Новую тэхніку — у надзейныя рукі

На Магілёўшчыне напярэдадні Свята працы ва ўрачыстай атмасферы лепшыя механізатары шэрагу сельгасарганізацый вобласці атрымалі ключы ад новенькіх энерганасычаных трактароў “Беларус-3022” вы-творчасці ВА “Мінскі трактарны завод” у межах выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб аб’ёмах і крыніцах фінансавання ў 2013 годзе закупу сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання” №143. Тэхніка прадастаўлена дзяржавай на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу), для Магілёўскай вобласці — 50 адзінак.
Прадстаўнікі васьмі раёнаў вобласці: Бабруйскага, Глускага, Клічаўскага, Касцюковіцкага, Асіповіцкага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага — прыбылі на ўрачыстае мерапрыемства ў Кіраўск. Цэнтральная плошча горада нагадвала выставачную пляцоўку: двума роўнымі радамі на ёй, як члены адзінай працавітай сям’і, выстраіліся 20 новых магутных “Беларусаў-3022”. А побач — механізатары, майстры сваёй справы, якім прадстаіць удыхнуць жыццё у тэхніку, кіраваць гэтымі машынамі на палетках сваіх гаспадарак.
Прысутных шчыра вітаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Сімвалічна, падкрэсліў ён, што такая акцыя праходзіць на Магілёўшчыне напярэдадні Першамая — Свята працы. Крыху раней у гэты ж дзень у сталіцы вобласці губернатар Пётр Руднік уручыў ключы ад трактароў кіраўнікам і механізатарам сельгасарганізацый іншых раёнаў Прыдняпроўскага краю.
Анатоль Ісачанка адзначыў тую істотную пастаянную падтрымку, якая аказваецца Кіраўніком нашай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам сельскай гаспадарцы. У межах Рэспубліканскай праграмы аснашчэння сучаснай тэхнікай і абсталяваннем арганізацый аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, рамонту, мадэрнізацыі вытворчых аб’ектаў гэтых арганізацый на 2011-2015 г.г. вытворцам сельгаспрадукцыі пастаўляюцца на ўмовах лізінгу не толькі трактары, а і збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, пагрузчыкі, камбінаваныя пасяўныя і бульбапасадачныя агрэгаты і іншая тэхніка айчыннай вытворчасці.
Намеснік старшыні аблвыканкама пажадаў механізатарам плёну ў рабоце, канстатаваў, што дзякуючы сучаснай тэхніцы, стваральнай працы на ёй умацоўваецца магутнасць нашай дзяржавы.
Генеральны дырэктар рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс” Мікалай Лабушаў выказаў упэўненасць у тым, што новая якасная сельгастэхніка трапляе ў надзейныя рукі. А іх служба гатова гэтак жа якасна яе абслугоўваць, каб не было прастояў, а механізатары мелі магчымасць зарабіць дастойную заработную плату.
Ад імя кіраўнікоў сельгасарганізацый словы ўдзячнасці за прадастаўленне на выгадных для сяльчан умовах такіх неабходных у вытворчым працэсе энерганасычаных трактароў выказаў дырэктар ААТ “Кіраўскае РАПТЗ” Мікалай Чаранкоў і запэўніў, што задачы, якія стаяць перад аграрным сектарам, будуць выкананы.
Надышоў кульмінацыйны момант урачыстасці: Анатоль Ісачанка ўручыў механізатарам ключы ад магутных трактароў і пашпарты на іх.
У мерапрыемстве таксама прымалі ўдзел старшыня Кіраўскага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, генеральны дырэктар ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Аграмашсэрвіс” Міхаіл Юрчанка.
Новую тэхніку на добрыя справы асвяціў настаяцель Свята-Пакроўскага храма г.Кіраўска іерэй Дзмітрый Первій.
…І вось механізатары займаюць месцы ў кабінах “Беларусоў”, і магутныя трактары роўнай калонай накіроўваюцца па галоўнай вуліцы райцэнтра да аўтатрасы: у гэты дзень іх чакала дарога ў свае раёны, сельгасарганізацыі, на палі — для выніковай, эфектыўнай працы.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.