Памяць сэрца неўміручая…

Адабранае вайной хараство юнацтва і цяжкае ранняе дарослае жыццё, якое прыйшло на змену яму… Ваеннае ліхалецце прымусіла ў адначассе пасталець чатырнаццацігадовага Ванцэція Панфіловіча, зрабіла мужным і вынослівым…
І сёння ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар вескі Шалаёўка Ванцэцій Пятровіч Панфіловіч (на здымку) да дробязей памятае кожны свой крок у тыя дні, ганарыцца і даражыць узнагародамі, што заслужана носіць на грудзях. І захоўвае ў сэрцы памяць аб баявых сябрах, з якімі змагаўся за мір і свабоду Айчыны.

Нарадзіўся Ванцэцій Пятровіч у вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёна. Старэйшы сын у сям’і — ён дапамагаў бацькам гадаваць малодшых братоў і сясцёр, упраўляўся па гаспадарцы.
Калі немцы прыйшлі ў Дашкаўку, то адразу арганізавалі тут свайго роду маёнтак, дзе мясцовыя жыхары сталі бясплатнай рабочай сілай. Мужчыны сеялі зерне, а юнакі, у тым ліку і Ванцэцій Панфіловіч, падвозілі яго, а потым станавіліся за бароны і заворвалі глебу.
Але не змаглі маладыя хлопцы доўга працаваць на нямецкіх катаў, ім хацелася змагацца за свабоду сваёй Бацькаўшчыны. Аднойчы, дамовіўшыся, яны ўзялі коней і паскакалі ў бок чыгункі, перайшлі яе — і ў лес. Там сустрэліся з партызанамі, якія завялі іх у партызанскі штаб. І з гэтага моманту ўключыліся юнакі ў актыўную барацьбу супраць ворага. Іх размеркавалі па атрадах і ўзводах. Ванцэцій Пятровіч трапіў у Белавусаўскі атрад радавым салдатам. Яны знішчалі камунікацыі, абразалі тэлефонныя лініі, падрывалі масты, хадзілі ў засады на Бабруйскую шашу. Асабліва запомніўся Ванцэцію Пятровічу бой, калі ім удалося знішчыць нямецкі самалёт, і тады раззлаваныя немцы скінулі адна за адной некалькі бомбаў і спалілі вёскі Майшчына і Бялевічы, а партызан некалькі дзён ганялі па лесе. У баі каля в.Гарадзішча Ванцэцій Панфіловіч атрымаў раненне і больш за месяц вымушаны быў чакаць, пакуль загоіцца рана. А потым прыйшоў загад, каб ён з’явіўся ў партызанскі штаб, дзе яго і пакінулі служыць. У снежні 1944 года яго адправілі ў артылерыйскае вучылішча, а ў 1945 годзе — трапіў у асобны Гдынскі Чырвонасцяжны батальён войскаў сувязі.
Дэмабілізаваны Ванцэцій Пятровіч быў толькі ў 1951 годзе. Вярнуўся дадому, дзе яго чакала маці, бацька ж загінуў яшчэ ў 1944 годзе. Праз год пайшоў працаваць кінамеханікам. Потым, калі ў Дашкаўцы пабудавалі кінатэатр, ён перайшоў працаваць туды. Там жа Ванцэцій Панфіловіч пазнаёміўся з будучай жонкай Евай Барысаўнай, якая працавала бухгалтарам.
І ўсё б, здавалася, добра — мірнае неба над галавой, работа, каханая жанчына побач, але сляды ваенных гадоў усё роўна нагадвалі аб сабе. Вайна ўвогуле не можа адысці ў мінулае, не пакінуўшы пасля сябе незагойных ран ці то на сэрцы, ці то на целе. Ванцэцій Панфіловіч захварэў, доўгі час правёў у шпіталі. А ў гэты час яго жонку перавялі працаваць у Кіраўскі раён у в. Шалаёўка. Калі Ванцэція Пяровіча выпісалі, ён прыехаў да яе. І з гэтага часу і да сённяшняга дня жыццё Ванцэція Пятровіча непарыўна звязана з Кіраўскім раёнам, а, дакладней, з вёскай Шалаёўка. Спачатку працаваў тут год кінамеханікам, а затым — брагадзірам у мясцовым калгасе. Пасля паступіў на завочнае аддзяленне Жыліцкага саўгаса-тэхнікума. Скончыў яго з чырвоным дыпломам. Адзінацаць гадоў прарабіў Ванцэцій Пятровіч брыгадзірам. Шмат часу, сіл і энергіі адбірала работа, але ніводнага дня не скардзіўся ён на лёс.
У 1987 годзе В.П. Панфіловіч пайшоў на пенсію. Вось ужо восьмы год як ён жыве адзін. Прызнаецца, што часта наведвае сваю малую Радзіму — вёску Дашкаўка, дзе зараз жывуць яго пляменнікі. І кожны раз, калі прыязджае туды, слёзы ўспамінаў зноў наварочваюцца на вочы, быццам і не было тых шасцідзесяці васьмі гадоў, як скончылася вайна.
Кацярына КІРЭЕВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.