У мінулую суботу, 18 мая, у Кіраўску прайшоў раённы злёт піянераў. Падчас яго былі падведзены вынікі дзейнасці раённага Савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, адзначаны лепшыя дружыны, актывісты акцый і конкурсаў. Гэты дзень стаў асабліва адметным для школьнікаў малодшага ўзросту: яны былі прыняты ў піянеры і акцябраты.
Традыцыйна злёт пачаўся з урачыстай лінейкі каля брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, па вул.Гагарына. Лідар піянерскай дружыны імя А.М.Рабцэвіча СШ №1 Вераніка Кірылава здала рапарт аб гатоўнасці дэлегатаў да правядзення злёту. Сцяганосная група гэтай жа дружыны, пераможцы раённага агляду-конкурсу піянерскіх сімвалаў, традыцый і рытуалаў урачыста вынеслі сцяг раённай піянерскай арганізацыі.
У цэнтры ўвагі былі будучыя акцябраты і піянеры. Падзяліць радасць з рабятамі прыйшлі іх бацькі, педагогі і сябры. У гэты ўрачысты дзень дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак са школ раёна далі абяцанне любіць сваю Радзіму, быць добрымі, спагадлівымі і справядлівымі, заўсёды дзейнічаць адпаведна Устава і традыцый Беларускай Рэспубліканскай Піянерскай Арганізацыі.
Дэлегаты злёту мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў і ўсклалі кветкі да брацкай магілы.
У актавай зале Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылося пасяджэнне. Па выніках дзейнасці за 2012 — 2013 навучальны год лепшай прызнана піянерская дружына імя В.М.Скварцова гімназіі (лідар Аксана Сурыновіч), на другім месцы — дружына імя А.М.Рабцэвіча СШ №1 (лідар Вераніка Кірылава), на трэцім — дружына імя Р.А.Худалеева Паўлавіцкай СШ (лідар Алена Басак).
Для ўдзельнікаў злёту навучэнцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі падрыхтавалі канцэртную праграму. Перад рабятамі выступілі навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах “Імпульс”, “Шанц”, “Стрыт-лайф”, “Любонічы”, “Імідж”, студыі моды і стылю “Гламур”, студыі эстрадна-папулярнай музыкі “Калейдаскоп”. Была аформлена выніковая выстава лепшых работ навучэнцаў аб’яднанняў мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Мяркую, што рабятам запомніцца гэты ўрачысты дзень, момант прыёму ў рады піянерскай арганізацыі. Спадзяюся, што нашы піянеры-навічкі і акцябраты стануць актыўнымі арганізатарамі, нястомнымі стваральнікамі, сапраўднымі сябрамі і таварышамі, адкрыюць свае душы і сэрцы насустрач людзям, якія імкнуцца зрабіць жыццё больш яскравым, чыстым і прыгожым!
Настасся БАЛДЗЕНКА,
старшыня раённага савета ГА “БРПА”.
Піянер — гэта значыць быць разам!
Вторник, 21.05.2013 09:41. Рубрика: Без рубрики