“Воіны-інтэрнацыяналісты — салдатам Перамогі”

7 мая ў Кіраўску ля памятнага знака воінам, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак пры ліквідацыі лакальных канфліктаў, быў дадзены старт аўтапрабегу па месцах баявой славы Магілёўскай вобласці “Воіны-інтэрнацыяналісты — салдатам Перамогі”.
Вялікая Айчынная вайна і падзеі вайны ў Афганістане паступова адыходзяць у мінулае, становяцца старонкамі гісторыі, аднак памяць патомкаў аб іх не згасае. Члены раённых арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Магілёўскай вобласці выступілі з ініцыятывай ушанаваць памяць загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай і сваіх таварышаў падчас баявых дзеянняў на афганскай зямлі сімвалічным аўтапрабегам. Ініцыятыва была актыўна падтрымана кіраўніцтвам вобласці і раёнаў Магілёўшчыны.
І вось сонечнай майскай раніцай у Кіраўску на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным старту аўтапрабегу і 68-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, сабраліся дэлегацыі з ліку былых воінаў-інтэрнацыяналістаў нашага, Быхаўскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Краснапольскага раёнаў, вучні СШ №1 і гімназіі г.Кіраўска, ліцэя №15, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў.
Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, які адзначыў, што воіны-інтэрнацыяналісты павінны пераняць у ветэранаў і ўдзельнікаў Вляікай Айчыннай вайны эстафету патрыятычнага выхавання моладзі. Сёння, як ні сумна канстатаваць, іх становіцца ўсё менш. Воінам-інтэрнацыяна-лістам трэба данесці да падрастаючага пакалення, што такое вайна, расказаць аб воінскім гонару і сапраўдным сяброўстве.
Прысутныя былыя воіны-афганцы з сур’ёзнымі, засяроджанымі тварамі і ледзь прыкметным бляскам слёз у вачах уважліва слухалі выступаючых, пранікнёныя вершы аб падзеях афган-скай вайны ў выкананні вучняў СШ №1. Некаторыя з воінаў-інтэрнацыяналістаў былі апрануты ў ваенную форму, якая памятае іх бязвусымі юнакамі, па волі лёсу трапіўшымі на далёкую зямлю, горача абапальваючую спякотным сонцам і жахам баявых дзеянняў.
Старшыня Быхаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Міхаіл Карзо адзначыў: “Нам прыемна, што кіраўская зямля сустрэла нас з цеплынёй, адкрытым сэрцам. Хочацца падзякаваць кіраўніцтву вобласці, старшыням выканкамаў раёнаў- удзельнікаў аўтапрабегу, лідарам афганскага руху, актывістам ідэалогіі гэтай работы і ўсім, хто прыклаў намаганні для таго, каб наш прабег ажыццявіўся. Прыемна бачыць твары былых баявых сяброў. Спадзяюся, што ў будучым аўтапрабег пашырыцца, яшчэ больш былых воінаў-інтэрнацыяналістаў прымуць у ім удзел”.
Шчаслівага шляху ўдзельнікам аўтапрабегу ад імя моладзі Кіраўшчыны пажадаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі: “Схіляем галовы перад вашай мужнасцю і стойкасцю, якія для нас заўсёды будуць прыкладам гераізму і патрыятызму”.
Памяць аб тых, хто загінуў на ваенных дарогах, ушанавалі мінутай маўчання. Да памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам былі ўскладзены вянкі і кветкі.
Удзельнікі аўтапрабегу “Воіны-інтэрнацыяналісты — салдатам Перамогі” занялі месцы ў эскорце. Аўтакалона рушыла па маршруце: Кіраўск — Быхаў — Слаўгарад — Чэрыкаў і фінішавала 8 мая ў Краснаполлі. Па шляху следавання воіны-інтэрнацыяналісты ўскладалі кветкі да помнікаў паўшых герояў, наведвалі мясціны баявой славы.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.