Няхай будзе мірным неба над нашай зямлёй!

Мінулы тыдзень быў азнаменаваны светлай падзеяй: у 68-ы раз урачыста і ўзнёсла мы адзначылі любімае ўсімі пакаленнямі нашых суайчыннікаў свята — Дзень Перамогі. Яшчэ побач з намі тыя, хто змагаўся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, хто пераможным майскім днём 1945-га ўзняў сцяг Перамогі над рэйхстагам. Менавіта ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны была аддадзена ўвага ўдзячных нашчадкаў.
9 мая ўся Беларусь з раніцы і да позняга вечара ператварылася ў вялізную святочную пляцоўку. У гэты дзень няспынным патокам ліліся словы шчырай удзячнасці абаронцам мірнага жыцця, у час журботных мінут маўчання аддавалася даніна памяці тым, хто не дажыў да радаснай пераможнай вясны.

Па традыцыі святочнай майскай раніцай кіраўчане і госці райцэнтра сабраліся каля брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, па вул.Гагарына. Ганаровае месца на ўрачыстым мітынгу-рэквіеме, прысвечаным 68-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, было адведзена, вядома ж, ветэранам. На яскравым майскім сонцы пунсова-чырвонымі колерамі пераліваліся цюльпаны, якія яны трымалі ў руках, на вачах блішчэлі слёзы, на грудзях — ордэны і медалі. На жаль, не ўсе ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а засталося іх на Кіраўшчыне 47, змаглі ў гэты дзень прыняць удзел ва ўрачыстасцях, аднак, упэўнена, кожны з іх сэрцам быў побач…
Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў з цеплынёй павітаў кожнага з прыйшоўшых на свята ветэранаў, моцна паціснуў ім рукі, а ў сваёй прамове адзначыў, што гэтыя людзі сваім жыццём і ваенным подзвігам паказалі прыклад грамадзянскага гонару і самаадданага служэння Айчыне. “Вы не толькі адстаялі нашу Радзіму, але і поўнасцю аднавілі яе ў пасляваенныя гады, далі нам магчымасць жыць і працаваць у квітнеючай дзяржаве, і гэтым мы ганарымся”, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.
Ад імя франтавікоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай горача і сардэчна віншаваў прысутных са святам ветэран вайны Р.І.Куцілкін: “Сёння наша рэспубліка ўпэўнена і з аптымізмам глядзіць у будучае, яна атрымалася як незалежная суверэнная дзяржава, а, значыць, будзе працягвацца жыццё, будзе мацнець і працвітаць наша краіна, захоўваючы памяць аб гераічным мінулым!”.
Тым часам нашчадкі — вучні школ раёна ў знак удзячнасці паднеслі майскія кветкі ветэранам. На шчасце, гэтыя рабяты ведаюць аб па-дзеях вайны толькі са старонак літаратуры, кіна-стужак і па расказах удзельнікаў вайны, аднак, гледзячы, з якім пачуццём радасці яны ад-значаюць Дзень Перамогі, з якой павагай ставяцца да старэйшага пакалення, ёсць упэўненасць, што памяць аб гераічным подзвігу будзе жыць. На гэтым зрабіла акцэнт у сваім выступленні і вучаніца 11 “А” класа СШ №1 Алена Русецкая: “Паважаныя ветэраны! Дзякуй вам за свята са слязамі на вачах, прыміце ўдзячнасць за мір, за магчымасць вучыцца і будаваць шчаслівую будучыню, за ціхія світанкі і рамантычныя захады. Зямны паклон вам, будзьце здаровымі і працягвайце дзяліцца вашымі мудрасцю і аптымізмам яшчэ доўгія гады!”.
Дзяўчынкі ў касцюмах маленькіх анёлаў паднеслі да брацкай магілы запаленыя лампадкі — сімвалы стойкасці і адзінства нашага народа, непагаснасці памяці пакаленняў. Прысутныя на імгненне застылі ў мінуце маўчання па загінуўшых суайчынніках. А затым да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі, кошыкі і кветкі. Па традыцыі, першы кошык памяці — ад старшыні райвыканкама Уладзіміра Піскіжава і старшыні раённага Савета дэпутатаў Надзеі Каранкевіч, затым, — вянкі і кветкі ад воінаў-інтэрнацыяналістаў, працоўных і вучнёўскіх калектываў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў.
Па завяршэнні ўрачыстага мітынгу дзеці выпусцілі ў неба двух белых галубкоў — сімвалаў міру. Птушкі кружыліся над святочным Кіраўскам і ўсялялі надзею на тое, што гэтая зямля болей ніколі не ўбачыць жахаў вайны.
Святочнае шэсце па галоўнай вуліцы райцэнтра ўзначаліла сцяганосная група райвыканкама ў саставе старшага оперупаўнаважанага РАУС Юрыя Бяляўскага, дырэктара райаграпрамтэхзабеспячэння Мікалая Чаранкова і дырэктара цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Вольгі Мержый. У святочнай калоне — ветэраны вайны і працы, кіраўніцтва раёна, салдаты дзеючай арміі, супрацоўнікі РАУС і РАНС, воіны-інтэрнацыяналісты, гараджане і госці райцэнтра.
Кульмінацыяй дзённых урачыстасцей стала тэатралізаванае прадстаўленне “Салют, Перамога!”, якое разгарнулася на імправізаванай сцэне — плошчы імя Кірава.
Адкрыў канцэрт “Майскі вальс” у выкананні Дзмітрыя Салагуба і танцавальнага калектыву Мышкавіцкага СДК. У канцэртна-тэатралізаванай форме ўдзельнікі прадстаўлення — у асноўным — моладзь: вучні школ, ліцэя №15, Жыліцкага сельгаскаледжа, маладыя спецыялісты арганізацый і прадпрыемстваў раёна — расказалі аб сваіх равесніках, хто з-за школьнай парты бясстрашна і з гонарам крочыў па вайне, кідаўся на фашысцкія танкі і амбразуры дотаў. Дакладна падабраныя дэкарацыі, касцюмы, выдатна падрыхтаваныя нумары і іх цудоўнае выкананне дазволілі гледачам акунуцца ў падзеі тых дзён, перажыць жах чэрвеня 1941-га, гераічную абарону Магілёва, трагедыю спальвання вёсак, блакаду Ленінграда, гады акупацыі, зняволенне ў канцлагерах, партызанскія будні, апошні бой групы воінаў, Дзень Перамогі і многае іншае. У многіх на вачах блішчалі слёзы, настолькі пранікнёна і рэальна былі ўвасоблены эпізоды вайны.
Падчас прадстаўлення, у Дзень вялікай Перамогі кіраўчане віталі будучых салдат летняга прызыву-2013. У радах навабранцаў — рабяты з усёй Кіраўшчыны. Ад імя жыхароў раёна ім пажадалі быць дастойнымі прадаўжальнікамі традыцый бацькоў і дзедаў, з гонарам несці званне воіна.
Пад мелодыю песні “Дзень Перамогі” на плошчы — марш-парад з удзелам салдат дзеючай арміі, барабаншчыц, вучняў СШ №1, гімназіі, Паўлавіцкай, Мышкавіцкай, Скрыпліцкай і Баравіцкай сярэдніх школ. Дзеці выпусцілі ў неба рознакаляровыя паветраныя шары з пасланнямі будучым пакаленням.
Аматары здаровага ладу жыцця маглі прадоўжыць свята праглядам спаборніцтваў па футболе сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”. Дзецям была прапанавана забаўляльная праграма, атракцыён “Трамплін Павук-3”, аматары мастацка-прыкладной творчасці знаёміліся з выставай работ навучэнцаў гурткоў раённага Дома культуры і дзіцячых школ мастацтваў, народных умельцаў. Працаваў вынасны гандаль рай-спажыўтаварыства.
Святочная праграма прадоўжылася ўвечары.
На плошчы імя Кірава, дзе сабраліся жыхары і госці горада і раёна, быў паказаны святочны канцэрт “Слава Вялікай Перамозе!”.
На вялізным экране дэманстраваліся кадры ваеннай хронікі і мірнага пасляваеннага жыцця.
Падчас канцэртнай праграмы гучалі песні мінулых гадоў і сучасныя хіты ў выкананні выкладчыкаў і выхаванцаў Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, работнікаў раённага Дома культуры, народнага ансамбля песні “Мілавіца”, сама-дзейных артыстаў.
У 23.00 гадзін вячэрняе неба над горадам асвяцілі агні святочнага салюта — своеасаблівага сімвала Дня Перамогі.
Дарэчы, першаму салюту Вялікай Айчыннай вайны ў бягучым годзе спаўняецца 70 год. У жніўні 1943 года поспех савецкіх салдат падчас знакамітай Курскай бітвы быў адзначаны салютнымі залпамі.
А ў гэты дзень радасць свяцілася ў вачах і дзяцей, і дарослых. І бязмежнае пачуццё гонару за наш мірны край, за сінявокую Беларусь і за людзей, якія змаглі абараніць краіну ад ворагаў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.