Рытм палявых клопатаў не спадае

Асноўныя пасяўныя работы ў сельгаспрадпрыемствах раёна завершаны, але напружаны рытм палявых клопатаў не спадае. У мінулую суботу, калі мы наведаліся ў СВК “Калгас “Ніва”, поўным ходам ішла сяўба адной з самых цеплалюбівых культур — кукурузы.
Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Семашкевіч, пад “каралеву палёў” адведзена 850 гектараў. На 650 га яна будзе вырошчвацца на зялёны корм, на 200 – на зерне.
Каб адна з лепшых сіласных культур радавала вока высокімі і сакавітымі ўсходамі, давала багаты запас травяністых кармоў і забяспечвала добрыя надоі малака, трэба нямала і старанна папрацаваць, а таксама захаваць усе агратэхнічныя патрабаванні. Для гэтага на палі, адведзеныя пад сяўбу кукурузы, загадзя ўнеслі дастаткова арганікі і мінеральных угнаенняў.
Але многае, канешне ж, залежыць ад прафесіяналізму і майстэрства сейбітаў. На гэтых работах у “Ніве” заняты вопытныя і адказныя механізатары. Яны забяспечваюць выкананне тэхналагічных патрабаванняў па глыбіні закладкі насення і норме высеву. Дарэчы, пасяўныя работы вядуцца ў сельгаскааператыве ў дзве змены.
Аляксандр Кандрацьеў і Міхаіл Рымараў на МТЗ-3022 с АКПН-6 працуюць практычна кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, у сярэднім засяваюць па 50 га. У той дзень, калі рэдакцыя наведалася ў гаспадарку, Міхаіл Рымараў якраз засяваў поле кукурузай айчыннага гатунку “Палескі-212” паблізу в.Вязаўка. “Ніваўцы” з гэтым гатункам працуюць не першы год і задаволены яго ўраджайнасцю, спажыўнымі якасцямі.
Пасля сяўбы цурковых і кармавых буракоў далучыўся да “кукурузных” работ і механізатар Сяргей Гушчын. Штодзень вопытны і добрасумленны трактарыст на МТЗ-1523 з агрэгатам “Плантэр” засявае каля 30 га. Заняты ён на сяўбе кукурузы на зерне. За в.Ізабэліна ён закладваў у глебу зярняткі гатунку “матэўс” імпартнай селекцыі.
Паралельна з сяўбой кукурузы ў гаспадарцы працягваюцца работы па вывазцы і ўнясенні арганікі. Шчыруюць тут Алег Стэльмакоў, Міхаіл Белаглазаў, Аляксей Макаронак і Васіль Рымараў, на пагрузцы заняты Аляксандр Няфёдаў.
Актыўнымі тэмпамі вядуцца ў гаспадарцы работы па хімічнай абароне раслін. Тут працуюць Аляксандр Петранкоў і Алег Сакабіцкі. Стараннасцю ў працы вызначаецца Васіль Прыгажаеў, на УЭС “РАСА” ён штодзень уносіць мінеральныя угнаенні амаль на 100 га. У мінулую суботу ў гаспадарцы распачалі хімабарону цукровых буракоў.
Задаволена работай механізатараў кіраўніцтва гаспадаркі: працуюць усе старанна, імкнуцца, каб не было прастояў і паломак тэхнікі.
Для таго, каб у механізатараў быў стымул для плённай працы, у гаспадарцы распрацавана сістэма аплаты, якая дазваляе добра зарабіць. Механізатары забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, якое дастаўляецца прама ў поле.
Добры настрой у земляробаў і ад таго, што кіраўніцтва СВК “Калгас “Ніва” паклапацілася, каб комплекс веснавых палявых работ быў праведзены арганізавана: у дастатковай колькасці нарыхтавана насення, паліва, хімпрэпаратаў, усе работнікі забяспечаны спецвопраткай, тэхніка не падводзіць.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.