Смела ісці да намечаных мэт!

«У здаровым целе — здаровы дух!» — менавіта гэты лозунг старажытнарымскага паэта Ювенала ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя быў укаранёны ў былым Савецкім Саюзе ў якасці своеасаблівага штуршка для масавага развіцця фізічнай культуры і спорту. Вось ужо шмат дзесяцігоддзяў з тых часін адзначаюць сваё прафесійнае свята спартсмены, трэнеры, выкладчыкі фізічнай культуры, усе, хто сябруе са спортам, прапагандуе і сам вядзе здаровы лад жыцця.
Спартыўнае жыццё і фізкультурны рух заўсёды з’яўляліся адной з візітных картак Кіраўшчыны. Вядучая роля ў развіцці спорту высокіх дасягненняў і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву адведзена ў раёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Аб сённяшняй рабоце ДЮСШ, здабытках і перспектывах расказвае яе дырэктар Віктар ГАЛОМЗІК:

— Фізічная культура з’яўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. У сувязі з гэтым яе кіраўніцтвам у першую чаргу звернута ўвага на падрастаючае пакаленне, для развіцця фізічных здольнасцей якога створаны і ствараюцца неабходныя ўмовы, праводзяцца масавыя спартыўныя мерапрыемствы.
Перад нашай спартыўнай школай стаіць шэраг актуальных задач, якія мы і імкнемся вырашаць.
У прыватнасці, гэта рэалізацыя дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, забеспячэнне вучэбна-трэніровачнага працэсу, дынамікі росту фізічных якасцей спартсменаў-навучэнцаў, асваенне імі асноў тэхнікі і тактыкі відаў спорту, удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, правядзенне адбору перспектыўных у спорце навучэнцаў і перадача іх у вышэйшае звяно падрыхтоўкі ў нацыянальныя зборныя каманды Рэспублікі Беларусь і інш.
Для плённай працы наша ўстанова забяспечана спартыўнай базай, кваліфікаванымі кадрамі і бюджэтным фінансаваннем. Вучэбна-трэніровачны працэс ажыццяўляецца на ўласнай і арэндаванай на бязвыплатнай аснове базе.
На бягучы момант на аддзяленнях розных відаў спорту займаецца 425 чалавек. У сёлетні летні канікулярны перыяд плануецца аздаравіць 60 школьнікаў у лагеры з дзённым знаходжаннем і 240 — у профільным. Вучаць рабят спартыўнаму майстэрству граматныя трэнеры-выкладчыкі. Адметна, што практычна ўсе яны — былыя выпускнікі спартшколы розных гадоў.
Для больш эфектыўнай падрыхтоўкі юных спартсменаў робіцца ўпор на тыя віды, работа па якіх дае плён. Базавымі відамі для ДЮСШ з’яўляюцца пяць з іх. На працягу многіх гадоў візітнай карткай школы з’яўляюцца нашы веласіпедысты. Дзякуючы намаганням трэнераў Сяргея Клімовіча і Юрыя Цішкова, у вышэйшае спартыўнае звяно з аддзялення веласпорту ДЮСШ перадаецца штогод у сярэднім па 5-7 спартсменаў. Кіраўскія веласіпедысты задаюць тон на прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Мы па праву можам ганарыцца нашымі зоркамі: адразу трое выхаванцаў ДЮСШ — Вольга Масюковіч, Яўген Шамсонаў і Раман Цішкоў — абаранялі гонар нашай краіны на чэмпіянаце свету, які праходзіў у лютым бягучага года ў Мінску.
Адно з дынамічна развіваючыхся звенняў ДЮСШ — аддзяленне валейбола. На працягу шэрагу апошніх гадоў жаночая каманда кіраўскіх юных валейбалістак пад кіраўніцтвам трэнера Сяргея Лазаковіча з’яўляецца пастаянным пераможцам і прызёрам разнастайных спаборніцтваў у вобласці, рэспубліцы, а таксама выдатна выступае на міжнародных турнірах.
Шмат увагі ў рабоце з юнымі спартсменамі надаюць трэнеры-выкладчыкі аддзялення футбола Вадзім Бокач і Валерый Галомзік. Ёсць пэўныя поспехі ў нашых лёгкаатлетаў. Аднак для больш плённай працы маецца патрэба ў спецыялістах.
Абнадзейваюць таксама вынікі работы і стаўленне да справы маладых трэнераў аддзялення цяжкай атлетыкі Кірыла Іваніцкага і Андрэя Асташова. Крокі ў адраджэнні гэтага папулярнага ў свой час на Кіраўшчыне віду спорту — відавочныя. Але і тут ёсць істотная патрэба ва ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Наогул на бягучы момант у спісах нацыянальных каманд знаходзіцца 17 спартсменаў — выхаванцаў ДЮСШ, перададзеных у вышэйшае звяно падрыхтоўкі.
Штогод спартыўная база папаўняецца новымі аб’ектамі. Да адкрытых раней міні-футбольнай пляцоўкі са штучным пакрыццём і трэнажорнай залы сёлета дадалася капітальна адрамантаваная спартыўная зала. Для развіцця вучэбна-трэніровачнай базы плануецца аднавіць і прыстасаваць будынак былога дзіцячага садка ў в.Гарадзец. Акрамя таго, мяркуецца прадоўжыць работы па ўпарадкаванні турысцкіх стаянак (адна з іх — у в.Рудня) для размя-шчэння спартыўна-аздараўленчых лагераў і адпачынку насельніцтва. Усё гэта будзем імкнуцца зрабіць пры мінімальных матэрыяльных затратах.
Эфектыўнасць работы ўстановы, яе дзейнасць нядаўна вывучалася на абласным узроўні. Прыемна адзначыць, што ДЮСШ у чарговы раз атэставана тэрмінам на чатыры гады. А гэта значыць, што рухаемся мы ў правільным накірунку.
Няхай заняткі фізкультурай і спортам дапамагаюць кожнаму набываць упэўненасць у сабе, дасягаць высокіх рэзультатаў у прафесійнай дзейнасці, смела ісці да намечаных мэт!
Аляксандр ХАХЛОЎ, намеснік дырэктара ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.