Прыклад мужнасці і стваральнай працы

Ураджэнец г.Новы Аскол Белгародскай вобласці, а зараз – жыхар а/г Жылічы Іван Ягоравіч Касалапаў не аднойчы за сваё доўгае 90-гадовае жыццё быў у кроку ад смерці, аднак выратоўваўся і працягваў рухацца наперад. Яго жыццёвы, ваенны і прафесійны шлях адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўную доблесць” і іншымі.
Для самаго Івана Ягоравіча найбольшую каштоўнасць мае ўдзячнасць людзей за створанае ім. 40 гадоў жыцця ён прысвяціў аднаўленню і развіццю сельскай гаспадаркі. У 50-х арганізоўваў і кіраваў машынна-трактарнай станцыяй на Дрыбіншчыне, у 60-х – саўгасам “Прагрэс” на Шклоўшчыне і сельгасгаспадаркай на Клічаўшчыне. У 1970 годзе І.Я.Касалапаў узначаліў у Жылічах калектыў тагачаснага саўгаса-тэхнікума, а праз 8 год стаў ля вытокаў адкрыцця і станаўлення Кіраўскага СПТВ-66 механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер ДПЛ №15). Усюды, куды прыбываў Іван Касалапаў, думкі і дзеянні якога былі перапоўнены энергіяй, аптымізмам і верай у здольнасці людзей, наладжвалася стваральная праца, развівалася вытворчасць, будавалася жыллё, асфальтаваліся дарогі. Але ўсё гэта было пасля…
…А пакуль. 1933 год. У краіне – масавы голад. Ахвярамі недаядання, хвароб органаў стрававання, інфекцый становяцца сотні людзей… Ванюшку Касалапаву – 10 год. Ён жыве з бабуляй, бо маці моцна хворая, бацька стараецца хоць чымсьці зарабіць на жыццё, малодшы брацік ужо стаў ахвярай голаду. Калі Ванюшку з бабуляй ужо зусім не было чаго есці, ён залез на гарышча хаты, прытуліўся да дымаходу і пачаў чакаць… калі памрэ. Раптоўна рука на нешта наткнулася. Мышыная хованка! Збожжа, сушаныя яблыкі і грушы, грыбы, семкі. Дзякуючы гэтай знаходцы Ванюша выратаваў і сябе, і бабулю.
1941 год. Іван Касалапаў скончыў другі курс мясцовага тэхнікума механізацыі. Юнаку ідзе 18-ы год. Голад, перанесеныя пакуты і выпрабаванні – у мінулым. Наперадзе – заканчэнне вучобы, працаўладкаванне, жаніцьба, дзеці. Аднак чэрвеньская раніца перакрэсліла планы. Вайна. На другі дзень Вялікай Айчыннай у хату Касалапавых прыйшла павестка. Гаспадар Ягор Іванавіч сабраў паходную сумку і раніцай наступнага дня прыйшоў у ваенкамат. Ваня разам з ім – правесці бацьку. Аказалася, што паходная сумка збіралася менавіта для яго, бо Ягор Іванавіч з-за хвалявання няправільна прачытаў павестку – яна адрасавалася сыну, на вучобу ў аўтамабільна-матацыклетнае вучылішча Чырвонай Арміі на Браншчыне.
Восенню вучылішча перадыслацыравалі ў г.Мінусінск Краснаярскага краю. Там Іван Касалапаў атрымаў званне лейтэнанта, а затым быў накіраваны на вучобу ў легендарнае першае Харкаўскае танкавае вучылішча імя Сталіна. З яго сцен выйшаў не адзін выпуск камандзіраў-танкістаў, якія вылучаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны гераізмам і мужнасцю. Праявіць сябе выпала і на долю Івана Касалапава.
Дату 24 ліпеня 1943 года Іван Ягоравіч лічыць сваім другім днём нараджэння. Гэтым летнім днём танк камандзіра ўзвода 16-га гвардзейскага асобнага танкавага палка, гвардыі лейтэнанта Касалапава падчас баёў за Харкаў быў падбіты ворагам. Іван Ягоравіч успамінае: “Наш танк трапіў у яму, ужо ў тыле ў ворага. Немцы бачылі, што не ўвесь экіпаж забіты, аднак машыну і нас не знішчалі, каравулілі, пакуль самі вылезем. Падабраўшы момант, мы зрабілі падкоп, завялі танк і вырваліся наперад. Фашысты ўчынілі пагоню. Стрэлы. Выбухі. У імгненне я кінуў гранату… Нам удалося прарвацца праз нямецкую перадавую. Савецкі салдат з чырвоным сігнальным флажком у руках паказаўся нам нябесным Анёлам. Нашы! Вырваліся! Даехалі!”.
А затым для 20-гадовага Івана Каслапава пачаліся пакуты па ваенных палявых шпіталях. З палаючага танка ён вылез з агульнай кантузіяй і цяжкім раненнем.
Зіма 1944 года. Пасля шпіталя Іван два месяцы праходзіў рэабілітацыю, дома, у Новым Асколе. А як толькі крыху акрыяў, набраўся сіл, зноў накіраваўся на фронт, быў залічаны ў 1440 самаходна-артылерыйскі полк. У яго саставе прымаў удзел у Яска-Кішынёўскай аперацыі, баях за вызваленне Венгрыі.
Вялікую Перамогу Іван Касалапаў сустрэў у Аўстрыі. На памяць аб гэтай знамянальнай падзеі ён зрабіў свой фотапратрэт, на адваротным баку якога надпіс: “На памяць дарагой мамашы ад сына Івана Касалапава на 22-м годзе свайго жыцця пасля заканчэння вайны. г.Вена, гасцініца “Асторыя”, 10 мая 1945 года”.
Затым ячшэ некалькі год нёс службу, будучы ў Венгрыі, а ў 1948-м вярнуўся дадому.
Мірнае жыццё пачалося для Івана Касалапава з вучобы: закончыў Нова-Аскольскі тэхнікум механізацыі. Наогул выраз “век жыві – век вучыся” — гэта пра Івана Ягоравіча. Каб кіраваць машынна-трактарнай станцыяй, ён скончыў курсы дырэктараў МТС; дзеля асваення сутнасці стварэння і дзейнасці саўгасаў вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Каб выкладаць механізацыю ў Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме, у 52 гады стаў студэнтам Цімяразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Для жыхароў Кіраў-шчыны Іван Ягоравіч — паважаны чалавек, жывы прыклад стваральніка з характарам, загаратаваным у баях за незалежнасць Радзімы ў гады вайны, удасканаленым у стваральнай працы ў мірны час. А яго гонар, надзея і радасць — жонка, тры сыны, унукі і праўнукі — галоўны здабытак жыцця.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара і з архіва
І.Я.Касалапава.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.