званок, ужо адчуваю, як трэба размаўляць з кліентамі, якім тонам, на што звярнуць асаблівую ўвагу, і нават ужо мяркую, якая будзе рэакцыя на тую ці іншую прапанову.
Каб паспяхова працаваць у структуры сувязі, як лічыць Ірына Аляксандраўна, трэба з дабрынёй і разуменнем ставіцца да людзей, бо ўся работа галіны пабудавана менавіта на зносінах з кліентамі. Таксама варта развіваць увагу, а самае галоўнае — не страчваць жаданне працаваць на карысць калектыву.
Фота Яўгеніі Бялько.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.