Паўстагоддзя — у творчым саюзе

Дзіцячая школа мастацтваў г.Кіраўска, якая хутка адзначыць 50-годдзе існавання, займае дастойнае месца ў сістэме дзіцячай мастацкай адукацыі, з’яўляецца часткай культурнага жыцця горада і раёна.
Як усё пачыналася
На падставе загада №179 ад 5 жніўня 1963 года рашэннем Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры ў Кіраўску была адкрыта музычная школа, якая размясцілася ў невялікім драўляным будынку. Першым дырэктарам школы стаў Л.Д.Цёмкін, выкладчык па класу духавых інструментаў. Поплеч з ім працавалі выкладчыкі: па класу баяна — М.П.Дайнека, фартэпіяна — М.П.Сафарава, акардэона — Я.Л.Абелеў. Гэта быў поўны натхнення і энтузіязму творчы калектыў (на здымку).
З кожным годам раслі аўтарытэт школы, прэстыж навучання ў ёй.
З 1971 года і на працягу 25 гадоў школу ўзначальвала А.Р. Ляоненка. Таленавіты чалавек і выдатны арганізатар, яна здолела згуртаваць моцны педагагічны калектыў і вырашыць адну з важнейшых задач: выхаваць сваіх музыкаў, педагогаў, расшырыць кадравы састаў калектыву школы, адкрыць новыя класы, павялічыць кантынгент вучняў, захапляючы сваёй адданасцю справе, любоўю да выхаванцаў.
Важным момантам у эстэтычным выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення стала адкрыццё мастацкай школы ў 1978 годзе на базе СШ №1. Першым яе дырэктарам стала маладая, энергічная і перспектыўная выпускніца мастацкага вучылішча Т.У. Ярашэвіч. Навучалася ў першым наборы каля 20 рабят.
У наступныя 1988 — 1996 гады мастацкую школу ўзначальвала Г.У.Цітарэнка. Пад яе кіраўніцтвам калектыў папоўніўся пастаяннымі кадрамі, якія і сёння з’яўляюцца настаўнікамі школы.
У 1992 годзе музычная і мастацкая школы пера-ехалі ў вялікі і прасторны будынак былога райкама партыі: яно было падорана рабятам згодна рашэння сесіі раённага Савета дэпутатаў. Цудоўная зала для правядзення рэпетыцый і канцэртаў, светлыя прасторныя класы, вялікія фае для арганізацыі творчых выстаў вучняў — усё гэта садзейнічала ўмацаванню класаў, адкрыццю новых аддзяленняў, развіццю творчых калектываў.
У 1996 годзе Кіраўскія дзіцячыя музычная і мастацкая школы былі рэарганізаваны ў дзіцячую школу мастацтваў. Яе дырэктарам стала Н.І.Кавалёва, выпускніца 1976 года, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце — І.В.Чыжонак, выпускніца 1987 года. Пад іх кіраўніцтвам школа працягвала лепшыя традыцыі, закладзеныя іх папярэднікамі. Былі адкрыты новыя класы (гітары, харэаграфіі, эстрадны і харэаграфічны), філіялы на вёсцы.
Зараз школа жыве дынамічным творчым жыццём. У снежні 2011 года яна набыла статус юрыдычнай асобы, мае ў сваёй структуры філіялы ў а/г Баравіца, а/г Любонічы і мастацкі клас, клас акардэона ў а/г Барчыцы. У цяперашні час вучэбна-выхаваўчы працэс забяспечваюць 28 педагогаў на музычным, выяўленчым, харэаграфічным і тэатральным накірунках дзейнасці. У школе навучаецца 436 рабят, у тым ліку 72 вучні — на пазабюджэтнай форме навучання. З 970 выпускнікоў, 330 звязалі свой жыццёвы творчы шлях з музыкай і мастацтвам. Праводзіцца планамерная прафарыентацыйная работа, вучні і творчыя калектывы прымаюць актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях, вядзецца насычаная канцэртная дзейнасць, цікавая пазакласная і пазашкольная работа.
(Працяг будзе).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.