Сямейнае шчасце — ва ўласных руках

Кожны чалавек у нейкі момант свайго жыцця пачынае марыць аб уласнай сям’і. Жадае, каб сямейнае жыццё было шчаслівым і напоўненым цеплынёй і каханнем. Але што гэта значыць? Найбольш простая прыкмета сямейнага шчасця — калі хочацца вяртацца дадому, калі ў сям’і ты знаходзіш разуменне і падтрымку, адчуваеш сапраўдную радасць. Менавіта так лічаць Дзмітрый і Таццяна Лешчык з Мышкавіч, якія выхоўваюць траіх дзяцей.
Гісторыю іх кахання можна назваць “службовым раманам”. Пазнаёміліся яны ў 1998 годзе, калі Таццяна ўладкавалася на працу ў цяплічную гаспадарку СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Дзмітрый працаваў там ужо некалькі год. Маладыя пакахалі адзін аднаго, як гаворыцца, з першага позірку. Таццяне вельмі падабаўся працавіты і шчыры юнак. Праз некаторы час яны згулялі вяселле.
Зараз іх старэйшай Настассі — 18 год, Вову — 13, а малодшаму Сярожу —9. Насця — навучэнка Рагачоўскага педагагічнага каледжа, дзяўчына вельмі любіць дзяцей, таму і абрала для сябе такую спецыяльнасць. Хлопчыкі яшчэ школьнікі. Яны з задавальненнем дапамагаюць бацькам па хатняй гаспадарцы.
Дарэчы, у гэтай сям’і ўсё робяць разам: і працуюць, і адпачываюць. А больш за ўсё яны любяць выязджаць на прыроду і падарожнічаць па цікавых мясцінах Беларусі. У гэтым годзе яны плануюць з’ездзіць у Хатынь, пабываць на Кургане Славы.
Калі запыталася ў Таццяны Аляксандраўны ці думала ў юнацтве, што будзе мнагадзетнай маці, яна шчыра адказала, што ініцыятарам вялікай сям’і быў муж, ён вельмі любіць дзяцей. Але і яна ніколі не пашкадавала, што ў іх вялікая сям’я. Бо жанчына не ўяўляе жыцця без сваіх дзяцей, якія заўсёды яе падтрымліваюць і вельмі шануюць. Пасля нараджэння малодшага сыночка гаспадарка выдзеліла Лешчыкам пяціпакаёвую кватэру, бо дагэтуль ім даводзілася здымаць жыллё.
Дзмітрый і Таццяна заўсёды разлічваюць на ўласныя сілы: працуюць, трымаюць хатнюю гаспадарку. Па словах Таццяны, яе мужчыны — гэта галоўная апора ў жыцці. Муж — майстар на ўсе рукі, асабліва падабаецца яму тэхніка, таму ўласная машына заўсёды ў спраўным стане. Хлопчыкі захапляюцца спортам, малодшы займаецца веласпортам. Сама ж яна вельмі любіць расліны, таму пад вокнамі іх кватэры радуе вока прыгожы рознакаляровы кветнік. А яшчэ ўся сям’я часта збіраецца на кухні, падабаецца ім разам што-небудзь гатаваць, а самая любімая страва — “калдуны”.
У дружным і вялікім сямействе Лешчыкаў ніхто не ведае, што такое сум, адзінота і гультайства.
На пытанне, у чым жа сакрэт сямейнага шчасця, Таццяна Аляксандраўна без лішняга роздуму адказала: “Сакрэт просты — гэта каханне і дабрыня, без якіх нельга гадаваць дзяцей, цаніць адзін аднаго. А яшчэ трэба навучыцца паважаць кожнага ў сям’і, як асобу”.
На думку жанчыны, іх адносіны будаваліся і будуюцца на пачуццях, без якіх не можа быць шчаслівага шлюбу: каханні, даверы, узаемапавазе і ўзаемаразуменні.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.