Шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі робяць свет дабрэйшым і святлейшым!

“У нас сям’я невялікая, усяго восем дзяцей”, — з ходу паведаміў нам маленькі хлопчык з вялікімі і чыстымі вачамі. Шчырая ўсмешка малыша ў гэты момант сведчыла аб яго глыбокім перакананні — чым больш сям’я, тым больш жыццё напоўнена святлом і шчасцем… Дзіма — самы малодшы выхаванец у дзіцячым доме сямейнага тыпу Гаўрычэнкаў з аграгарадка Мышкавічы.
У гэты нядзельны дзень шумную кампанію насельнікаў усіх трох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу нашага раёна: Калінкіных, Гаўрычэнкаў, Бяляўскіх і прыёмную сям’ю Даніловых з в.Лёўкавічы прымала аграэкасядзіба ў в.Лешчанка. Яе гаспадыня Таццяна Іванаўна Мелінчан гасцінна запрасіла іх адпачыць у межах рэспубліканскай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх сядзібах”. Але справа нават і не ў акцыі: Таццяна Іванаўна ўвогуле вядомая сваёй шчырасцю і добразычлівасцю — сустракаючы шматлікую дэлегацыю, адзначыла, што калі рабятам спадабаецца тут, няхай разам з бацькамі-выхавальнікамі прыязджаюць у любы час і адпачываюць бясплатна.
Мяркуючы па ўзнятым настроі хлопчыкаў і дзяўчынак, ім тут падабалася. Ды як жа інакш: утульны куток на ўлонні прыроды, побач — возера, альтанкі, арэлі… А яшчэ каб зрабіць ім адпачынак цікавым і змястоўным, сюды прыехалі валанцёры раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” на чале са старшынёй арганізацыі Наталляй Маісеенка. І такія гульні-конкурсы прапанавалі рабятам, што раўнадушным ніхто не застаўся. Бадай толькі старэйшыя хлопцы з прыёмнай сям’і Даніловых, якія ўсё ж аддалі перавагу рыбалцы. “Гэта для нас самы прыцягальны занятак, — зазначыў галава сям’і Дзмітрый, закідваючы ў вадаём леску, — любую магчымасць выкарыстоўваем, каб рыбу павудзіць, парадаваць сям’ю ўловам”.
Месца ля возера з вудай заняла і заўзятая рыбачка … першакласніца Насця, унучка гаспадыні аграэкасядзібы, якая прыехала да бабулі з Бабруйска. І ўрэшце рэшт рэзультат не прымусіў сябе доўга чакаць: на кручку заблішчэла невялікая рыбка, чаму Насця была вельмі задаволена, а мужчынская палова шчыра пазайздросціла яе рыбацкай удачы…
Тым часам Наталля Маісеенка звярнулася да астатніх рабят: “Мы рады вас вітаць у такой цудоўнай сядзібе, нам дазволена гэтую тэрыторыю заняць, асвоіць і весела правесці тут час”. Наталля Пятроўна прадставіла рабят-валанцёраў і адзначыла: “Гэта людзі, якія добраахвотна і бескарысліва займаюцца з рабятамі з дзіцячых дамоў, праблемных сем’яў, наладжваюць розныя акцыі, каб падарыць дзецям радасць. Гэтае мерапрыемства праводзіцца ў межах акцыі БеларускагаЧырвонага Крыжа “Розныя дзеці — роўныя магчымасці”.
А пасля таго, як валанцёры паведамілі, што дапамогуць рабятам пераўвасобіцца ў чараўнікоў, авалодаць шэрагам заклінанняў, знайсці чароўныя рэчы, яны атрымалі поўны давер і прыхільнасць з боку хлопчыкаў і дзяўчынак. Апошнія былі падзелены на каманды, і пачаліся незвычайныя прыгоды з пераапрананнямі, пошукам чароўных прадметаў, выкананнем казачных заданняў. Былі задзейнічаны і мясцовы шалаш, і вялізная жабка ля возера, і альтанкі.
А ў гэты час юнакі з валанцёрскага атрада распальвалі дровы ў мангале, гаспадыні дзіцячых дамоў наразалі агародніну, рыхтавалі сасіскі для смажання, іншыя стравы, каб пасля адпачынку на свежым паветры іх выхаванцы з апетытам паабедалі.
Паміж конкурсамі мы вынайшлі момант і запыталіся ў дзяўчынак з дзіцячага дома сямейнага тыпу Бяляўскіх — Дзіяны і Наташы: якія ўражанні ад такога адпачынку? “Выдатна ўсё! Цікава, дзеці гуляюць, весяляцца! І мы таксама!” — пачулі мы радасны адказ. Прыблізна гэтак жа перадалі свае эмоцыі Жэня з сям’і Гаўрычэнкаў і іншыя рабяты.
А прадстаўнік дружнага атрада валанцёраў Валя, задаволеная, што іх намаганні прынеслі добры вынік, адзначыла, што яны часта выязджаюць у населеныя пункты раёна, наладжваюць розныя мерапрыемствы з дзецьмі, моладдзю, каб у хлопчыкаў і дзяўчынак было ў жыцці больш светлых, радасных хвілін, а сваіх равеснікаў навучыць цікава, змястоўна арганізаваць свой вольны час.
Дзеці і іх бацькі-выхавальнікі таксама расказалі нам, што напярэдадні ездзілі ў Магілёў на абласное свята дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прысвечанае 25-годдзю Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Было цэлых 24 сям’і з усёй вобласці! Свята было цудоўным, з прывітаннямі ў іх адрас, выставамі, падарункамі.
…Усе дзеці павінны быць шчаслівымі, агорнутымі ўвагай і пяшчотай. Яны — наша будучыня, і мы павінны паклапаціцца аб тым, каб кожны хлопчык і дзяўчынка адчуваў упэўненасць у сабе і сваіх сілах, ідучы па жыццёвым шляху. І калі некаторыя з іх пазбаўлены ўвагі з боку ўласных бацькоў ці з прычыны жыццёвых абставін засталіся адны, давайце не дадзім ім быць адзінокімі, дазволім адчуць цеплыню сямейнага ачага, як гэта робяць людзі, сабраўшыя рабят пад дахамі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у прыёмных сем’ях. Няхай на тварах дзяцей свецяцца шчаслівыя ўсмешкі!
Наталля
ХАДАКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.