«Ты і я — мы з табой амаль аднолькавыя сабой…»

Фестываль блізнят, двайняшак, трайняшак упершыню прайшоў у Кіраўску і адразу стаў практычна міжраённым…
Блізняты, двайняты, трайняты і г.д… Яны — дзіўны падарунак, які прырода зрабіла іх бацькам і ўсім нам, асабліва тым, хто развучыўся бачыць цуд у мітусні штодзённасці, радавацца праяўленню жыцця ва ўсёй яго разнастайнасці. Здавалася б, якіх толькі цудаў ні бывае на свеце, аднак з’яўленне на свет ад адной маці практычна адначасова двух, трох і больш немаўлят — адно з самых незвычайных!
Самы высокі працэнт нараджэння блізнятаў зафіксаваны ў бразільскім горадзе Кандзіду-Гадой, які па гэтай прычыне стаў называцца “Сусветнай сталіцай блізнятаў”. Аднак і ў нашым рэгіёне некаторым бацькам выпадае двайное, а тое і трайное шчасце!
У мінулую суботу, 18 мая, калектыў раённага Дома культуры вырашыў сабраць падобных непадобнасцей разам на фестываль пад аднайменнай назвай, прымеркаваны да Дня сям’і. А чаму такая назва? Вядома, што пры знешнім падабенстве кожны з блізнят — індывідуальнасць, асоба. Спонсарамі свята сталі раённая арганізацыя ГА “Беларускі Фонд міру” і райспажыўтаварыства. Завітаўшыя на мерапрыемства гледачы ад сустрэчы з такім цудам прыроды атрымалі адпаведна двайную і нават трайную радасць.
У пачатку фестывалю вядучыя прапанавалі гледачам уявіць, што яны знаходзяцца на борце зорнага лайнера, які падарожнічае па касмічных прасторах да сузор’я Блізнятаў. На месцы дыслакацыі прысутных сустрэлі касмічныя карэспандэнты, якія суправаджалі іх падчас падарожжа і знаёмілі з насельнікамі гэтага незвычайнага сузор’я.
Першымі зорны парад блізнятаў распачалі госці з Клічава Таццяна і Ганна Малентовічы. Асабліва гучнымі апладысментамі сустракалі гасцей з Бабруйска: матулю Таццяну Хамічэнка разам з яе 2,5-гадовымі сынамі-трайнятамі Матвеем, Кірылам і Арцёмам. Шмат зорных пар прыбыло на фестываль з нашага раёна: садкоўцы Віка і Ніка Якімчанкі з матуляй Марынай, школьнікі Раман і Насця Лук’янавы, Андрэй і Аляксей Скудныя — першы працуе будаўніком, другі — слесарам на біягазавай устаноўцы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, Мікалай і Віктар Цішковы, якія працуюць слесарамі на “рассветаўскім” цяплічным камбінаце.
Усім вядома, што блізняты і двайняты знешне падобныя адзін на другога, а вось як яны думаюць, якія ў іх сімпатыі і антыпатыі, як павядуць сябе ў аднолькавых сітуацыях? Для іншых гэта сакрэт. Вядучыя прапанавалі гледачам фестывалю бліжэй пазнаёміцца з яго ўдзельнікамі. Парам задавалі адно і тое ж пытанне. Так, Таццяне і Ганне было прапанавана паразважаць над сітуацыяй: пасля ўдзелу ў фестывалі дзяўчатам прапанавалі што-небудзь прарэкламаваць, Таня рэкламавала б касметыку, а Аня — моднае адзенне. Андрэю і Аляксею Скудным прапанавалі быццам бы прыняць удзел у шоў “Апошні герой для блізнятаў” і ўзяць з сабою на незаселены востраў усяго толькі адзін прадмет. Высветлілася, што Андрэй узяў бы запалкі, а Аляксей — нож. Маленькія Віка і Ніка Якімчанкі абедзве любяць глядзець мульцікі і абедзве пра ляльку Барбі. На дзень нараджэння Раман Лук’янаў падарыў бы сваёй сястрычцы Настассі коціка, а яна браціку — сабачку. Калі б у Мікалая і Віктара Цішковых нарадзіліся блізняты, то Мікалай назваў бы іх Валянцінам і Арцёмам, а Віктар — Сярожам і Сямёнам. Дарэчы, цікавы факт: першынцы-дачушкі ў гэтых мужчын нарадзіліся з розніцай усяго 10 дзён, і нават імёны мужчыны хацелі ім даць аднолькавыя, але потым адну дзяўчынку назвалі Настассяй, а другую — Вольгай.
Падчас фестывалю “Падобныя непадобнасці” гледачы даведаліся, што Ганна Малентовіч аддае перавагу блакітнаму колеру ў адзенні, а яе сястра Таццяна любіць чытаць Дастаеўскага. Любімым школьным прадметам у Насці Лук’янавай з’яўляецца чытанне, а яе брат Рома ў вольны час любіць глядзець мультфільмы. Андрэй і Аляксей Скудныя абодва захапляюцца футболам, хварэюць за аднолькавыя каманды. А сярод захапленняў Мікалая і Віктара Цішковых — рыбалка. Віктар памятае, што самы лепшы ўлоў яго брата — шчупак вагой 3200 г. А ў якасці ежы паміж мясам і рыбай Мікалай аддасць перавагу мясу.Сапраўды, падобныя непадобнасці…
Клічаўскія госці Таццяна і Ганна падрыхтавалі гледачам і ўдзельнікам фестывалю цікавыя сюрпрызы: выпечку і вырабы, прыгатаваныя сваімі рукамі, яскравае тэатралізаванае прадстаўленне.
Напрыканцы фестывалю блізняты, двайняты і трайняты пад бурныя апладысменты ўзняліся на сцэну. Іх вітала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова, якая адзначыла, што гэтыя зорныя пары — і сапраўды цуда прыроды. Падзякавала за ўдзел у фестывалі, пажадала моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту і ўручыла дыпломы фестывалю і сувеніры.
Кожная пара удзельнікаў фестывалю ад самага маленькага ўзросту да саліднага па-свойму зачаравала гледачоў: сваім адзеннем, характарамі і ўсмешкамі. Які ж гэта незвычайны і цікавы цуд прыроды — блізняты, дваняты, трайняты і г.д!
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.